Вы тут

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прэм'ер-міністрам Малдовы


Апошнія гады адносіны з гэтай постсавецкай краінай характарызуюцца інтэнсіўнасцю кантактаў. Кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ўжо сустракаўся сёлета — у чэрвені — з прэм'ер-міністрам Малдовы Паўлам Філіпам, а ў ліпені была рабочая сустрэча з Прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам. На гэтым тыдні кіраўнік малдаўскага ўрада зноў прыбыў у Мінск, каб прыняць удзел у пасяджэнні двухбаковай міжурадавай камісіі.


Як адзначыў беларускі лідар, краіны знаходзяцца блізка адна ад адной, таму кантакты могуць быць яшчэ больш актыўнымі. Тым больш што ў Беларусі ёсць вялікі інтарэс да развіцця адносін з Малдовай, а Малдова зацікаўлена ў супрацоўніцтве з намі.

— Скажу шчыра, часта думаю пра былыя саюзныя рэспублікі, — прызнаўся кіраўнік нашай краіны. — Я ўжо казаў, што ў Малдове бываў не адзін раз у тыя часы: прыгожы край, які квітнее. Цудоўныя людзі, такія, як беларусы, працалюбівыя. Добрыя землі. У нас у плане тэхнікі, якая патрэбна вам, шмат чаго ёсць. Уся праблема ў тым, што ў нас няма такіх земляў і такога клімату, а ваша праблема ў тым, што ў Савецкім Саюзе ўсё машынабудаванне фактычна было сканцэнтравана ў Беларусі.

Тады абмен быў выдатна наладжаны, і ў краін не было ніякіх праблем. Але час прынёс шмат новага. Тым не менш, як падкрэсліў беларускі лідар, у нашых адносінах з Малдовай цалкам адсутнічае суб'ектыўны фактар:

— Ёсць здаровы сэнс. І калі патрэбна, мы гатовы аднавіць той узровень адносін — эканамічных, — які быў у часы Савецкага Саюза, таму што нічога іншага нам аднаўляць не трэба. Мы родныя, блізкія народы, мы ніколі не лічылі Малдову чужой дзяржавай пасля распаду Савецкага Саюза, мы перажываем за тое, што там адбываецца...

Нават сыходзячы з чыста прагматычных разлікаў, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, наша краіна зацікаўлена ў развіцці Малдовы, у росце дабрабыту яе грамадзян. Логіка простая: калі гэта краіна стане эканамічна моцнай, яе патрэбнасць у супрацоўніцтве з Беларуссю павялічыцца:

— А ў нас будзе магчымасць працаваць на гэтым рынку, і калі ўжо так казаць, у большых аб'ёмах, — калі прагматычна. Але мы з гэтага не зыходзім, гэта не галоўнае. Галоўнае, каб дзяржавы існавалі — як адзіныя, цэласныя — не раздзеленыя, не раздробленыя, не парваныя на кавалкі. І каб на гэтых тэрыторыях шчасліва жылі людзі. Калі так будзе, тады прыйдзе і тавараабмен, да якога мы імкнёмся.

Кіраўнік Беларусі запэўніў прэм'ера Малдовы, што наш бок гатовы разгледзець прапановы па пашырэнні супрацоўніцтва:

— І калі ў вас будуць нейкія дадатковыя жаданні працаваць на беларускім рынку, у нас праблем не будзе. Бо вы да нас ідзяце з тымі таварамі, якія мы не вырабляем. Калі ў вас будзе магчымасць і жаданне, каб мы былі шырэй прадстаўлены ў Кішынёве і ў Малдове ў цэлым, будзьце ўпэўненыя, што мы гэта зробім хутка і аператыўна, як гэта мы ўмеем рабіць.

Павел Філіп падзякаваў кіраўніку нашай дзяржавы за магчымасць сустрэчы. Ён расказаў, што прыехаў у Беларусь у суправаджэнні дэлегацыі бізнесменаў, якія зацікаўленыя ў наладжванні адносін з беларускімі партнёрамі. Больш за тое, на думку кіраўніка малдаўскага ўрада, правядзенне пасяджэнняў міжурадавай беларуска-малдаўскай камісіі два разы на год (звычайная перыядычнасць — адзін раз на год) дае магчымасць аператыўна адсочваць дынаміку развіцця адносін паміж краінамі.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Без суб'ектыўных фактараў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Абеліскі параненай зямлі. Не зарасце лясная сцяжына

Абеліскі параненай зямлі. Не зарасце лясная сцяжына

Нямала помнікаў ахвярам вайны стаіць у лясах, на ўзбочынах, на месцы былых вёсак. Іх даглядаюць, пра іх клапоцяцца.

Культура

Алесь Мойскі: сцэнарыі — яго работа, літаратурная творчасць — пакуль хобі, а «Жывое слова» — яго тэатр

Алесь Мойскі: сцэнарыі — яго работа, літаратурная творчасць — пакуль хобі, а «Жывое слова» — яго тэатр

Сцэнарыі — яго работа, літаратурная творчасць — пакуль хобі, а «Жывое слова» — яго тэатр.

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​