Вы тут

«Навука і тэхналогіі: 2020—2040» — дакумент прагнастычнага характару»


— Стратэгія «Навука і тэхналогіі: 2020—2040» — не нарматыўны дакумент, а дакумент прагнастычнага характару, які дазваляе акрэсліць контуры будучыні Беларусі, той будучыні, куды мы ўсе павінны скіраваць свае погляды. Фактычна гэта канцэпцыя фарміравання Беларусі інтэлектуальнай, — паведаміў у сваім выступленні перад дэлегатамі ІІ з'езда вучоных, які ўчора распачаў сваю работу ў Мінску, дырэктар Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі Валерый ГАНЧАРОЎ. — У стратэгіі прапісаны асноўныя вектары, механізмы і інструменты дасягнення пастаўленай мэты. Галоўнае — яна вызначае прыярытэты нашага развіцця на найбліжэйшую перспектыву, якія дазволяць дасягнуць высокіх тэмпаў росту эканомікі, якасці жыцця насельніцтва і канкурэнтаздольнасці нашай краіны ў свеце.


Паўза паміж першым і другім з'ездамі навукоўцаў склала дзесяць гадоў. Гэта было дзесяцігоддзе бурнага развіцця тэхналогій у свеце і з'яўлення новых кірункаў. У першы дзень работы з'езда дэлегаты працавалі ў дзевяці секцыях: «Фізіка і інфарматыка ў тэхналогіях будучыні», «Тэхнічныя навукі — Індустрыя 4.0», «Сучасная хімія і рацыянальнае прыродакарыстанне», «Сучасныя біятэхналогіі», «Медыцынскія і фармацэўтычныя навукі», «Айчынная гуманітарыстыка — грамадству», «Інавацыйны аграпрамысловы комплекс» і «Моладзь і новыя гарызонты навукі».

У сваім выступленні на секцыі «Сучасныя біятэхналогіі» акадэмік-сакратар Аддзялення біялагічных навук НАН Беларусі Міхаіл НІКІФАРАЎ паведаміў, што беларускія навукоўцы працуюць сёння над наначасціцамі для адраснай дастаўкі лекаў у арганізм чалавека. «Навука ўскладае вялікія надзеі на біятэхналогіі не толькі ў плане стварэння новых лекавых прэпаратаў, але і ў плане распрацоўкі новых спосабаў іх дастаўкі ў наш арганізм. Агульнавядома, што лячэнне шматлікіх хвароб суправаджаецца пабочнымі эфектамі. Лекавая субстанцыя ў арганізме на нешта ўздзейнічае ў патрэбным кірунку, да прыкладу, на ракавыя клеткі, але пры гэтым яна ўздзейнічае на іншыя клеткі, — растлумачыў ён. — Беларускія біяфізікі і біяхімікі распрацоўваюць рэчывы, якія спросцяць адрасную дастаўку лекавых рэчываў менавіта ў патрэбныя (хворыя) клеткі, не закранаючы іншыя. Гэта мае велізарнае значэнне, і магу з упэўненасцю сказаць, што мы знаходзімся ў сусветным трэндзе развіцця навукі».

Міхаіл Нікіфараў падкрэсліў, што біятэхналогіі прымяняюцца ў многіх сферах жыццядзейнасці чалавека (медыцыне, энергетыцы, харчовай прамысловасці, сельскай гаспадарцы) і маюць вялікія эканамічныя перспектывы. Толькі за апошнія дзесяць гадоў навукоўцы Інстытута мікрабіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук ажыццявілі больш за 50 распрацовак сусветнага ўзроўню.

У секцыі, прысвечанай маладзёжнай навуцы, прыняў удзел міністр адукацыі нашай краіны Ігар КАРПЕНКА.

— Ва ўстановах вышэйшай адукацыі вядзецца сістэмная работа па ўключэнні студэнцкай моладзі ў навукова-даследчую дзейнасць, — паведаміў кіраўнік галоўнага адукацыйнага ведамства. — Найлепшыя студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі, інтэлектуальныя і творчыя аб'яднанні студэнтаў маюць магчымасць атрымаць фінансавую падтрымку ад спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Акрамя гэтага, лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта аказваецца сацыяльная падтрымка. Гэта і павышаная стыпендыя, і перавага пры размеркаванні, і ўключэнне па-за чаргой у спісы на атрыманне льготных крэдытаў для набыцця жылля...

Разам з тым патрабуюцца дадатковыя стымулы для прытоку ў сферу навукі маладых кадраў, у тым ліку маладых кадраў найвышэйшай кваліфікацыі. Вывучыўшы міжнародны вопыт, Міністэрства адукацыі сумесна з Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях прапрацоўвае пытанне прававой магчымасці ўвядзення базавага фінансавання навукі ва ўстановах вышэйшай адукацыі. «Гэта дасць ВНУ права самастойна распараджацца сродкамі і вызначаць у якасці прыярытэтных кірункаў расходавання фінансаў не толькі ўласна навуковыя даследаванні, але і стымуляванне студэнцкіх навуковых аб'яднанняў, аплату ўдзелу студэнтаў і супрацоўнікаў ВНУ ў канферэнцыях, закупку абсталявання і расходных матэрыялаў для навуковых даследаванняў, якія праводзяць студэнты, а таксама на іншыя мэты», — паведаміў міністр.

Таксама Міністэрства адукацыі прапрацоўвае пытанне аб выдзяленні крэдыту Сусветнага банка на мадэрнізацыю вышэйшай адукацыі Беларусі. У выпадку станоўчага вырашэння пытання сродкі будуць накіраваны на развіццё інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і інавацыйнай інфраструктуры ўстаноў вышэйшай адукацыі і рэалізацыю канцэпцыі «Універсітэт 3.0». У сваю чаргу, укараненне ў практыку мадэлі «Універсітэт 3.0» прывядзе да станаўлення новай фармацыі ўніверсітэта, захавае моладзь ва ўніверсітэцкай навуцы і павысіць канкурэнтаздольнасць вышэйшай адукацыі ў сусветнай адукацыйнай прасторы.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Беларусь інтэлектуальная

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».