Вы тут

Адраснае субсідаванне будзе сканцэнтравана на шматдзетных сем'ях


У гэтай пяцігодцы запланаваны ўвод у эксплуатацыю Беларускай атамнай электрастанцыі і, адпаведна, выпрацоўкі электрычнай энергіі. У сувязі з гэтым ужо з 2017 года пачалося праектаванне новых жылых дамоў для будаўніцтва іх з 2018 года з разліку прымянення электрычнасці не толькі для гатавання ежы, але і для абагравання і атрымання гарачай вады. Аб блізкіх перспектывах будаўніцтва жылля ў нашай краіне «Звяздзе» расказаў начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр ГОРВАЛЬ.


— Інфармацыя ў інтэрнэце аб тым, што з 2018 года ўсе новабудоўлі будуць здавацца выключна з электраплітамі, а дамы з газавымі плітамі стануць рэдкасцю, выклікала вялікі рэзананс... Ці так гэта?

— Меркаванне, што мы зараз усе будзем пераходзіць на электрычнасць, у прынцыпе не зусім дакладнае. Там, дзе ёсць цеплавыя магутнасці, дзе цеплакрыніцы падключаныя, усё будзе і далей працаваць у ранейшым рэжыме. Тэма дадатковага выкарыстання электрычнасці закранаецца толькі ў тых выпадках, дзе недастаткова магутнасцяў і няма адпаведных цеплавых сетак, і яшчэ для таго, каб спрасціць неабходную інфраструктуру і паменшыць выдаткі на яе стварэнне. Гэта не значыць, што цяпер мы пачнём масава адмаўляцца ад газу і будзем будаваць дамы выключна з электраплітамі. Абодва варыянты будуць выкарыстоўвацца зыходзячы з магчымасцяў і патрэб і згодна з рацыянальным выкарыстаннем існуючых магутнасцяў. Цеплавыя станцыі ніхто закрываць не будзе. Па гэтым пытанні запланаваны ўзважаны збалансаваны падыход.

— З улікам гэтых перспектыў частка новабудоўляў будзе ўсё ж сапраўды праектавацца з цалкам электрычнай «начынкай». Калі мы іх убачым?

— Налета згаданыя аб'екты будуць пачынаць узводзіць з такім разлікам, каб яны былі здадзены ў эксплуатацыю да моманту пуску БелАЭС. Да гэтай даты будзе пабудавана прынцыпова новае «электрычнае» жыллё. Цяпер у такім кірунку распрацоўваюцца тэхнічныя прылады па больш рацыянальным выкарыстанні электрычнасці для ацяплення і падагрэву вады. Распрацоўваюцца нарматывы кошту электрычнасці для азначаных патрэб, а таксама вядзецца іншая падрыхтоўчая работа.

— Цяпер аб больш блізкай перспектыве. Як рэалізуецца Указ №240 — аб адрасным субсідаванні ў жыллёвым будаўніцтве?

— Справа па гэтым дакуменце актывізавалася.

— Субсідыі і крэдыты сёння выдае адзін банк?

— Не. Гэтым займаюцца Беларусбанк, Белаграпрамбанк, БПС-Ашчадбанк і Белінвестбанк.

— Што датычыцца саміх тэмпаў выдачы крэдытаў?

— Усяго на адраснае субсідаванне ў жыллёвым будаўніцтве ў 2017 годзе прадугледжана 209 млн рублёў. Дзяржаўныя субсідыі могуць выдзяляцца на выплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытам на будаўніцтва жылля, атрыманым грамадзянамі ў любым з названых камерцыйных банкаў, а шматдзетным і маладым сем'ям і дзецям-сіротам — таксама на пагашэнне часткі асноўнага доўгу па такіх крэдытах.

Па стане на 8 снежня прынята 3520 рашэнняў па выдзяленні субсідый, заключана 1860 дагавораў, у тым ліку на індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва — 486 дагавораў. Аб'ём адкрытых крэдытных ліній па гэтым кірунку складае 95,6 млн рублёў, у тым ліку — 28,9 млн рублёў на індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва. Акрамя таго, калі для рэалізцыі праекта спатрэбіцца большая сума, то банкаўская сістэма можа раскашэліцца і болей.

Менавіта таму мы разлічваем максімальна выбраць гэтыя крэдыты да канца года для таго, каб ажыццявіць максімальнае замяшчэнне 13-га ўказа 240-м указам.

— Які аб'ём субсідый плануецца накіраваць у будаўніцтва ўжо ў наступным годзе?

— Па рэалізацыі 240-га ўказа запланавана выдзеліць 530 млн рублёў. А ў цэлым фінансаванне па ўказах 13-м і 240-м дазволіць пабудаваць з дзяржаўнай падтрымкай не менш чым 900 тысяч квадратных метраў жылля.

Гэта дазволіць пабудаваць налета на 500 тысяч квадратных метраў жылля больш, чым запланавана па дзяржпраграме.

— Хто рэальна зможа разлічваць на адраснае субсідаванне ў наступным годдзе?

— Як і сёлета, у наступным годзе дзяржаўная падтрымка сканцэнтравана на шматдзетных сем'ях. Каля 7 тысяч шматдзетных сем'яў мяркуецца забяспечыць жыллём у 2018 годзе. На самай справе гэта няшмат, таму што па стане на 1 студзеня 2017 года ў нас у жыллёвай чарзе налічвалася 30,4 тысячы шматдзетных сем'яў.

Так, з іх дзесьці 5 тысяч цяпер знаходзяцца ў стадыі будаўніцтва, яшчэ 7 тысяч прыступяць да будаўніцтва ў наступным годзе. Але гэтага недастаткова, бо чарга рухаецца вельмі марудна. Не забяспечваецца на працягу года магчымасць уступлення ў будаўніцтва ў якасці шматдзетнай сям'і на працягу года. Гэта назіраецца ў цэлым шэрагу рэгіёнаў, асабліва ў буйных гарадах, у тым ліку ў Мінску.

— Якія яшчэ катэгорыі могуць спадзявацца на атрыманне адрасных субсідый?

— Устаноўлена доля для вайскоўцаў — да 10% ад аб'ёму ўсёй дзяржаўнай падтрымкі. А астатняе, што будзе заставацца, трэба ўмоўна дзяліць на 16 катэгорый, якія маюць права на дзяржаўную падтрымку згодна з чарговай.

Мы з даволі вялікай доляй аптымізму глядзім у будучыню, спадзяёмся, што калі агульнаэканамічныя тэндэнцыі захаваюцца як і сёлета, то грошай па 240-м указе ў банкаўскай сістэме будзе выдзелена і больш. Што я маю на ўвазе? Зараз цэлы шэраг камерцыйных банкаў прыглядаецца да схемы 240-га ўказа і зацікаўлены ўключыцца ў крэдытны працэс з уласнымі сродкамі. Крэдытныя лініі адкрываюцца выключна за кошт уласных грошай банкаў.

— Ці плануюць у нас далей будаваць арэнднае жыллё?

— Па арэндным жыллі трэба захаваць узровень бягучага года. Гэта звязана з тым, што бюджэтныя рэгіянальныя магчымасці не дазваляюць павялічваць фінансаванне. Акрамя таго, у мінулым годзе і ў гэтым ішоў завяршальны этап прыватызацыі дзяржаўнага жылля. Былі даволі вялікія паступленні ад прыватызацыі, якія накіроўваліся на будаўніцтва. Прыватызацыя скончылася, і крыніца фінансавання будаўніцтва арэнднага жылля закрылася. Цяпер аб'ёмы папаўняюцца толькі за кошт зваротных сродкаў наяўнага жылога фонду. А гэта няшмат.

— Як ідуць справы з развіццём праектаў узвядзення гарадоў-спадарожнікаў?

— На жаль, нейкага прарыву ў гэтым кірунку цяпер мы не бачым. Узровень выканання задач прыкладна на тым жа паказчыку, як і летась. Для спадарожнікаў у першую чаргу складана вырашыць пытанні па стварэнні інфраструктуры. Там вельмі вялікія выдаткі менавіта на новых пляцоўках, якія не забяспечаны неабходнымі камунікацыямі. Плюс неабходна падцягваць да пэўнага ўзроўню агульнагарадскія аб'екты — ачышчальныя збудаванні, падачу вады і астатняе, каб дадатковыя раёны далучыць. А аб'ём фінансавання інфраструктуры застаецца на ўзроўні 2016 года. Ён не павялічваецца, таму і магчымасці масавага развіцця інфраструктуры ў новых раёнах гарадоў-спадарожнікаў істотна абмежаваныя.

У тэму

Памер субсідыі на выплату часткі працэнтаў для сем'яў з трыма непаўналетнімі дзецьмі будзе раўняцца стаўцы рэфінансавання плюс 2%, з чатырма і больш непаўналетнімі дзецьмі — стаўцы рэфінансавання плюс 3%, з трыма і больш дзецьмі да 23 гадоў, для дзяцей-сірот і дзяцей, пакінутых без апекі бацькоў, — стаўцы рэфінансавання плюс 2%. Сем'ям з чатырма і больш дзецьмі асноўны доўг будзе пагашаны на 100%, з трыма дзецьмі ва ўзросце да 23 гадоў — на 95%, дзецям-сіротам — на 35%, маладым сем'ям пры нараджэнні аднаго і дваіх дзяцей — на 10% і 20% адпаведна.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: «Электражыллё» ўжо не фантастыка

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.