Вы тут

Падарожнічаем разам са Святланай Воцінавай


Ад запланаванага да неспадзяванага — толькі крок.

Гісторыя пра тое, як можна выправіцца ў нейкае дакладнае месца, а з'явіцца ў выніку ў зусім іншым, вядомая чытачу здаўна і без гэтага тэксту. А ўсё ж паміж яго аўтарам і Калумбам розніца ёсць: калі спадар Хрыстафор «прамазаў» на паўпланеты, то пагрэшнасць апісанага тут падарожжа вымяраецца толькі крокамі.


Звычайна бывае як? Збіраючыся ў вандроўку, вывучаеш наваколле выбранага аб'екта ў радыусе бяскрыўднай даступнасці — каб не было пасля прыкра ўсведамляць, што з-за нечага аднаго прапушчана нешта іншае, не менш, а мо і больш вартае, што было літаральна «пад носам».

Вёску Лаўрышава (у якую мы выбраліся, каб стаць сведкамі самых сапраўдных археалагічных раскопак) ад вёскі Шчорсы з палацам Храптовічаў (у які мы з-за гэтых раскопак не трапілі) аддзяляе сем кіламетраў. Але няхай Храптовічы выбачаюць, бо блукаць па іх закінутай бібліятэцы, у якой некалі можна было пагартаць і хронікі Стрыйкоўскага, і біблію Астрожскую, і творы Каханоўскага ды Гурніцкага, і розныя брашуры часу чатырохгадовага сойма, — хадзіць па гэтым будынку з пустымі вачніцамі — не вельмі цікавы занятак. І гэта не дзіва, бо яшчэ Аляксандр Ельскі, гісторык, этнограф, краязнавец, пісьменнік, перакладчык і публіцыст, знайшоў тыя кніжкі «у вялікім хаосе»: з-за працякання столі яны былі «знесены ў бяспечнае ад вільгаці месца і складзены ў стосы». Так паведамляе нам Раман Афтаназы пра справы 1880 года. Гэта, спадарства, пра тое, што не ўсе гістарычныя помнікі знішчыла, як прывыклася думаць, гаротнае ХХ стагоддзе, што хапала знішчальнікаў і раней, і што не варта асабліва купляцца на прозвішчы тых, каго, маўляў, павінны памятаць легендарныя сцены, калі яны іх па факце ніяк не памятаюць. Хоць памятаць, безумоўна, маглі б: некалі тут, у Шчорсах, у сядзібе Храптовічаў і наваколлі была створана такая ўнікальная сістэма вядзення спраў і кіравання гаспадаркай, што хлопы з іншых фальваркаў беглі сюды як у рай, а ў тутэйшай бібліятэцы праседжвалі Адам Міцкевіч і Іахім Лялевель, Ігнат Даніловіч і Іосіф Ярашэвіч, Антоні Эдвард Адынец і Ян Чачот, прычым апошні — у якасці бібліятэкара, набыўшы гэтае працоўнае месца ў 1846-м па вяртанні з выгнання. Бібліятэкар ён быў сапраўдны: не толькі вельмі талкова ўпарадкаваў кнігі, але і падтрымліваў тут «інтэлектуальную атмасферу».

Рамантыкам

Сярод так званых фальваркавых пабудоў сядзібы Храптовічаў асаблівасцю вылучаецца невялікі круглы ў аснове «трохпавярховік» — знізу мураваны неатынкаваны, вышэй пакрыты гонтай, як стажок. Гэта была вяндлярня. Канечне, з яе даўно не даносіцца дух шынкі, іначай мы адназначна завярнулі б у яе бок адразу пасля наведвання месца раскопак.

Але мы прыехалі на раскопкі. Каб, што называецца, капнуць яшчэ глыбей. У суседнім са Шчорсамі Лаўрышаве сонечным ліпеньскім днём вяліся пошукі слядоў старадаўняй капліцы — часткі легендарнай Лаўрышаўскай абіцелі, заснаванай яшчэ ў ХІІІ стагоддзі. У адным манускрыпце (калі можна так сказаць пра дакумент, пісаны ад рукі, але ў эпоху друку) дакладна пазначана, што «за вёскай, Лаўрышавам званай, недалёка ёсць капліца з могілкамі, на якіх пахаваны памерлыя манахі і людзі той жа вёскі», што «капліца тая поглядам ад манастыра мае сваё размяшчэнне на поўнач, непадалёк каля могілак, абсаджаных вербамі», што яна «з дрэва брусаванага, гонтай крытая, двума глаўкамі з крыжамі жалезнымі аздоблена, акон у ёй тры», што «звон адзін у глаўцы, дзверы простыя на завесах з клямкамі для замка навяснога» і што «алтар у ёй сталярскай работы, маляваны на оптыку ў ім абраз укрыжаванага Збавіцеля, з дрэва выразаны», а «ўверсе абраз св. Варвары, на палатне маляваны, за шклом» і «сцены аздоблены папяровымі шпалерамі, падлога і столь з дошак».

Па­лац у Шчор­сах, якім ён прад­стаў­ле­ны  на ста­рон­цы вы­дан­ня «Tуgоdnіk Іlustrоwаnу» ў 1878 го­дзе. Дрэ­ва­рыт.

Паслядоўнікам

Сённяшняя Лаўрышаўская абіцель — Свята-Елісееўскі мужчынскі манастыр — знаходзіцца ў Лаўрышаве толькі часткова. Прынамсі, там размешчаны манастырскі падворак з канцылярыяй, бібліятэкай, царкоўна-гістарычным музеем, пакоямі для валанцёраў і трапезнай. Асноўная ж частка сучаснага манастыра размешчана ў вёсцы Гнесічы. Там у канцы ХХ стагоддзя ўзведзена і новая царква святога Елісея Лаўрышаўскага. Святы гэты быў сынам князя, які займаў высокую пасаду пры двары Міндоўга. Лаўру ён заснаваў разам з адным манахам, якога сустрэў, калі, прыняўшы хрышчэнне, сышоў з дому ў пустынь. Пасля смерці Елісея мошчы яго тварылі некаторыя цуды, а гэта, як ведаем, падстава для кананізацыі. Елісей стаў святым праз трыста гадоў пасля смерці. Хто б што ні думаў, а я тут выкажуся так: прыклад трэба браць са святых айцоў тым з нас, хто пры жыцці сам сабе апранае вобраз гэткага дзеяча, заслугі якога апрыёры неаспрэчныя і недатыкальныя.

Перад вачыма, якія такое чытаюць, паўстае між радкамі капліца — адзін у адзін як апісаная. На самай жа справе яе трэба шукаць у зямлі. І ці знойдзецца?

Было так: валанцёры гісторыка-пошукавага летніка, арганізаванага пры сучасным Лаўрышаўскім манастыры, з благаславення ігумена, айца Яўсевія, і пад кіраўніцтвам археолага Тэльмана Маслюкова з калегамі запланавалі на гэты сезон раскопак (якія тут вядуцца не адзін год) пашукаць на могілках сляды той капліцы, спадзеючыся знайсці ад яе хоць бы камень. Спадзяванне абярнулася знаходкай цэлага падмурка, у якім, цяпер ужо расчышчаным, выразна выяўляюцца ганак, прытвор, асноўная і алтарная часткі, і які мы ў той дзень на свае вочы ўбачылі. Падмурак каменны, без слядоў цэглы, бо яна тады тут не выкарыстоўвалася, а над ім... Над ім пяць стагоддзяў, цэлая вечнасць, эквівалентная... таўшчыні падэшвы красовак. Што ёй да палаца Храптовічаў?.. Гэтыя камяні не помняць Елісея Лаўрышаўскага, памерлага ў 1250-м, бо яны былі сюды пакладзены праз трыста гадоў пасля гэтай даты, але што з таго? Ім я адназначна веру: праз іх можна звярнуцца і да яго. Таму прыкладаю далонь і моўчкі чытаю малітву. А валанцёры працягваюць працаваць на расчыстцы гэтага самага сапраўднага помніка.

У гэ­тым да­ку­мен­це па­зна­ча­на, што за вёс­кай Лаў­ры­ша­ва ёсць кап­лі­ца.

Між іншым

Не наведаныя намі Шчорсы ўмудрыліся адбіцца ў нашай памяці: недалёка ад дарогі пасярод лугавой зеляніны праглядваўся «казачны гарадок», як я яго пра сябе назвала. Гэтую «цацачную», калі глядзець здалёк, крэпасць з цаглянымі сценамі і круглымі вежамі, напаўразбураную, называюць мураванкай Храптовіча, або гаспадарчым дваром. Тут кіпела работа, вынікі якой уяўляюцца сёння ў выглядзе смакаты — той самай шынкі, якую потым даводзілі да кандыцыі ў вяндлярні, а таксама тварожных і цвёрдых сыроў. Вось пра што можна ў нашым жыцці шкадаваць: пра тое, што ніколі нам не паспытаць тых сыроў, якія адсюль разыходзіліся тады па Еўропе, каб быць нарэзанымі на парцэлянавых дошках.

Уладзіміру Набокаву належыць думка пра тое, што да Бога прыходзяць не ў складзе экскурсіі з экскурсаводам, а ў якасці адзінокіх вандроўнікаў. Мяркую, што ў такіх месцах нават у складзе экскурсіі можна адчуваць сябе з Богам сам-насам. Я люблю такія вандроўкі яшчэ і за тое, што яны пацвярджаюць іншую нечую думку: ніхто не ўсведамляе хараство падарожжа, пакуль не трапіць дадому і не пакладзе сваю галаву на старую знаёмую падушку. Эмацыянальнае паслядзеянне ад вандроўкі ў Лаўрышаўскую абіцель трымалася, нарастаючы, а не спадаючы, некалькі шчаслівых плённых дзён. Пры гэтым радасна думалася пра тых, хто сюды яшчэ трапіць. Раней на пытанне: «Што можна тут убачыць з таго часу?» адказ быў пра самы стары (дагэтуль) аб'ект турыстычнай цікавасці — прыгожы драўляны храм ХVІІІ стагоддзя. З гэтага лета адказ ужо відавочна іншы: каменны падмурак ХVІ стагоддзя.

«Час, бывае, ідзе чалавеку насустрач...» — праплыло, як помню, у вечар таго дня ў маёй галаве, ледзь яна паспела крануцца старой знаёмай падушкі.

Падарожнічала Святлана Воцінава

Загаловак у газеце: З Богам сам-насам

Каментары

:) Дзякуй за добры артыкул!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».