Вы тут

Вольга Хіжынкова: Іду шляхам пераадолення сябе


«Міс Беларусь» 2008 года гэтай восенню паспяхова пераадолела дыстанцыю ў 42 кіламетры на Фларэнційскім марафоне ў Італіі. Як ёй удавалася сумяшчаць дзве работы і дадаваць да іх штодзённыя трэніроўкі, чым захапляе дзяўчыну беларускі футбол і як яна трапіла на працу ў каманду «Дынама-Брэст» — аб усім гэтым мы пагутарылі з беларускай прыгажуняй.


— Вольга, што і казаць, вы ўмееце здзіўляць...

— У мяне проста шмат заняткаў, і захапляюся імі заўсёды па-сапраўднаму. А здзіўляюцца людзі тады, калі робіш тое, чаго ад цябе не чакаюць.

— Напрыклад што?

— Нават тыя, хто мяне добра ведае, нярэдка ў шоку ад таго, што я магу ўзяць на рукі бяздомнае кацяня, не баючыся заразіцца. Дарэчы, такіх выпадкаў, дзякуй богу, пакуль не было.

— Вядома, што вы даўно займаецеся выратаваннем такіх жывёл. Лячыць даводзіцца за свае грошы?

— Так, безумоўна. Але вось летась упершыню папрасіла праз сацсеткі дапамогі. Знайшла на гарадской паркоўцы сям'ю з пятнаццаці катоў. Усе яны былі хворыя — з інфекцыяй вачэй. Я зразумела, што мне адной не справіцца. Бязмежна ўдзячная ўсім, хто прыходзіць на дапамогу, нярэдка гэта людзі, з якімі я не знаёмая. Каля 70 рэпостаў у сацсетках — вялікая колькасць, і без такой падтрымкі мая дзейнасць была б бессэнсоўная і безвыніковая. Імкнуся ўсім знайсці гаспадароў. За гэты час некаторыя аселі ў мяне: сабака Жужа і тры каты. Напрыклад, сваю белую котку Марусю я першапачаткова ўзяла на ператрымку. Яна была такая нясмелая, хтосьці яе моцна крыўдзіў дагэтуль. Доўгі час хавалася пад ваннай. Я зразумела, што, калі аддам у іншую сям'ю, гэта будзе ў адносінах да яе здрада. Аднойчы ехала да бацькоў, на трасе ляжаў збіты машынай сабака, быў яшчэ жывы. Вылечыла, доўга шукала гаспадароў, вельмі да яго прывязалася і зразумела, што трэба пакідаць сабе. Сярод маіх жывёл поўная гармонія: Жужа выдатна ўжываецца з катамі, гуляюць адно з адным і не сумуюць, пакуль нікога няма дома. Колькі выратавала жывёл? Не лічыла спецыяльна, мяркую, што каля сотні будзе дакладна.

— Сярод вашых захапленняў — бег. Калі вырашылі замахнуцца на марафонскую дыстанцыю?

— Бегам пачала займацца, калі рыхтавалася да конкурсу «Міс Беларусь» — дзесяць гадоў таму. Вельмі спадабалася: знаходзішся сам-насам са сваімі думкамі і пасля нагрузкі адчуваеш неверагоднае пачуццё лёгкасці. Першы свой паўмарафон прабегла ў 2012 годзе. Было спякотнае надвор'е, і дыстанцыя, дарэчы, далася мне няпроста. Але тады і вырашыла, што калі-небудзь абавязкова прабягу 42 кіламетры. Хацелася прайсці шлях пераадолення сябе. Пачынаючы з 2015-га я штогод прымала ўдзел у сталічных паўмарафонах. Дарэчы, больш непадыходзячага часу ў жыцці для падрыхтоўкі і ўявіць складана. У мяне зараз дзве работы, якія займаюць увесь час. Але я вырашыла, што ў гэтым годзе прабягу абавязкова. І аказалася, што ўсё магчыма. Калі ты любіш тое, чым займаешся, усё атрымаецца. Можна прачнуцца раней ці пазней легчы. Так, будзе не 8 гадзін сну, а 6,5, але гэта таго вартае.

— Што было самым складаным падчас марафону?

— Да падрыхтоўкі я падышла грунтоўна, займалася з прафесійным трэнерам. Таму на дыстанцыі адчувала сябе добра. Бегла і ўспамінала свае начныя трэніроўкі: затрымліваешся на працы, позна прыходзіш дадому і замест таго, каб ісці спаць, як усе нармальныя людзі, ідзеш на стадыён. Радавалася, што мне хапіла сілы волі добрасумленна выканаць усё тое, што патрабавалася. У марафонцаў ёсць такое паняцце, як сцяна. Яна «вырастае» пасля 35 кіламетраў, калі засталося зусім няшмат, але цела вельмі стомленае, таму апошнія 7 кіламетраў і псіхалагічна, і фізічна даюцца цяжка. Я гэтага таксама баялася, але са мной такога не здарылася.

— Колькі даводзілася прабягаць падчас трэніровак?

— За тыдзень — да 80 кіламетраў. Самыя доўгія дыстанцыі — па выхадных, 20—35 кіламетраў. Праўда, марафонскую падчас трэніровак ніколі не прабягала.

— Для навічка паказалі выдатны вынік — 3 гадзіны 53 хвіліны...

— Зразумела, я не разлічвала, што прабягу хутчэй, чым за чатыры гадзіны, і прыемна, што так атрымалася. У гэты дзень збылася мая асабістая мара. Дзякуй майму трэнеру, які бег побач, падтрымліваў і стрымліваў, калі я хацела задаць тэмпу.

— Раскажыце пра вашу работу. Летась у футбольнага клуба «Дынама-Брэст» з'явіўся новы спонсар, арабскі шэйх...

— У каманду на пасаду прэс-сакратара запрасіў мяне не ён, а мой добры знаёмы, дырэктар па развіцці Віктар Радзькоў. У мяне быў вопыт работы ў прэс-службах, праўда, на той час я была занятая ў Нацыянальнай школе прыгажосці. Сумяшчаць не вельмі хацелася. Але мяне ўсё ж угаварылі паспрабаваць. Цяпер я не ўяўляю сябе без гэтай справы, сваёй каманды. Сачу за ўсімі футбольнымі клубамі найвышэйшай лігі. Спорт прыцягвае тым, што ён сумленны: ёсць матч — ёсць вынік. Пабывала ў гэтым сезоне амаль на ўсіх дамашніх і выязных матчах сваёй каманды.

— Чым займаецеся ў Нацыянальнай школе прыгажосці?

— У мяне чатыры групы, у якіх я выкладаю дэфіле. Гэта дзяўчаты-падлеткі ад 12 да 15 гадоў. У мяне з імі склаліся вельмі добрыя, сяброўскія адносіны. Часам пасля складанага дня ў клубе іду туды ўвечары і адчуваю, што выціснутая як лімон. Але ў мяне няма права выконваць сваю работу не на 100 працэнтаў. Прыходжу да іх і літаральна праз 10 хвілін адчуваю прыліў бадзёрасці. Мне здаецца, яны даюць мне больш, чым я ім. Часам выхоўваю іх, імкнуся ўберагчы ад нейкіх памылак. Напрыклад, пытаюць: «Вольга Мікалаеўна, а колькі ў вас татуіровак?» Ніводнай, бо хапіла ў свой час розуму не рабіць іх. І яны прыслухоўваюцца да мяне. Усім дзяўчатам, у тым ліку і тым, якія едуць на конкурсы прыгажосці, тлумачу: трэба нечым цікавіцца, развівацца. Дзяўчынка, на якую хочацца глядзець, — гэтага мала. Таму на конкурсах я спачатку чытаю біяграфію дзяўчат, а потым гляджу на іх выгляд. Зрэшты, і ў маёй біяграфіі да «Міс Беларусь» нічога асаблівага не было. Я нарадзілася на Віцебшчыне, у вёсцы Забароўе Лепельскага раёна. Вучылася ў вясковай школе, пасля ў Віцебскім каледжы лёгкай прамысловасці. На бюджэт ва ўніверсітэт імя Машэрава не паступіла, вучыцца платна не было магчымасці. Каб не губляць год, працавала ў сваім жа каледжы, кіравала тэатрам моды. У гэты год ішоў адбор на конкурс «Міс Беларусь». Усе знаёмыя раілі ўдзельнічаць. Я не ставілася да яго сур'ёзна, але вырашыла паспрабаваць. Памятаю, прыехала на кастынг, ён праходзіў у Лядовым палацы. А чарга цягнулася ад самага ўвахода, займала ўвесь першы паверх і падымалася на лесвіцу... Я разглядала дзяўчат: усе былі такія прыгожыя! Думала, магчыма, хтосьці з тых, хто стаіць побач са мной, стане пераможцай... Кожны дзень падрыхтоўкі да фіналу быў для мяне цікавым і насычаным. Як быццам бы трапіла ў піянерскі лагер: трэнажорная зала, басейн, харэаграфія. Я ўспрымала ўсё як нейкую цікавую прыгоду... Пасля перамогі мне падарылі аднапакаёвую кватэру і я пераехала ў Мінск. Жыву ў ёй, дарэчы, і цяпер. Паступіла і скончыла Інстытут журналістыкі БДУ. Пасля «Міс Беларусь» удзельнічала ў конкурсе «Міс свету», і больш конкурсаў прыгажосці ў маім жыцці не было. Запрашалі, але я адмаўлялася ад усіх прапаноў.

— Не шкадуеце аб гэтым сёння?

— Ні ў якім разе. Тады я дзейнічала правільна і даволі мудра для свайго ўзросту. Шкадаваць магу хіба аб тым, што, калі было больш часу для развіцця і самаадукацыі, я не ў поўнай меры яго выкарыстоўвала...

— Часта бываеце ў роднай вёсцы?

— Так, кожны месяц. Там дагэтуль жывуць мае бацькі. Летам, калі ў вёсцы больш заняткаў, езджу часцей. Я — чалавек прыроды. Прагуляцца з сабакамі, назбіраць грыбоў — выдатны адпачынак, хоць падарожнічаць у іншыя краіны я таксама люблю. Але менавіта там, у вёсцы, жывішся энергіяй, каб з новымі сіламі вярнуцца ў Мінск і працаваць.

Алена КРАВЕЦ

krаvеts@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем'і і.

Палітыка

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Беларускі парадак дня нікому не дае расслабіцца, час не дазваляе.

Грамадства

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Дзяжурныя службы — вушы і вочы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.