Вы тут

Баляслаў-Свідрыгайла Альгердавіч (1370—1452)


Свідрыгайлу было цесна ў сваёй эпосе і ў сваёй краіне. Яго няўрымслівая натура прагнула дзеяння, але не стваральнага, дбайнага, а разбуральнага, бязладнага. Ён, як беспрытульны вецер, шугаў з краю ў край, не прызнаючы ні межаў, ні ўмоўнасцяў, ні законаў, бо лічыў, што свет створаны для яго, а пасля, выдыхнуўшыся ад бясплённасці, у бяссіллі аціх... «Гэты князь не прыслухоўваецца да розуму, бо не вызначаецца розумам, але чыніць тое, да чаго цягнуць яго сляпыя пачуцці», — пісаў пра Свідрыгайлу польскі прымас Збігнеў Аляскіцкі. Агульнае меркаванне пра Свідрыгайлу занатаваў у сваёй «Хроніцы» Ян Длугаш: «Ён любіў забаўляцца, натуру меў велікадушную, але зменлівую і парывістую, розумам і здольнасцямі не вызначаўся, не было ў ім разважлівасці ды павагі, часта, калі ён падаваўся шалёнаму гневу, настрой мяняўся ў яго пад надувам ветру, бо ў ім вечна змагаліся розныя і супраціўныя пачуцці. Нягледзячы на гэта, вялікаю шчодрасцю і п'янкамі ён здабыў сабе прыязнь багатых, асабліва русінаў, бо хоць быў сам католікам, паказаў вялікую прыхільнасць да іх веры».


Выява Свід­ры­гай­лы з кні­гі Аляк­санд­ра Гва­ні­ні, 1578 год.

Цяжка было з такім характарам не тое што правіць ВКЛ, але ўтрымаць сваю ўладу. Але ён лічыў сябе годным вялікакняжацкага пасаду і ўсё жыццё змагаўся за яго. Лічыў сябе абдзеленым братам Ягайлам, пакрыўджаным ім за тое, што прызначыў вялікім князем не яго, Альгердавіча, законнага спадкаемца іх бацькі, а «чужынца» Вітаўта. А крыўда пад хмяльным парам кіпела ў душы помстай. Ён узненавідзеў брата, якога лічыў прычынай сваіх няшчасцяў, свайго другараднага становішча. Проста Свідрыгайла не ўмеў чакаць, не ўмеў рабіць з сябе асобу, вартую быць правіцелем, лічачы, што само паходжанне ўжо зрабіла яго ўладаром.

Застаўшыся без удзела, якога Ягайла яму не даў, асцерагаючыся бяды ад гэтай нясталай натуры, Свідрыгайла ў 1393 г. з дапамогай лівонскіх рыцараў захапіў Віцебск. Ягайла палічыў захоп выклікам сваёй уладзе, пасяганнем на сваю спадчыну, і па ягоным загадзе Вітаўт з войскам доўгай аблогай вымусіў Свідрыгайлу здацца. Ні гэтая прыкрая няўдача, ні «шаноўны палон» на Кракаўскім двары пад наглядам пільнай аховы не абразумілі Свідрыгайлу. Ён хацеў быць вольным, самому сабе гаспадаром, не падначальвацца не толькі брату і дзяржаўным законам, але, пэўна, і самому Богу. І калі Ягайла вызваліў яго, зноў не даўшы воласці, Свідрыгайла ў 1396 г. з дапамогай тых жа крыжакоў захапіў Віцебск. Меў ён там сваіх прыхільнікаў, бо доўгі час жыў у горадзе разам з маці. А п'янкамі і шчодрымі падачкамі лёгка набыць «сяброў». І на гэты раз Вітаўт адваяваў горад, а самога Свідрыгайлу адправіў да... Ягайлы ў Кракаў. Ягайла вырашыў улагодзіць брата, аддаўшы яму Ноўгарад-Северскі і Усходняе Падолле. Свідрыгайла пакляўся ў вернасці Вітаўту. Як ягоны васал біўся з татарамі ў трагічнай бітве на Ворcкле, у якой вызначыўся храбрасцю і смяротна параніў залатаардынскага хана Цемір Куткуя. Разам з Вітаўтам уцякаў ад татарскай пагоні. Агульная бяда не зблізіла іх. Паражэнне было на руку Свідрыгайлу, які цяпер дзейнічаў па такім прынцыпе: чым горшае становішча дзяржавы, тым лепш яму.

Свідрыгайла зноў уцёк і чарговы раз дамовіўся з крыжакамі. Падобныя дамовы, вядома ж, патрабавалі ахвяр, і Свідрыгайла абяцаў аддаць ім Жамойць і Полацк. На гэты раз Свідрыгайла хацеў завалодаць Вільняй. У 1402—1403 гг. крыжакі хадзілі на Вільню, але не ўзялі сталіцы. Давялося Свідрыгайлу мірыцца з Вітаўтам. Нават атрымаўшы свае ранейшыя ўладанні і ў дадатак да іх Заходняе Падолле, Свідрыгайла застаўся незадаволены сваім удзельным статусам. У 1408 г. ён з вялікай світай праваслаўных князёў і баяр са сваіх уладанняў ад'ехаў у Маскву, спадзеючыся на дапамогу маскоўскага князя Васіля Дзмітрыевіча. Той хоць і быў зяцем Вітаўта, але прыняў яго зацятага недруга і перадаў яму вялікія ўладанні з былым стольным Уладзімірам. Аднак калі ў 1409 г. трэба было абараняць Маскоўскую Русь ад татар, «ганарысты Свідрыгайла з храбраю яго Літвою нідзе зусім не перамог іншапляменнікаў», — з'едліва заўважае летапіс.

Зганьбіўшы сябе баязлівасцю, Свідрыгайла вярнуўся ў ВКЛ. Вітаўт, каб не мець з ім болей клопату, асабліва напярэдадні Вялікай вайны з Ордэнам, папросту запаланіў мяцежнага князя і схаваў у Крамянецкім замку. Дзевяць гадоў у цяжкіх кайданах могуць зламаць любога, але Свідрыгайла не зламаўся, толькі ўзлаваўся душой на сваіх крыўдзіцеляў.

Пя­чат­ка Свід­ры­гай­лы.

Вызвалілі яго ў 1318 г. непрыхільныя да палітыкі Вітаўта князі. Свідрыгайла зноў шукаў паразумення з даўнімі сваімі «сябрамі» крыжакамі і не паразумеўся. Пасля Грунвальдскай катастрофы Ордэн быў ужо не той магутнай сілай, каб пускацца ў чарговую авантуру з князем-няўдачнікам. Памірыўшыся з Вітаўтам, Свідрыгайла атрымаў ад яго Чарнігаў і Трубчэўск і дачакаўся ў 1430 г. ягонай смерці.

І тут высветлілася, што гэты няўдачнік аб'яднаў вакол сябе раць праваслаўных князёў, а гэта была сапраўдная сіла, пад ціскам якой Ягайла прызнаў Свідрыгайлу вялікім князем. Вось так ажыццявілася ягоная юнацкая мара.

Высветлілася, што правіць дзяржавай трэба было навучыцца. Ад бацькі Свідрыгайла не пераняў такіх ведаў. Ён масава замяняў ненавісных яму Вітаўтавых паслугачоў сваімі «русінамі», чым выклікаў незадавальненне католікаў-літвінаў. А больш — трывогу ў Польшчы, якая баялася згубіць свой уплыў на ВКЛ. А калі палякі захапілі Падолле і напалі на Усходнюю Валынь, Свідрыгайла пайшоў з войскам на палякаў. Яго гэтак і не ўдалося ўгаварыць саступіць Польшчы Падолле і Валынь і зрабіцца паслухмяным намеснікам польскага караля ў ВКЛ. Тады палякі з дапамогай сваіх паслугачоў у Літве 1 верасня 1432 г. здзейснілі дзяржаўны пераварот і пасадзілі вялікім князем згаворлівага брата Вітаўта, старадубскага князя Жыгімонта. Свідрыгайла ледзь выратаваўся, уцёкшы ў Полацк, дзе яго падтрымалі.

У 1432—1439 гг. адбывалася вайна паміж Вялікім Княствам Літоўскім на чале з польскім стаўленікам Жыгімонтам Кейстутавічам і Вялікім Княствам Рускім на чале са Свідрыгайлам Альгердавічам. У агні гэтай вайны згарэў плён Вітаўтавых высілкаў. Вайна падзяліла не толькі дзяржаву на варожыя станы, але і людзей: часам прадстаўнікі адной сям'і ваявалі адзін супраць аднаго — гэта была братазабойная вайна. Свідрыгайла прайграў яе, але бура, паднятая ім, ледзь не накрыла з галавой і польскага стаўленіка ў Вільні, і ягоных памагатых. Яны вымушаны былі прызнаць роўнасць палітычных і маёмасных правоў праваслаўных з каталікамі, адмовіцца ад прапольскай палітыкі. Так сваёй разбуральнай дзейнасцю Свідрыгайла, па сутнасці, выратаваў ВКЛ ад зліцця яго з Польскім каралеўствам.

Сваё жыццё ён дажыў валынскім князем у Луцку, перадаўшы перад смерцю Валынь Вялікаму Княству насуперак дамаганням ненавісных яму палякаў. Гэта быў сапраўды патрыяршы дар Айчыне, перад якой ён усё ж, пэўна, адчуваў віну і хацеў яе выкупіць.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?