Вы тут

Выдадзена персанальная энцыклапедыя «Францыск Скарына»


Мы цэлы год святкавалі 500-годдзе беларускага кнігадрукавання выданнямі, выстаўкамі, канферэнцыямі, нават тэатральнымі пастаноўкамі, згадвалі Францыска Скарыну на ўрачыстасцях, прэзентацыях і ва ўласных дамах, даведваліся новыя факты з жыцця першадрукара і бачылі ў ім нацыянальны сімвал. А ўчора нам паведамілі пра чарговае ў гэтай тэме, але надзвычайнае выданне — персанальную энцыклапедыю «Францыск Скарына», над якой працавала каля ста пяцідзесяці аўтараў і якая ўмясціла ў сябе больш за тысячу артыкулаў.


Дзяржаўныя выдавецтвы за 2016—2017 гады прымеркавалі да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання больш за дваццаць кніжных праектаў. «За паўтара года мы выпусцілі дванаццаць прысвечаных беларускаму кнігадруку выданняў агульным тыражом васямнаццаць тысяч экзэмпляраў», — паведаміў дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Уладзімір Андрыевіч.

У гэтым жа выдавецтве пабачыла свет і персанальная энцыклапедыя «Францыск Скарына», свежыя асобнікі якой ужо ўчора паказалі журналістам. Па словах навуковага рэдактара энцыклапедыі і намесніка дырэктара па навуковай і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Алеся Сушы, праца над выданнем ішла два гады, а шлях да яго — каля васьмі. За гэты час трэба было вызначыць, ці дарасло сучаснае скарыназнаўства да паўнавартаснага збору артыкулаў, які б умясціў тое, чаго дагэтуль у друку яшчэ не было. Аказалася — дарасло.

«Адзін з найлепшых даведнікаў пра Скарыну выйшаў трыццаць гадоў таму. Калі адбылося наша першае абмеркаванне зместу будучай энцыклапедыі, узніклі сумненні, ці зможам мы скласці такі калектыў, які б асіліў працу. У выніку, калі працэс ужо пайшоў, пачалася ледзь не бойка за права быць аўтарам энцыклапедыі, а на многія тэмы выстройвалася чарга з тых, хто мог бы выступіць у ролі эксперта. Сам па сабе гэты факт ёсць найлепшае сведчанне навуковай спеласці і гатоўнасці беларусаў да асэнсавання сваёй спадчыны», — расказаў Алесь Суша.

Такім чынам, у прадстаўленай кнізе сабраныя напрацоўкі апошніх гадоў дзясяткаў беларускіх і замежных аўтараў і абагульнены ў сціслай, але насычанай форме, а такі рэдкі для айчыннай навуковай і выдавецкай справы фармат, як персанальная энцыклапедыя, нарэшце аказаўся прысвечаны Францыску Скарыну.

Як вядома, напярэдадні 500-годдзя беларускага кнігадрукавання па ініцыятыве Міністэрства інфармацыі быў створаны аргкамітэт, які распрацаваў план прымеркаваных да свята падзей. Тэма ў выніку знайшла адлюстраванне на Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, у свяце «Александрыя збірае сяброў», Дні беларускага пісьменства ды іншых. А ўжо заўтра ў Нацыянальнай бібліятэцы адбудзецца фінальнае мерапрыемства пад назвай «Святло Скарыны», дзе паспрабуюць падвесці вынік паўтарагадовай скарыніяны.

Сафія КІСЯЛЁВА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Энцыклапедыя бы вішанька на торце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».