Вы тут

БДА «Песняры»: Барацьба з клонамі перайшла ў ціхую стадыю


Ліда, Пушкіна, Курчатаў, Люберцы, Масква – гэта спіс гарадоў, у якіх пабываў Беларускі дзяржаўнай ансамбль «Песняры» з 1 па 11 снежня. А 12 снежня разам з музыкантамі на гастролі ў Гомель адправіўся і наш карэспандэнт.


Раніцай да студыі «Песняроў» быў пададзены аўтобус. Тэхнічная група ансамбля хутка загрузіла апаратуру, касцюмы, без спазненняў прыйшлі ўсе музыканты, і, як было дамоўлена, роўна ў 9.30 аўтобус узяў курс на Гомель.

 – Аўтобус часам становіцца нашым домам, – сказаў дырэктар-мастацкі кіраўнік «Песняроў» Раман Козыраў. – У Расіі наш менеджмент стараецца арганізаваць гастролі такім чынам, каб у адной або бліжэйшых вобласцях было адразу некалькі канцэртаў, так рацыянальна.

 – Раман, чым быў напоўнены адыходзячы год?

– Актыўнай канцэртнай дзейнасцю, яшчэ запісваем новы альбом. Восень была багатая на цікавыя гастролі, а летам мы ўдзельнічалі ва ўрачыстых канцэртах з нагоды 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, юбілеяў народных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. У канцы лістапада ў Грузіі праходзілі Дні культуры Беларусі. З біяграфіі Янкі Купалы, напэўна, нават школьнікі памятаюць, калі ён адпачываў у Цхалтуба, з'явіўся «Грузінскі цыкл» вершаў. Да аднаго з вершаў «Генацвале» я напісаў стылізаваную пад грузінскае шматгалоссе, музыку. Песню на беларускай мове ў Тбілісі прымалі на ўра. Тое самае было і ў канцэртнай зале Нацыянальнай бібліятэкі Латвіі, калі заспявалі «Я ліцвін». І гэта мы яшчэ не паказывалі песню ў Вільні! У Эстоніі Рускі Культурны Цэнтр ладзіў Дні нацыянальных культур, мы прадстаўлялі Беларусь і мне асабліва радасна ад цёплага прыёму, бо на 1/8 я эстонец, у школьныя гады кожнае лета хоць бы месяц праводзіў у прыгарадзе Таліна. Вельмі рады колькасці і якасці гастроляў у гэтым годзе, таму і заработная плата артыстаў вырасла.

Да фінансаў мы яшчэ вернемся, а пакуль маленькая даведка. Раман Козыраў на пасадзе дырэктара-мастацкага кіраўніка «Песняроў» крыху больш за год. Яго папярэднік – Вячаслаў Шарапаў пасля 13 гадоў кіраўніцтва калектывам вырашыў яго пакінуць, як ён прызнаваўся аўтару гэтых радкоў, каб «саступіць дарогу маладым». Уласна, ён і рэкамендаваў Міністэрству культуры Рамана Козырава, які быў музычным кіраўніком «Песняроў». Цяпер і на новай пасадзе ў Рамана ўсё ўдала складаецца.

 Існуе меркаванне, што статус дзяржаўнага ансамбля прадугледжвае вялікую фінансавую падтрымку з боку Мінкульта. А як на самой справе?

– Вядома, дзяржава ў асобе Міністэрства культуры нас падтрымлівае. У нас выдатная матэрыяльна-тэхнічная база, свая студыя, дзе мы пішам новыя песні і рэпеціруем, што вельмі важна ў наш складаны час. Але, вядома, мы не можам проста сядзець і «тварыць у стол». Каб забяспечваць годную аплату працы артыстам і купляць новую апаратуру, інструменты, мы іграем не толькі планавыя канцэрты ў Беларусі, але і камерцыйныя ў Расіі, Латвіі, Літве і іншых краінах . На шчасце, у нас калектыў аднадумцаў, нам цікава працаваць, эксперыментаваць, хлопцы спакойна ставяцца да нягод гастрольнай дзейнасці, якія, натуральна, узнікаюць пры такой колькасці пераездаў.

Упэўнены, мы маглі б больш зарабляць у Расіі і Украіне, але там нам сур'ёзна перашкаджаюць клоны «Песняроў». Калі раней яны хоць бы афішы заказвалі са сваімі тварамі, то цяпер і зусім знахабіліся на рэкламных плакатах размяшчаюць «Песняроў» 80-х гадоў. Наш юрыст сумесна з калегамі падрыхтавалі адпаведны ліст і ад імя Мінкульта накіравалі ў профільныя міністэрствы Расіі і Украіны, у чарговы раз патлумачыўшы, што ўсе правы на агульнавядомы таварны знак «Песняры» належаць выключна Дзяржаўнаму ансамблю «Песняры». Раней наша барацьба з клонамі была папулярнай тэмай у СМІ, цяпер яна перайшла ў такую ціхую стадыю. Людзі ідуць на канцэрты клонаў, але паколькі яны выкарыстоўваюць нашу назву, то падрываюць наш аўтарытэт сваім «фанерным» выступам. Ды і фанаграма ў іх яшчэ невядома якога года нараджэння...

Мне вельмі спадабалася, як заходнія інтэрнэт-рэсурсы адрэагавалі на нашы лісты аб незаконным выкарыстанні брэнда «Песняры»: літаральна на працягу двух дзён быў выдалены ўвесь сумніўны кантэнт з Facebook, Instagram і YouTube. Там кіруюцца выключна літарай закона.

– Раман, ці змянілася публіка за апошнія гадоў пяць?

– Так, яна паступова амалоджваецца. У той жа час, напрыклад, у Расіі да нас часта падыходзяць людзі старэйшага пакалення, дзякуюць за канцэрт, на якім яны ўспомнілі маладосць. Змена пакаленняў прыхільнікаў адбіваецца і на канцэртных праграмах. Звычайна ў нас адно аддзяленне складаецца з хітоў «Песняроў» часоў Уладзіміра Мулявіна, другое песні, створаныя ў калектыве за апошнія гадоў 15.

Так за гутаркамі мы прыехалі ў гарадскі цэнтр культуры Гомеля. Тэхнічная група выгружае апаратуру, музыканты разышліся паабедаць. У гэтым сэнсе больш за ўсё пашанцавала Раману Козыраву, бо ён родам з Гомеля і на абед пайшоў да бацькоў.

Прыехаць у Гомель і не наведаць палацава-паркавы комплекс – недаравальна. Па дарозе да палаца Раман і сам аддаўся настальгіі. У часы СССР тут быў Палац піянераў, менавіта туды бацька прывёў 13-гадовага Рамана.

– У вежах палаца базіравалісь вакальна-інструментальныя ансамблі, – распавёў мастацкі кіраўнік «Песняроў». – Была група выканаўцаў «цяжкага металу» і блюзменаў. Вось я быў у другім, а кіраваў намі вядомы гомельскі музыкант Аляксандр Цыганок, я прайшоў выдатную школу ў яго.

Амаль за тры гадзіны да канцэрту музыканты сабраліся на саўнд-чэк, а прасцей кажучы, рэпетыцыю. Вакалісты спявалі, музыканты разыгрываліся, гукарэжысёр Барыс Грыдзін выбудоўваў гук. Так, жывы гук справа клапотная…

Козыраў па сакрэце распавёў, што арганізатары аднаго з канцэртаў прапаноўвалі «Песнярам» выступіць пад фанаграму. Маўляў, трэба ўкласціся па часе, у фармат ўрачыстага сходу, каб усё было ідэальна, а то на канцэрце чакаюцца чыноўнікі высокага рангу. Але Раман настаяў на жывым гуку. На саўнд-чэку наладзілі тэхніку, праўда, потым яе прыйшлося прыбраць са сцэны. «Песняры» праспявалі а капэла «Паланэз», за гэтыя шэсць хвілін тэхнікі выставілі апарату і далей музыканты выступалі так, як прывыклі ужывую. У выніку арганізатары канцэрту падзякавалі Раману за тое, што настаяў на жывым гуку.

За паўгадзіны да канцэрта да «Песняроў» прыйшла цэлая дэлегацыя гомельскіх калег. А я тым часам паразмаўляла з адміністратарам цэнтра культуры. Яна паскардзілася, што прадаваць квіткі на канцэрты беларускіх артыстаў цяжка нават пры даступнасці цэнаў. Квіток на «Песняроў» каштуе ад 15 да 20 рублёў. Між тым, на канцэрт Валерыя Меладзэ цэннік ад 120 рублёў і ніжэй. «Людзі купляюць квіткі на тых, каго бачаць па тэлевізары, патлумачыла адміністратар і задалася рытарычным пытаннем: А колькі паказваюць беларускіх артыстаў»? Сапраўды, расійская медыя-прысутнасць у нашай краіне вялікая і Валерыя Меладзэ мы бачым часцей, чым, напрыклад, Валерыя Дайнеку. Праўда, у гэтым годзе тэлеканал СТБ зрабіў нямала, каб выправіць сітуацыю, і правёў шэраг канцэртаў «Залатая калекцыя беларускай песні» ў вялікіх і малых гарадах нашай краіны, арганізаваў іх трансляцыю. «Песняры» прымалі ўдзел практычна ва ўсіх выпусках «Калекцыі». Зрэшты, дзякуючы гэтаму праекту і іншыя нашы артысты з'явіліся «ў тэлевізары».

А тым часам на гомельскую сцэну выйшлі «Песняры». Калі яны выконвалі класіку з рэпертуару ансамбля – «Александрыну», «Слуцкія ткачыхі», «Алесю», «Нашы любімыя» можна яшчэ было падумаць, што людзі, настальгуючы, апладзіруюць мінуламу. Але калі яны заспявалі «Жняю», «Кацярынку маладую», «Я ліцвін», «Няхай цячэ рака» і «Гэй, кола», публіка таксама была шчодрая на апладысменты.

Самі музыкатнты лічаць, што сакрэт у жывым гуку. А ў публікі сваё меркаванне: «Музыканты шчыра любяць тое, пра што яны спяваюць, вельмі лёгка і ўпэўнена адчуваюць сябе на сцэне і нас заражаюць сваім азартам і шчырасцю». Лепш не скажаш, «народныя» рэцэнзіі – яны заўсёды самыя дакладныя. 


Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота аўтара і Арцёма ПЯСЕЦКАГА

Відэа прадастаўлена БДА "Песняры"

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары

Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 4 млн квадратных метраў агульнай плошчы жылля.

Грамадства

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?

У нашым акружэнні практычна заўсёды знойдзецца песіміст, нечым пакрыўджаны, запальчывы чалавек, вакол якога заўсёды скандалы і звадкі. 

Грамадства

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Па ўсёй краіне наступіў час школьных базараў

Скідкі, растэрміноўкі і шырокі асартымент