Вы тут

Колькі можа пратрымацца беларускі яблык?


Дзякуючы рабоце селекцыянераў сёння спажывец можа купляць айчынныя яблыкі круглы год. Асобныя сарты здольныя ляжаць да вясны. Але, каб захаваць ураджай як мага даўжэй, трэба ведаць пэўныя сакрэты. І беларускія вучоныя гатовы імі падзяліцца.


Навуковы супрацоўнік аддзела захоўвання і перапрацоўкі Галіна Новік.

Мы завіталі ў аддзел Інстытута пладаводства НАН Беларусі, які займаецца распрацоўкай і ўдасканаленнем тэхналогій захоўвання пладовых і ягадных культур. У доследных камерах тут сёння можна ўбачыць некалькі сартоў яблыкаў. Справа ў тым, што для розных пладоў патрабуюцца неаднолькавыя ўмовы. Нават тэмпературу трэба падбіраць «індывідуальна». Так, калі адным сартам ідэальна падыдзе чатыры градусы, іншым трэба яшчэ менш. У інстытуце назіраюць за тым, як сябе паводзяць плады і ў звычайнай атмасферы, і ў рэгуляваным газавым асяроддзі. У асобных модулях можна задаваць умовы з рознай колькасцю кіслароду і вуглякіслага газу.

Зразумела, усе мы хочам атрымаць якасны прадукт, але тэмпература і ўмовы ў магазінах розняцца. І вучоныя вызначаюць так званы астаткавы эфект — гэта колькасць дзён, якія яблык пэўнага сорту зможа пратрымацца пасля таго, як паступіць на рэалізацыю.

Многае залежыць і ад упакоўкі. Вучоныя правяраюць, як захоўваюцца плады ў скрынях, кантэйнерах, таксама сёння яблыкі пачалі пакаваць у пакеты, у якіх пасля яны трапяць у продаж.

— Нормы, звязаныя з захаваннем яблыкаў, былі прапісаны па сартах, якія вырошчваліся яшчэ ў савецкі час. Сёння асартымент пашырыўся, з'явіліся новыя сарты, змяніўся памер пладоў, і мы вядзём работу з улікам гэтага. У інстытуце быў распрацаваны стандарт на яблыкі позніх і ранніх тэрмінаў выспявання, — расказвае навуковы супрацоўнік аддзела захоўвання і перапрацоўкі Галіна Новік. — Бачыце, што тут дзе-нідзе сустракаюцца пацямнелыя, чорныя яблыкі. Я не магу іх проста зараз узяць і перабраць. Яны — частка навуковага доследу. Мы вывучаем хваробы і фізіялагічныя расстройствы, якія праяўляюцца ў час захоўвання. Так вызначаюцца натуральныя страты. Глядзім, якія віды гнілі на пладах. Сёння ёсць сарты, устойлівыя да такіх хвароб. З некаторымі праблемамі мы ўжо навучыліся змагацца. Напрыклад, у сорту Імант можа праявіцца горкая ямчатасць, але апрацоўка кальцыем у садзе дапамагае зняць гэту праблему. Дарэчы, так званы наліў (успомнім «наліўны яблычак») — гэта таксама фізіялагічнае расстройства, такія плады не будуць захоўвацца.

— А ці можна садаводам-аматарам параіць, якія сарты падыходзяць для працяглага захоўвання, а што трэба з'есці ў першую чаргу?

— Асеннія сарты можна класці толькі на кароткатэрміновае захоўванне. Так, у нас распаўсюджаны Слава пераможцам, Ауксіс, тая ж Антонаўка. Апошнюю многія аматары імкнуцца пратрымаць па максімуме, але пры гэтым смакавыя якасці пагаршаюцца, яблык становіцца рыхлым, колер і водар ужо не тыя, ды і пра карыснасць гаварыць не варта. Але ёсць зімовыя сарты, якія здымаюцца ў тэхналагічнай ступені спеласці. Такі яблык яшчэ можа быць кіслым. У час захоўвання ён «даходзіць», павялічваецца колькасць цукраў, раскрываецца смак, водар. Вядома, пры дапамозе спецыяльных прэпаратаў можна запаволіць працэс выспявання яблыкаў. Але сёння існуюць сарты, якія могуць ляжаць да красавіка дзякуючы сваім генетычным паказчыкам, а не таму, што іх нечым апрацавалі. У нашым аддзеле, напрыклад, закладзены на захоўванне і мы гатовы рэалізоўваць Імант да лютага — красавіка і Надзейны (сакавіты яблык зялёнага колеру, з тонкай скуркай) да лютага — сакавіка. Дарэчы, гэтыя плады падыходзяць і для перапрацоўкі. З Іманта атрымліваецца дастаткова празрысты сок, з Надзейнага — больш мутны і кіславаты. Цудоўны сорт — Весяліна, гэтыя буйныя чырвоныя яблыкі мінімальна пашкоджваюцца паршой, незалежна ад таго, якім выдаўся год, і ляжаць да сакавіка. Аматарам салодкага варта парэкамендаваць завесці ў сябе такі сорт зімняга тэрміну выспявання, як Беларускі салодкі. Праўда, гэтыя яблыкі захоўваюцца не так доўга, парог — снежань, але яны салодкія ўвесь час,  іх можна ўжываць адразу, як знялі.

— Умовы, у якіх рос яблык, уплываюць на тое, як ён будзе захоўвацца? Напрыклад, гэты год выдаўся вільготным.

— Плады раслі павольней, не ўсе сарты паспелі дабраць і паўнацэнна развіцца па масе, не выдалі свае максімальныя паказчыкі. Збор пачаўся на паўтара тыдня пазней, чым звычайна. Год быў вельмі складаны, што адбілася на якасці яблыкаў, мы ўжо бачым, што ўраджай будзе горш захоўвацца, шмат страт ад фізіялагічных расстройстваў. Першая бяда, з якой сёлета сутыкнуліся, — перапад тэмператур у час цвіцення, завязвальнасць пладоў была нізкая. Далей — замаразкі, калі ўжо была завязь. З'явіліся шрамы, пацёртасці, аржаўленасць на пладах. Пасля іх пабіў моцны град, і васкавы налёт ужо не той: калі ёсць трэшчына, якая нават зажыла, — гэта як вароты для інфекцыі. У выніку — утварэнне паршы і іншага. Як бачыце, ёсць тое, што ад чалавека не залежыць.

— А што здольны зрабіць садавод?

— Каб плады максімальна доўга захоўваліся, важна вызначыцца з тэрмінамі ўборкі. Калі паспяшацца, будзе моцнае ўвяданне пладоў, калі ператрымаць яблык зімовых тэрмінаў выспявання на дрэве, ён хутчэй даспее, скароціцца тэрмін захоўвання, колькасць фізіялагічных расстройстваў будзе большая, раней можа з'явіцца гніль. Каб вызначыць аптымальны час для збору пладоў, у інстытуце мы праводзім ёдакрухмальныя пробы. Садаводам-аматарам можна параіць, што самы лепшы час для масавага збору ўраджаю 1—15 верасня. Яблыкі лепш здымаць у пальчатках, каб не пашкодзіць васкавы налёт. Важна, каб не было адрыву пладаножкі, пашкоджаных, пабітых пладоў. У ідэале лепш яблыкі адразу класці ў тыя скрыні, у якіх яны будуць далей захоўвацца, перасцілаць слаі паперай. Кожны сорт кладзіце асобна, ні ў якім разе яблыкі не трэба захоўваць з караняплодамі, капустай, цыбуляй.

— Ці можна папярэдзіць хваробы, якія «вылазяць» у час захоўвання?

— Без сродкаў хімабароны зараз у садзе немагчыма абысціся. Прычым апрацоўкі неабходна праводзіць на працягу ўсяго сезона, а апошнюю для зімовых сартоў — не пазней першай дэкады жніўня. Існуе шмат прэпаратаў хімабароны, якія прымяняюцца ў садзе і дазваляюць максімальна скараціць колькасць грыбных захворванняў на яблыках, што пагражаюць непасрэдна ў час захоўвання.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dzіadzіula@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Місія: дажыць да вясны

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

100 гадоў Леаніду Шчамялёву. Як добра вы ведаеце жыццё і творчасць мастака? Тэст

Леанід Дзмітрыевіч стаў сапраўдным класікам беларускага жывапісу.