Вы тут

Рэктар БДУІР: Для пабудовы ІТ-краіны ў нас ёсць усё


Больш шчыльную сувязь універсітэцкай і акадэмічнай навукі рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Міхаіл БАТУРА лічыць абавязковай умовай для дасягнення мэт, закладзеных у праект стратэгіі «Навука і тэхналогіі: 2018—2040».


— Для пабудовы ІТ-краіны ў нас ёсць усё: у Беларусі паспяхова дзейнічае Парк высокіх тэхналогій, наладжана сістэма падрыхтоўкі кадраў. Мадэль «Беларусь інтэлектуальная» прадугледжвае поўнафарматнае ўкараненне лічбавых тэхналогій і развіты нанаіндустрыяльны комплекс на базе найноўшага тэхналагічнага пакета (нана-, бія-, ІТ- , адытыўных тэхналогій...) Фактычна ўсе перспектыўныя напрамкі, якія пазначаны ў стратэгіі, тым ці іншым чынам датычацца нас: нанатэхналогіі і нанаматэрыялы, мікра- і нанаэлектроніка, ІТ-галіна, штучны інтэлект, робатызацыя, радыёінфарматыка... Ад таго, якіх спецыялістаў мы падрыхтуем сёння, будзе залежаць, наколькі хутка мы будзем рухацца да акрэсленых у стратэгіі задач, — падкрэсліў Міхаіл Батура. — У новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, якую мы вельмі чакаем, будзе замацавана шматступенчатасць вышэйшай школы, а таксама магчымасць для арганізацыі новых формаў адукацыйнага працэсу — такіх як дыстанцыйнае навучанне (зараз яно існуе толькі як адна з формаў завочнага навучання, а не як самастойная форма) і сеткавае ўзаемадзеянне. У прыватнасці, сеткавае ўзаемадзеянне дазволіць розным установам адукацыі ажыццяўляць сумесную падрыхтоўку спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй як у рамках двайных дыпломаў, так і ў рамках адукацыйных кластараў. Акрамя таго, мы вельмі чакаем пашырэння акадэмічнай аўтаномнасці ВНУ. Абавязковы кампанент будзе складаць у адукацыйных праграмах бакалаўрыяту да 50 працэнтаў. Астатнія 50 працэнтаў зместу будуць фарміраваць непасрэдна ВНУ з улікам тых задач, якія мы вырашаем ва ўзаемадзеянні з заказчыкамі кадраў. А ў магістарскіх адукацыйных праграмах на ўзроўні стандарту будзе фіксавацца і ўвогуле толькі 30 працэнтаў іх напаўнення. А 70 працэнтаў — аддаецца ВНУ.

Па словах Міхаіла Батуры, у стратэгіі згадваецца неабходнасць пераходу да новага пакалення стандартаў вышэйшай школы: «Зараз мы працуем над адукацыйнымі стандартамі 3+, мэта якіх забяспечыць падрыхтоўку спецыялістаў, здольных да самастойнай навукова-даследчай, праектна-канструктарскай і інавацыйнай дзейнасці. Пры іх распрацоўцы ставіцца таксама задача сфармуляваць кампетэнцыі для бакалаўраў і магістраў: універсальныя — для ўсіх, базавыя прафесійныя — для бакалаўраў, паглыбленыя прафесійныя — для магістраў і спецыялізаваныя. Спецыялізаваныя кампетэнцыі будуць вызначацца ўстановамі вышэйшай адукацыі з улікам патрабаванняў рынку працы, кансультацый з аб'яднаннямі работадаўцаў, з улікам замежнага досведу і прыцягнення іншых крыніц» .

— Над чым нам яшчэ трэба папрацаваць, дык гэта над прафарыентацыяй моладзі, — дадаў рэктар БДУІР, — паколькі ў прыярытэтах абітурыентаў на першым месцы традыцыйна стаяць ІТ-спецыяльнасці, а нанатэхналогіі іх цікавяць у меншай ступені. Вядома, падчас вучобы погляды ў студэнтаў змяняюцца, а калі даходзіць справа да размеркавання, то выпускнікі па нанапрофілі разбіраюцца наймальнікамі ўмомант. Напэўна, нам трэба больш актыўна працаваць у гэтым напрамку, каб моладзь загадзя ведала і пра перспектывы галіны, і пра свае ў ёй перспектывы...

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Кадры для «Беларусі інтэлектуальнай»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?