Вы тут

«Апошні раз сварыліся яшчэ да вяселля»


Ва ўтульнай кватэры Надзі і Гены Букаў, акрамя двух сыноў Жэні ды Яна, жыве Піглас. Прычым не адзін. Іх шмат — на шпалерах, карцінах, мальберце і нават у Надзі на спіне ў якасці татуіроўкі. Мастачка выдумала гэтага казачнага героя ў выглядзе вока з крыламі ўжо даўно (спачатку Піглас з'явіўся на карцінах Надзі. Пасля яна напісала пра яго дзіцячую кнігу «Бася і Піглас». — Аўт.). Кажа, што ён не толькі дарыць натхненне, але і аберагае закаханыя пары. Калі тыя сварацца, пранікае ў галаву да віноўніка разладу і пачынае лёгенька яго дзяўбсці. «Мы думаем — гэта згрызоты сумлення, а вось і не — Піглас», — смяецца Надзя, якая называе сябе каралевай Пігласаў.


Пра Ганну Сілівончык, лятаючую елку ды аплатку

— А самі, калі сварыцеся з мужам, успамінаеце пра Пігласа?

Надзя: Піглас — абярэг нашай сям'і. Я нават не памятаю, калі мы апошні раз сварыліся... Напэўна, яшчэ да вяселля. А жанатыя мы ўжо 14 гадоў. Я люблю паўтараць фразу «мастака лёгка пакрыўдзіць». Дык вось, калі крыўджуся, тут маю на ўвазе сяброў ды калег па працы, адразу ж успамінаю пра Пігласа і думаю пра тое, што трэба хутчэй мірыцца. Мне шкада людзей, якія доўга носяць крыўду ў сабе.

— Як думаеце, чым ваша сям'я адрозніваецца ад іншых?

Надзя: У нас, напэўна, карцін у кватэры больш, чым у іншых сем'яў, бо я мастачка. Мне падабаецца жыць у акружэнні сваіх работ. Праўда, нам яшчэ далёка да Ані Сілівончык і Васіля Пешкуна.

Гена: Мы сябруем сем'ямі.

Надзя: У іх кватэры карціны вісяць не толькі на сценах, там нават дзверы і шафы размаляваныя. Мы тут жывём не так даўно, яшчэ ўсё наперадзе. У мяне ў найбліжэйшых планах размаляваць сцяну ў спальні.

— Гена, а якая ваша любімая карціна жонкі?

Гена: Яна зараз на выставе ў Вільнюсе. На ёй горад, выразаны з газеты. Вельмі змрочная работа. Яна ў мяне ў кабінеце калісьці вісела. ...А вось, дарэчы, яшчэ закруткі люблю (паказвае карціну, на якой слоік са сняжынкамі).

Надзя: Інтэр'ер у нас, як вы заўважылі, у скандынаўскім стылі. Белыя сцены ды падлога, ніякай лішняй мэблі. Дарэчы, на пачатку гэтага месяца, на мой дзень нараджэння, Гена завёз мяне на радзіму далёкіх продкаў — у Швецыю. Там я на свае вочы пераканалася, што шведы цэняць выяўленчае мастацтва, у іх кватэрах вельмі шмат графікі, жывапісу. Менавіта адсюль такая любоў да белых сцен...

— Неўзабаве Новы год. Як вы да яго рыхтуецеся? Можа, замест сняжынак выразаеце з паперы ажурныя буцінанкі (аўтарская тэхніка Надзі Букі, якая адрозніваецца ад традыцыйнай выцінанкі адсутнасцю сіметрыі ды сюррэалістычным сюжэтам. — Аўт.)?

Надзя: Памятаеш, Гена, у нас на вокнах была лятаючая елка, вялікая такая, з крыламі. Нават рэпартаж пра яе рабілі. Сёлета не паспею, напэўна, зрабіць штосьці маштабнае. Для мяне важней у перыяд Адвенту прэзентаваць сваю кнігу пра Басю і Пігласа хворым дзеткам, паўдзельнічаць у дабрачынных сустрэчах.

Гена: На днях мы будзем усе разам упрыгожваць ёлку. Падарункі пад ёй дзеці знаходзяць не на Новы год, а раней — у ноч перад Калядамі. Звычайна збіраемся сям'ёй за святочным сталом вігілійным вечарам, дзелімся аплаткай.

— За што хацелі б сказаць дзякуй адно аднаму?

Гена: У мяне ажно трое дзяцей: жонка і двое сыноў (смяецца). Я ўдзячны ім за тое, што яны ёсць у маім жыцці. Робяць яго больш шчаслівым і вясёлым. Надаюць сэнс кожнаму дню. Мужчыну абавязкова трэба пра некага клапаціцца.

Надзя: А я ўдзячная Гену за яго дабрыню. Не ведаю больш добрых людзей, чым муж. Яго можна параўнаць хіба што з Дзедам Марозам (смяецца). Дзецям жа ўдзячная за натхненне, яны мае Пігласы. Жэня з Янам з'яўляюцца прататыпамі герояў маіх карцін, казак.

Пра сняданкі ад мужа, металюгу ды залаты ланцужок

— Калі я правільна заўважыла, вы з мужам вельмі розныя, але пры гэтым цудоўна дапаўняеце адно аднаго...

Надзя: Так, мы абсалютна розныя па характары. Гена сур'ёзны, а я вясёлая. Ён моцна стаіць нагамі на зямлі, а я пастаянна дзесьці «лётаю», гэта характэрна для творчых людзей. Неяк намалявала аўтапартрэт нашай пары. Карціна называецца «Без межаў». Я на звязцы з Пігласаў падымаюся ўверх, а Гена трымае мяне за руку, не дае цалкам зляцець. Гэта добра, бо своечасова спыніцца вельмі важна. Фінансы ў нашай сям'і вядзе Гена, ён жа па адукацыі эканаміст... У мяне лепш атрымліваецца траціць грошы. Разам з тым, муж дапамагае мне ў маіх праектах: цалкам зрабіў электронны макет кнігі, скануе мае ілюстрацыі, бо я па-ранейшаму малюю ад рукі, хоць Гена і падарыў мне адмысловы планшэт.

— А абавязкі па доме, дзецях у вас падзелены?

Гена: Не, у каго ёсць час, той і робіць.

Надзя: У нас падзеленыя толькі ўрокі ў сына. Я — гуманітарый, а Гена — тэхнар. Ён правярае матэматыку, я — мовы і літаратуру. Гэта, напэўна, адзінае, што ў нас падзелена.

Гена: Ну чаму, рыбу і мяса я разбіраю.

Надзя: А яшчэ Гена цудоўна варыць каву (мы з фатографам у гэтым пераканаліся. — Аўт.). Таксама муж адказвае за сняданкі ў нашай сям'і. Я — сава. Да гадзін дзвюх ночы малюю. Таму ранкам мяне можа разбудзіць толькі пах свежазаваранай кавы.

Гена: А я ўстаю рана. Жэньку ў школу трэба адправіць, Надзю разбудзіць, каб яна адвяла Яна ў садзік (смяецца).

— Цікава, дзе пазнаёміліся мастачка і эканаміст?

Надзя: (спявае) Музыка на-а-а-с звязала... Мы з Генам бачыліся на рок-канцэртах у Маладзечне, абое адтуль родам. Я скакала і трэсла галавой, як сапраўдны металюга. Тады ў мяне былі доўгія валасы...

Гена: З ног да галавы была ланцугамі абвешаная.

(У гэты час Жэня якраз трэніруецца ў сваім пакоі ў навушніках, праз 20 хвілін ён павінен быць на занятку па хіп-хопу).

Надзя: Жэня, уключы музыку, няхай і Янчык патанцуе. Ён любіць паўтараць за братам.

— Дык вось чаму Жэня перад трэніроўкай надзеў ланцужок на шыю...

Надзя: Толькі ў яго залаты па хіп-хопе. Мы, дарэчы, тады не паважалі гэты кірунак музыкі.

Гена: Мне і зараз не падабаецца гэта музыка. Але я не забараняю сыну яе слухаць. Больш за тое, каб быць бліжэй да Жэні, сам пачаў цікавіцца хіп-хопам. Прачытаю што-небудзь пра выканаўцаў і пачынаю яму расказваць.

Надзя: Мы з Генам імкнёмся быць сябрамі для сваіх дзяцей.

— Хто захацеў, каб Жэня хадзіў на танцы?

Надзя: Сам папрасіўся. Нядаўна яны з Генам вярнуліся з чэмпіянату свету, які праходзіў у Чэхіі. Жэня класна танцуе, выступаў у намінацыі «сола», увайшоў у 1/8 фіналу. Гэта добры вынік, бо ён займаецца хіп-хопам менш як год.

«Я вельмі рада, што ў дзяцей вялікая розніца ва ўзросце. Жэня можа прыгледзець за Янам, пачытаць яму ўслых».

— Некаторыя бацькі яшчэ да нараджэння дзіцяці плануюць яго будучыню...

Надзя: Гэта адназначна не наш варыянт. Мы не дыктуем сыну, на якія гурткі яму хадзіць. Я магу накіраваць, падказаць. Але катэгарычна супраць таго, каб прымушаць.

Гена: Куды Жэня толькі не хадзіў: і ў футбольны клуб, і гандболам займаўся ў школе Алімпійскага рэзерву. А ў адзін цудоўны дзень прыйшоў дадому з трэніроўкі і сказаў, што не хоча больш займацца спортам. Іншыя б абурыліся: «Ты што, столькі ж сіл і часу ўклалі». Мы таксама вазілі сына на трэніроўкі, плацілі немалыя грошы. Тым не менш даволі спакойна да гэтага паставіліся.

Надзя: Не настойвалі, бо самі былі дзецьмі. Ведаем, што перш, чым знайсці сябе, трэба пераспрабаваць вельмі шмат. Мне бацькі, на шчасце, таксама давалі паспрабаваць розныя гурткі і секцыі. У тэатральны я хадзіла, на бальныя танцы, у мастацкую школу, пакуль не знайшла сваё. Нельга дыктаваць дзіцяці, кім ён стане: «будзь праграмістам, бо цяпер гэта прэстыжна», «паступай у медуніверсітэт, бо ў нашай сям'і ўсе дактары». Жэня марыць у будучыні стаць трэнерам па хіп-хопе. Калі яго жаданне не зменіцца, я не буду перашкаджаць. Бацькам трэба падтрымліваць дзіця, дапамагаць знайсці сваё прызванне. Бо чалавек шчаслівы толькі тады, калі адчувае сябе на сваім месцы.

Пра мыльныя бурбалкі, Уладзіміра Познера ды ліміт на Сплендэрмена

— Надзя, тое, што вы верыце ў Пігласа, не выклікае сумненняў. А вось ці вераць у яго вашы дзеці?

Надзя: Канешне. Ян расказваў у дзіцячым садку, што Піглас размаўляе мыльнымі бурбалкамі і харчуецца драўлянымі прышчэпкамі. Старэйшы сын наогул быў маім першым рэдактарам, менавіта яму я чытала чарнавікі кнігі. Часам ён рабіў слушныя заўвагі. Дарэчы, працяг казачнай гісторыі я ўжо напісала. Новая кніга будзе называцца «Бася і яе чароўны свет». Там, акрамя Пігласа, будзе шмат незвычайных герояў, якія таксама ўжо даўно жывуць на маіх карцінах, але ніхто пра іх нічога не ведае. Засталося толькі намаляваць ілюстрацыі. Дарэчы, літаральна перад вашым прыходам я дамалявала вокладку для дзіцячай кнігі пра дзяўчынку і кракадзіла Паўла Гушынца (паказвае). Яна, дарэчы, выйдзе ў Выдавецкім доме «Звязда».

— Казку пра Пігласа напісалі па-беларуску. Акрамя таго, мне вельмі спадабалася, што на начной кашулі Басі вышытыя валошкі, на шторах, шапцы — беларускі арнамент. Якое месца беларускасць займае ў выхаванні вашых дзетак?

Надзя: Дома мы размаўляем па-руску. Але калі чытаем кнігі на беларускай мове, абмяркоўваем іх па-беларуску. У старэйшага сына больш гадзін роднай мовы, чым у яго аднакласнікаў, бо ён ходзіць у маю мастацкую студыю. Па вечарах я бясплатна выкладаю пры касцёле, там усё па-беларуску.

Гена: У касцёле мы заўсёды размаўляем па-беларуску. Кожную нядзелю ўсёй сям'ёй едзем туды на ранішнюю службу.

Надзя: У выдавецтве мяне папярэдзілі, што кнігу на рускай мове будуць набываць лепш. Але для мяне было прынцыпова, каб яна выйшла на роднай мове. Хочацца, каб дзеці больш чыталі па-беларуску. Я вельмі люблю беларускую сімволіку, арнаменты, таму ў другой кнізе ўсяго аўтэнтычнага будзе больш.

Надзя завяршае маляваць ілюстрацыі да кнігі пра дзяўчынку і кракадзіла.

— Надзя падчас аднаго з інтэрв'ю сказала: «Лепш няхай дзеці вераць у Пігласа, чым у Сплендэрмена з камп'ютарнай гульні. Мяне гэтыя сучасныя камп'ютарныя героі не радуюць, у іх заўсёды прысутнічае элемент жорсткасці». Адной з бед сучаснасці з'яўляюцца камп'ютарныя гульні. Вашу сям'ю яна закранула?

Гена: Жэня — не анёл, таксама гуляе ў камп'ютарныя гульні. Але ў нас ёсць ліміт. Гадзіна ў дзень. Але калі падчас гульні сыну патэлефануе сябар, ён з радасцю пойдзе з ім на вуліцу.

Надзя: Калі ж дзеці сапраўды зацыкленыя на камп'ютары, то гэта праблема не столькі іх, колькі іх бацькоў. Значыць, бацькам зручна, каб іх дзіця сядзела перад маніторам і не замінала. Тое ж самае і з мульцікамі. Трэба паказваць дзецям, што ў свеце існуе шмат усяго цікавага.

Гена: «Ян, не будзь букам, пакажы, як ты ўмееш маляваць».

Надзя: Мы так часта жартуем адно з аднаго.

— Заўважыла, што Гена — клапатлівы тата. Пакуль мы размаўляем, ён паспеў і з Янам пагуляць, і супам яго накарміць...

Надзя: Так, я хацела б сабе такога тату, як Гена. Ён вельмі шмат часу бавіць з дзецьмі.

— Як часта вы гаворыце адно аднаму «я цябе люблю»?

Надзя: Па некалькі разоў на дзень. «Я цябе люблю» (Надзя прытуліла да сябе Янчыка, які якраз у гэты момант падбег да мамы). Праўда, майму старэйшаму сыну 10 гадоў, у гэтым узросце хлопчык пачынае саромецца праяўляць на словах свае пачуцці да бацькоў. На днях, калі я сыходзіла на працу, ён сказаў «Я цябе... (паўза). Ты сёння вельмі прыгожая, мама». Відавочна, ён хацеў сказаць «я цябе люблю», але пасаромеўся і выказаў свае пачуцці іншай, не менш прыемнай, фразай.

Дарэчы, я часта пытаюся ў сваіх 30-гадовых сябровак: «Як часта ты кажаш сваёй маме, што ты яе любіш?». — «Ды я ніколі не казала ёй гэтага», — чую звычайна ў адказ. Нашы бацькі выраслі ў такі час, калі не прынята было праяўляць свае пачуцці на словах. Але і іх можна перавыхаваць (усміхаецца). Паспрабуйце штодзень казаць сваім бацькам, што вы іх любіце — і ўбачыце, як здарыцца цуд. Яны спачатку будуць усміхацца, а потым і самі пачнуць казаць вам цёплыя словы ў адказ. Вельмі важна як мага часцей агучваць свае пачуцці, каб потым не шкадаваць, што не паспелі сказаць чалавеку, што яго любім. Бо ніхто ж не ведае, колькі кожнаму з нас адмерана.

— Калі б былі на маім месцы, якое апошняе пытанне задалі б сабе?

Надзя: Я вельмі часта задаю сабе кароннае пытанне аднаго з маіх любімых інтэрв'юераў Уладзіміра Познера. «Што скажаце Богу, калі сустрэнецеся з Ім?»

— І што вы яму скажаце?

Надзя: Я папрасіла б яго праз некалькі гадоў хоць на дзень спусціцца нябачнай на зямлю і паглядзець, што робяць мае сваякі, як яны жывуць.

Гена: Ці будуць твае карціны прадавацца на аўкцыёнах за мільён долараў?

Надзя: Ну так, яшчэ я спытала б, ці стану я папулярным мастаком пасля смерці? Бо, на жаль, звычайна так і адбываецца: толькі пасля смерці мастакі атрымліваюць прызнанне.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».