Вы тут

Дзяўчаты вярнулі сабе званне «Студэнт года»


Уладальніцай ганаровага тытулу «Студэнт года –2017» стала другакурсніца філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандра РАДКОВІЧ. Пяць хлопцаў і пяць дзяўчат аспрэчвалі гэта званне ў фінале рэспубліканскага конкурсу, які прайшоў у сталіцы ў сценах Нацыянальнай бібліятэкі.  А ўсяго ў  адборачных турах, якія адбыліся ў 42 ВНУ,  узялі ўдзел 292 студэнта.


 

Фінал у гэтым годзе быў аб’яднаны агульнай тэматыкай «Беларусь – крыніца натхнення».  Але толькі Аляксандра Радковіч, будучы настаўнік  беларускай мовы і літаратуры, адзіная з фіналістаў аказалася верная роднай мове ад пачатку і да канца.  З журналістамі пасля сваёй перамогі яна таксама размаўляла толькі на мове. Прызналася: «У мяне ёсць цікавы, на мой погляд, праект, скіраваны на папулярызацыю беларускай мовы і беларускай культуры сярод моладзі праз сучасныя віды мастацтваў. І таму ў наступным годзе я хачу прадставіць яго ў рэспубліканскім конкурсе «100 ідэй для Беларусі».

 У людзях Аляксандра цэніць, перш за ўсё, шчырасць, бо яе не купіш ні за якія грошы. Другая якасць – гэта ўпэўненасць у сабе, бо яна патрэбная як у паўсядзённым жыцці, так і ў асабліва адказныя моманты. І трэцяя якасць – гэта творчасць. «Люблю творчых асоб, яны заўсёды натхняюць мяне на новыя адкрыцці», – прызналася яна.

На другім месцы пасля падсумоўвання ацэнак журы аказаўся курсант чацвёртага курса факультэта міліцыі Магілёўскага інстытута МУС Максім ПАТАРАНКА.  «Я не толькі будучы страж правапарадка, які «ЗАЎСЁДЫ Ў ФОРМЕ», але і вельмі цікавая, творчая асоба, якая марыць стаць сапраўдным ГЕНЕРАЛАМ!», – жартуе ён сам пра сябе.

Трэцяе месца – у студэнта другога курса факультэта эканомікі і бізнес-кіравання Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Руслана НОВІКАВА. «Я чалавек творчы, таму і гляджу на свет праз прызму мастацтва, – канстатуе хлопец. – Ніколі нельга губляць аптымізму і пачуцця гумару. Дабрыню, шчырасць, бескарыслівасць і спагадлівасць – цаню ў людзях больш за ўсё. Лічу, што ў жыцці чалавек не павінен спыняцца на дасягнутым. Быць пастаянна ў руху, адкрываць для сябе новыя сферы жыцця, ставіць мэты і іх дасягаць – залог майго поспеху. А ўдзел у конкурсе «Студэнт года» – гэта яшчэ адзін верны крок на шляху да самаўдасканалення».

Арганізатарам праекта, скіраванага на развіццё лідарскіх якасцей і  падтрымку творчага патэнцыялу студэнцкай моладзі, выступае Беларускі  рэспубліканскі саюз моладзі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі нашай краіны . Конкурс праводзіцца пачынаючы з 2011 года: за мінулы час тытул «Студэнт года» пяць разоў запар даставаўся дзяўчатам. Невыпадкова жартавалі, што трэба перайменаваць конкурс у «Студэнтку года». Летась гэту традыцыю перарваў Дзмітрый Куксо – студэнт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.  Сёлета ён быў запрошаны ў журы. Але, нягледзячы на даволі моцную канкурэнцыю ў фінале з боку мужчын, дзяўчаты зноў вярнулі сабе «пальму першынства».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.