Вы тут

Мінскі палац спорту: якім быў у 1966-м і якім будзе ў 2019-м


Напэўна гэта самы вядомы спартыўны будынак сталіцы, яго ведаюць як дарослыя аматары спорту, так і юныя. На ім запальваліся «зоркі» 50 гадоў таму і запальваюцца сёння. Ён прымаў спаборніцтвы рознага ўзроўню — ад спартакіяд да чэмпіянатаў свету, быў запатрабаваны палову стагоддзя таму, калі з'яўляўся самым буйным спартыўным аб'ектам сталіцы і застаецца папулярны сёння, калі ўжо даўно не з'яўляецца самым маштабным у Мінску.


Будаўніцтва арэны пачалося ў 1963-м, у адным з самых жывапісных месцаў сталіцы — на беразе Свіслачы, а завяршылася праз тры гады, напярэдадні Дня Перамогі 7 мая 1966-га. Збудаванне па тых часах стала ўнікальным і першым такім у Савецкім Саюзе. Пры яго стварэнні былі ўжытыя новыя будаўнічыя матэрыялы і зроблены арыгінальныя сядзенні з шклапластыку. Пазней дакладна такія ж спартыўныя палацы з'явіліся ў Чэлябінску, Днепрапятроўску, Валгаградзе і Вільнюсе.

Папулярнасцю арэна стала карыстацца адразу, за першыя 20 гадоў у мінскім Палацы спорту адбыліся найбуйнейшыя рэспубліканскія спаборніцтвы, саюзныя чэмпіянаты і міжнародныя турніры па барацьбе, фехтаванні, боксе, цяжкай атлетыцы, спартыўнай і мастацкай гімнастыцы. Тут праводзілі свае матчы ў саюзных чэмпіянатах хакейны клуб «Дынама» і гандбольны СКА.

За 50 гадоў на гэтай арэне запалілася далёка не адна сусветная спартыўная «зорка». Напрыклад, у пачатку 70-х на чэмпіянаце Еўропы па спартыўнай гімнастыцы, які праходзіў у Мінску, бліскала наша Тамара Лазаковіч.

Вольга Корбут, дарэчы, тады таксама была ў Мінску, але толькі ў якасці запасной у камандзе СССР. На юніёрскім чэмпіянаце Еўропы па хакеі на лёдзе мінскага Палаца спорту гуляў сённяшні галоўны трэнер зборнай Расіі па хакеі, а тады яшчэ юны Алег Знарок. З юніёрскага хакея тут пачыналася кар'ера такіх зорак, як Яўгена Малкіна і Аляксандра Радулава.

Акрамя спартыўных мерапрыемстваў у Палацы праводзіліся і праводзяцца канцэрты, выстаўкі і іншыя культурна-масавыя мерапрыемствы. У яго сценах пабывалі такія вядомыя прадстаўнікі шоу-бізнесу, як Энрыке Іглесіяс, Ванэса Мэй, Наталля Арэйра, Ала Пугачова і іншыя.

Не дзіўна, што на пачатку 2000-х Палац ужо меў патрэбу ў абнаўленні, таму была праведзена паэтапная рэканструкцыя: абноўленыя фасады будынка, заменены халадзільнае, светлавое і гукавое абсталяванні, усталявана сістэма кандыцыянавання паветра, заменены сядзенні для гледачоў, устаноўлена новае электронна-інфармацыйнае табло.

Сёння ў гэтым шматфункцыянальным комплексе могуць праходзіць спаборніцтвы па 22 відах спорту, а таксама канцэрты і іншыя відовішчныя мерапрыемствы.

На фоне буйных сучасных спартыўных збудаванняў 50-гадовы Палац спорту не згубіўся, пра гэта сведчыць яго запатрабаванасць. За першыя дзевяць месяцаў гэтага года комплекс прыняў 20 спартыўных турніраў рознага ўзроўню. У іх ліку чэмпіянат свету па тайскім боксе і паўэрліфтынгу, Кубак Еўропы па дзюдо, этап Кубка свету па скачках на батуце. Дзякуючы сваёй шматфункцыянальнасці перыядычна на працягу года ён ператвараўся ў лядовую пляцоўку, дзе праходзілі матчы чэмпіянату краіны па хакеі.

Таму не дзіўна, што аб'ект увайшоў у спіс палацаў, якія прымуць спаборніцтвы ІІ Еўрапейскіх гульняў. Плануецца, што тут пройдуць турніры па самба, грэка-рымскай, вольнай і жаночай барацьбе.

Чакаецца, што да Еўрагульняў Палац спорту яшчэ трохі зменіцца ў лепшы бок, хоць капітальны рамонт праводзіцца там штогод, а сур'ёзных паломак наогул ніколі не было. Да 2019 года плануецца закупіць табло памерам 12,5 м на 7 м, якое будзе складацца з чатырох частак. На ім будуць паказваць паўторы спаборніцтваў і рэкламу (цяпер у Палацы спорту ўжо ёсць адно мультымедыйнае гульнявое табло), таксама ў планах набыць гукавы пульт, які зробіць спаборніцтвы яшчэ больш яркімі, гучнымі і зручнымі для гледачоў.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: За 50 гадоў ён бачыў усё

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».