Вы тут

Якім чынам вяртаць на радзіму страчаныя культурныя каштоўнасці?


У Беларусі няшмат мясцін, здольных паспрачацца сваёй вядомасцю з Мірскім замкам. Для многіх замежных турыстаў знаёмства з нашай краінай пачынаецца якраз з чырвона-белых вежаў. Не дзіўна, што выязное пасяджэнне Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах таксама прайшло ў культурным сэрцы пасёлка Мір. Тэмай абмеркавання стала магчымасць выкарыстання патэнцыялу гістарычнай і культурнай спадчыны для ўмацавання міжнароднага іміджу Рэспублікі Беларусь.


Чысценька, але бедненька?

Нягледзячы на крызісы, людзям усё роўна даспадобы падарожнічаць. Сёння міжнародны турызм складае 7 працэнтаў у агульным экспарце тавараў і паслуг, на яго долю выпадае 10 працэнтаў сусветнага ВУП.

Беларусь — зручная для вандроўнікаў краіна. Сюды лёгка трапіць на большасці відаў транспарту, да таго ж тут існуе практыка бязвізавага ўезду.

Разам з тым у замежных гасцей існуе шэраг стэрэатыпаў пра Сінявокую, самыя папулярныя з іх агучыла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па міжнародных справах Вольга Папко. Напрыклад: «Беларусь — апошні «кавалак» СССР», «у беларусаў існуе культ Вялікай Айчыннай вайны», «беларусы не маюць нацыянальных сімвалаў, яны карыстаюцца сваёй мовай, замяняючы яе на рускую».

— Вядома, хочацца, каб пра нас думалі зусім іншае, — падсумавала парламентарый. — Трэба даказаць замежным гасцям, што мы жывём у еўрапейскай краіне, якая захоўвае частку еўрапейскай гісторыі, маем старажытную дзяржаўнасць, паважаем сваю спадчыну, шануем і адбудоўваем помнікі. І паспрыяць зменам у стаўленні турыста да Беларусі, на маю думку, можна якраз праз задзейнічанне гісторыка-культурных аб'ектаў.

Як правіла, турысты прыязджаюць у краіну з нейкім базавым яе веданнем, хай нават на ўзроўні «нешта прачытаў» або «пачуў ад знаёмага». І перад работнікамі музеяў, экскурсаводамі паўстае задача: «улюбіць» наведвальніка ў мясціну. Гід з валоданнем замежнымі мовамі, аўдыязапіс экскурсіі або буклет дазволяць госцю з камфортам успрымаць інфармацыю на роднай для яго мове. Таксама патрэбны даступныя сувенірныя крамы з сімволікай або атрыбутыкай музея.

Трэцім важным складнікам, на думку Вольгі Папко, з'яўляюцца самі экспанаты:

— Прывяду прыклад. У часы маёй работы ў Мірскім замку пачула размову дзвюх жанчын. Адна з іх пасля наведвання экспазіцыі сказала: «Тут гэтак жа, як паўсюдна ў Беларусі, — чысценька, але бедненька». Быў 2012 год. З таго часу музейная экспазіцыя замка значна змянілася, але фраза засталася ў памяці. Людзі не хочуць глядзець на фотаздымкі прадметаў — ім цікава пабачыць саму гісторыка-культурную каштоўнасць. Чым больш іх захоўваецца ў музеях, тым большы прэстыж набывае краіна.

Я твайго не вазьму і свайго не аддам

І тут паўстаюць пытанні рэстытуцыі — вяртання гістарычных і культурных каштоўнасцяў на радзіму. Справа ў тым, што новы «Кодэкс Беларусі аб культуры» змяшчае артыкул, які датычыцца неабходнасці вяртання культурнай спадчыны. Таксама ў кодэксе запісаны правы і абавязкі, якія атрымлівае камісія па вяртанні. Але сам механізм, па якім павінна дзейнічаць камісія ў выпадку, калі нешта будзе знойдзена, адсутнічае. Вольга Папко адзначыла, што ініцыятыўная група ўжо пачала работу над дапрацоўкамі ў кодэкс, якія можна было б прапанаваць у якасці дапаўненняў.

Ігар Марзалюк, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы, звярнуў увагу на захаванне статусу некаторых каштоўнасцяў, як аб'ектаў, што адносяцца непасрэдна да беларускага культурнага здабытку.

— Безумоўна, існуе агульная культурная спадчына, але трэба мець павагу да суседзяў, асабліва калі некалькі краін прэтэндуюць на помнік як на нацыянальную спадчыну. Гэта не значыць, што трэба закідваць «канкурэнтаў» нотамі пратэсту. Прапаную акцэнтаваць увагу на тых аспектах ідэнтычнасці, якія належаць толькі беларусам, аднак без адрыву ад агульнага гістарычнага кантэксту.

У прыватнасці, старшыня Пастаяннай камісіі прапанаваў некалькі знакавых мясцін, на аснове якіх можна актывізаваць такую дзейнасць. Гэта Хатынь, Курапаты і Бяроза-Картузская. Там адбываліся важныя для беларусаў падзеі, і гісторыя месцаў дазволіць арганізаваць сумесную работу з расіянамі, украінцамі, палякамі. Такім чынам можна не толькі адсачыць гісторыю нашай дзяржаўнасці, але і зняць завесы недасведчанасці, спекуляцый на мінулым.

— Міністэрства замежных спраў рэгулярна ставіць пытанне аб вяртанні гістарычных каштоўнасцяў падчас сустрэч з расійскім бокам. У прыватнасці, існуе праграма сумесных дзеянняў у галіне міжнароднага супрацоўніцтва. У мінулым годзе мы паспрабавалі паставіць у тэматыку перагавораў абмеркаванне пытання сумеснай работы па выяўленні агульных культурна-гістарычных каштоўнасцяў і сумесным іх выкарыстанні. Думаю, што нейкі адказ на прапанову можна будзе атрымаць ужо ў красавіку — маі, — лічыць Ларыса Бельская, начальнік галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Дарэчы, што датычыцца сумеснай работы Беларусі і іншых краін, то мы ўдзельнічаем ва ўсіх асноўных канвенцыях ЮНЕСКА ў галіне культуры. Магчыма, у будучыні ў транснацыянальную намінацыю трапіць і частка праспекта Незалежнасці ў Мінску — як прыклад пасляваеннай сацыялістычнай архітэктуры. Ёсць магчымасць таго, што пад міжнароднай аховай апынецца такі нематэрыяльны аб'ект, як Будслаўскі фэст. У спіс памятных дат ЮНЕСКА былі ўключаны і мерапрыемствы, прымеркаваныя да юбілеяў Францыска Скарыны і Ігната Дамейкі.


Ігар МАРЗАЛЮК, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры, навуцы:

— Калі мы гаворым пра імідж краіны, то павінны звярнуцца і да рэгулявання экскурсійнай дзейнасці. Мне неаднаразова даводзілася чуць заўвагі прафесійных экскурсаводаў наконт таго, што ў нас няма парадку ў арганізацыі экскурсійнага суправаджэння. Інакш кажучы, турыстычныя групы выязджаюць і ходзяць, дзе захочацца, гіды расказваюць турыстам што хочуць, хоць часам нават не маюць прафесійнай акрэдытацыі. У той жа час у Італіі ці, нават бліжэйшай да нас, Літве існуюць зацверджаныя, вывераныя і дакладныя маршруты і пэўны кантэнт для кожнай экскурсіі. Не думаю, што такі падыход прыраўноўваецца да цэнзуры. Проста гасцям трэба даваць дакладныя, пацверджаныя даследчыкамі факты.

Марына МАСТАШОВА, кансультант дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь:

— На маю думку, у Беларусі ўсё яшчэ не хапае інфармацыйных шчытоў, паказальнікаў, у тым ліку з выкарыстаннем лацінскай транскрыпцыі. Патрабуе аператыўнага вырашэння пытанне абслугоўвання ў музеях. Цудоўна, калі на знакавых аб'ектах ёсць супрацоўнікі, якія валодаюць замежнай мовай, запісаны аўдыягіды і гэтак далей. Але для большасці рэгіянальных музеяў такі падыход пакуль што застаецца марай.

Трэба адзначыць, што часта экскурсійныя маршруты застаюцца неабсталяванымі. Няма паркоўкі для аўтобусаў побач з аб'ектам, адсутнічаюць сувенірны кіёск, бістро, месцы грамадскага карыстання. Не хапае банкаматаў, і гэта сапраўды крыўдна. Уявіце, што замежны турыст, які прыехаў на Лінію Сталіна, хоча скарыстацца платнымі паслугамі, напрыклад пакатацца на танку, але магчымасці зняць або абмяняць грошы паблізу няма. У выніку мы губляем прыбытак.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

yurgel@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Што ў спадчыне табе маёй?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».