Вы тут

Мінскі міжнародны Калядны оперны форум восьмы раз запрашае гасцей


VІІІ Мінскі міжнародны Калядны оперны форум, які традыцыйна ладзіцца ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі ў снежні, штогод збірае вядомых оперных спевакоў з усяго свету. Генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Уладзімір Грыдзюшка падчас прэс-канферэнцыі расказаў, што ўвесь час свайго існавання калядны форум прытрымліваецца адзінага фармату: на сцэне ідуць прэм'ерныя спектаклі. За адным выключэннем: штогод у праграму традыцыйна ставяць оперу Жоржа Бізэ «Кармэн», з якой пачалася гісторыя тэатра. Падчас восьмага форуму Вялікі тэатр Беларусі прадэманструе тры прэм'еры бягучага года і адну пастаноўку ад артыстаў Падляскай оперы і філармоніі (Еўрапейскі цэнтр мастацтваў у Беластоку).


Распачне Оперны форум — 2017 «Чароўная флейта» В. А. Моцарта. Прэм'еру рыхтавала міжнародная каманда, якую ўзначальваў рэжысёр-пастаноўшчык Ханс Ёахім Фрай (знаёмы беларускаму гледачу па «Лятучым галандцу» Р. Вагнера). Партыі Царыцы ночы праспявае ўладальніца ганаровага тытула «Спявак свету» (перамога на міжнародным конкурсе оперных спевакоў Бі-Бі-Сі ў Кардыфе), двойчы лаўрэат Расійскай нацыянальнай тэатральнай прэміі «Залатая маска» Надзея Кучар: артыстка прызналася, што з нецярпеннем чакае свой выступ у «Чароўнай флейце», бо заўсёды марыла ўвасобіць Царыцу ночы ў спектаклі. Убачаць гледачы і прэм'еру ад галоўнага рэжысёра Вялікага тэатра Беларусі Міхаіла Панджавідзэ «Сельскі гонар» (у ролі Турыда выступіць заслужаны артыст Расіі Ахмед Агадзі, Марыінскі тэатр).

«Кармэн» гэтым разам будзе паказана ў «польскай версіі»: беларусы сустрэнуцца з інтэрпрэтацыяй вядомай оперы ад рэжысёра Беаты Рэда-Добер ды артыстаў Падляскай оперы і філармоніі. Галоўную партыю выканае заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Аксана Волкава (дарэчы, за сваю Кармэн спявачка атрымала ўзнагароду ІV Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў намінацыі «Найлепшая жаночая роля ў спектаклі оперы»). Нягледзячы на тое, што Аксана Волкава прымерыць ролю іспанскай спакусніцы ўжо 16-ы раз, можна чакаць сюрпрызаў: запрошаны тэатр моцна асучасніў «Кармэн».

— Наш міжнародны оперны форум становіцца знакавай падзеяй для вакалістаў усяго свету, — адзначыла Аксана Волкава. — Выдатна, што ў Вялікім тэатры Беларусі ладзіцца і Мінскі міжнародны Калядны конкурс вакалістаў — оперны конкурс найвышэйшага ўзроўню, на які прыязджаюць таленавітыя маладыя спевакі, што займаюць прыкметныя месцы на сцэнах вядомых еўрапейскіх і амерыканскіх тэатраў. Выканаўцы, якія прайшлі гэтую школу, застаюцца нашымі сябрамі і часта вяртаюцца ў Вялікі тэатр Беларусі.

За асучасненай «Кармэн» гледачам прапануюць паглядзець асучасненую «Травіяту» ў пастаноўцы латвійскага рэжысёра Андрэйса Жагарса. Новы беларускі варыянт шэдэўра італьянскай оперы пакажуць шосты раз. Партыі Альфрэда і Жэрмона выканаюць Юрый Гарадзецкі ды Уладзімір Пятроў, Віялету Валеры ўвасобіць Надзея Паўлава, уладальніца Гран-Пры Мінскага конкурсу вакалістаў — 2015. Заключным акордам форуму стане гала-канцэрт зорак сусветнай оперы, дзе беларускі глядач сустрэнецца з вядомымі выканаўцамі і пераможцамі ІV Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў. На сцэну выйдуць 22 салісты з 15 краін свету, сярод якіх выступяць і трыумфатары каляднага конкурсу вакалістаў мінулага года Тыгран Аганян (Арменія) і Андрэй Немзер (Расія): Вялікі тэатр Беларусі, як і яго глядач, заўсёды памятае сваіх герояў.

Дар'я ЧАРНЯЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Опера ў імёнах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».