Вы тут

Як стаць «каралём вуліцы»


Брэйк-данс, паркур, варкаўт, футбольны фрыстайл, стрытбол... Усяму гэтаму можна навучыцца ў аддзяленні вулічнай культуры і спорту пры сталічным Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Вікторыя». Тут прымаюць нават тых, хто не ўмее адціскацца, і знаёмяць з майстэрствам імправізаваць і правільна падаць.


З «варэніка»ў алімпійцы

Аддзяленне адкрылася ў мінулым годзе. Сёння тут працуюць дзевяць педагогаў і трэніруюцца каля 270 дзяцей. Звычайна паркурам і стрытболам падлеткі займаюцца ў дварах. Навошта іх збіраць у залах?

— З-за нашага клімату ні адзін з гэтых напрамкаў не можа існаваць на вуліцы круглы год. Цяпер там мокра і слізка, таму ёсць небяспека атрымаць траўму. Плюс у залах дзеці трэніруюцца пад наглядам, а не самі па сабе, — тлумачыць загадчык аддзялення Аляксандр ВОЙНАЎ.

Пакуль цэнтру не хапае педагогаў па скейтбордынгу, экстрэмальным катанні на веласіпедзе і роліках, самакатным спорце. Трэнеры, дарэчы, праходзяць сур'ёзны адбор.

— Мала быць прафесіяналам у сваім відзе спорту, — заўважае Аляксандр. — Трэба быць адказным, правільна выкладаць матэрыял, забыцца на сваю «зорнасць». Мы спачатку глядзім на чалавечыя якасці, а ўжо потым — на дасягненні. Даход тут невысокі, бо бюджэтная ўстанова, таму педагог мусіць быць фанатам сваёй справы і працаваць за жаданне «пракачаць».

У секцыях у асноўным займаюцца хлопчыкі. Самым малодшым — чатыры гады: у столькі бяруць на брэйк-данс. На паркур можна запісацца з дзесяці гадоў. «У гэтым раёне шмат дзяцей з праблемных сем'яў, і спорт для іх — выратаванне. Тут яны сваю энергію могуць накіраваць у патрэбнае рэчышча», — лічыць загадчык аддзялення.

Калі адных трэба ўтаймаваць, то іншых, занадта «цяплічных», наадварот, разварушыць. «Прыходзяць «варэнікі», якія не ведаюць, як адціскацца і рабіць кулёк. Чуў добрую фразу пра тое, што мы цяпер жывём у свеце не застою, а заседжвання. Моладзь рэдка праводзіць час актыўна».

Вулічныя кірункі спорту яшчэ і перспектыўныя. Так, стрытбол і скейтбордынг уключаны ў праграму летніх Алімпійскіх гульняў у Токіа, якія пройдуць у 2020-м. А ў наступным годзе на юнацкай Алімпіядзе ў Аргенціне чакаюцца спаборніцтвы па брэйк-дансе.

На першым месцы — свой стыль

У зале на другім паверсе ўжо гамоняць дзеці. Аляксандр Войнаў спяшаецца туды — вучыць школьнікаў брэйк-дансу. Сам ён дзевяць разоў станавіўся чэмпіёнам краіны па гэтым відзе танцаў.

— У брэйк-данс я прыйшоў позна, у 18 гадоў, бо да гэтага займаўся грэка-рымскай барацьбой. Перастроіцца аказалася нескладана: я быў добра фізічна падрыхтаваны. Хоць менавіта танцаваць было цяжка — трукі лепш атрымліваліся. Тады, у 1999-м, брэйк-данс у Беларусі толькі развіваўся. Мы качаліся па падлозе, не разумелі, як танцаваць, але было цікава, — успамінае Аляксандр.

Што дзецям прасцей асвоіць: танцавальную частку ці трукавую? Трэнер кажа, што большасць — універсалы. Самае складанае — навучыцца імправізаваць. Многія дзеці ўмеюць рабіць усе рухі і элементы паасобку, але скласці іх у танец не могуць.

— Педагог павінен навучыць танцаваць, але не рабіць сабе копію, бо ў брэйк-дансе на першым месцы — уласны стыль, — падкрэслівае Аляксандр.

Каб пазбегнуць траўмаў, дзяцей доўга вучаць правільна падаць. Адразу адсейваюцца тыя, хто ставіцца да заняткаў несур'ёзна і думае, што ўжо праз два тыдні будзе круціцца на галаве. Па словах Аляксандра, каб крута танцаваць, трэба сама меней тры гады трэніравацца.

Дзеці тым часам перад люстэркам адпрацоўваюць стойкі на руках і галаве. Бачаць, што іх фатаграфуюць, і стараюцца ўдвайне.
«У хлопчыкаў лепш атрымліваецца, — дзеліцца назіраннямі педагог. — Яны здольны хутка рухацца, рабіць сілавую частку. А дзяўчаткі да такой складанай працы часта не гатовыя». Але, напрыклад, 12-гадовая Даша Таргонская за раз робіць 60 адцісканняў! Як школьніца аказалася ў гэтай секцыі?

— Убачыла на дні адкрытых дзвярэй, як танцуюць брэйк-данс, і таксама захацела быць крутой, — усміхаецца Даша ў адказ і папраўляе коскі.

Беларускія школьнікі, дарэчы, адны з самых моцных сапернікаў на сусветных танцавальных спаборніцтвах. На Міжнародным чэмпіянаце ў Эсэне (Германія) наша каманда паказала найлепшае шоу і ў фінале абышла канкурсантаў з Кітая. А да гэтага вясной дзеці сталі чэмпіёнамі Еўропы ў Марсэлі (Францыя).

— Каб нечага дабіцца, трэба трэніравацца мінімум тры разы на тыдзень. Танцоры, якія дасягаюць высокіх вынікаў, займаюцца 5—6 дзён на тыдзень па чатыры гадзіны. Вось цяпер, напрыклад, зборы, дзеці вызваленыя ад заняткаў, з 10 раніцы да 10 вечара яны ў зале. Рыхтуюцца да паездкі ў ЗША — трэба годна прадставіць краіну.

Пралічыць кожны рух

У шэсць вечара ў спартыўнай зале збіраюцца юныя паркуршчыкі. Замест прыступак, поручняў і дахаў тут гімнастычны конь і шведская сценка. Для страхоўкі ёсць маты і педагог — студэнт БДУФК і будучы трэнер па акрабатыцы Уладзіслаў РАДКЕВІЧ. Хлопец займаецца паркурам гадоў дванаццаць і не раз выйграваў на спаборніцтвах у межах краіны.

Школьнікам карціць адпрацоўваць трукі, але спачатку — размінка. Усё, як на ўроках фізкультуры, толькі халтурыць нельга: нават калі трэнер не заўважыць, іншыя дзеці адразу «здадуць».

Большасць з тых, хто займаецца, дагэтуль ужо практыкаваліся на пляцоўцы. Але ёсць і навічкі. «Фільмаў наглядзеліся, вось і прыходзяць», — усміхаецца Уладзіслаў.

Цікавімся, праз колькі часу такому навічку дазволяць зрабіць які-небудзь элемент.

— Хоць на першай трэніроўцы! — здзіўляе нас хлопец. — Паркур складаецца са звычайных рухаў, толькі крыху больш ускладненых. Таму за раз можна вывучыць некалькі бяспечных элементаў, напрыклад пераскокванні праз борцік. А складаныя трукі мінімум паўгода адточваюцца — за месяц ніяк не атрымаецца.

Паркуршчыку трэба бачыць усю трасу наперад і ў галаве складаць мадэль сваіх рухаў. Таму мала вывучыць элементы — неабходна ўмець іх прымяніць на месцы. У добрае надвор'е дзеці трэніруюцца ў парку экстрэмальных відаў спорту на вуліцы Сталетава.

А як жа траўмы? Уладзіслаў запэўнівае: калі элемент адточаны, хвалявацца наконт гэтага не варта. Ды яны юным паркуршчыкам і  не перашкода. 12-гадовы Арцём Пянко прызнаецца, што неяк зламаў руку, калі сам займаўся на вуліцы, але запалу не паменшала.

— Дзесьці год трэніруюся. Да гэтага на веліку, самакаце любіў катацца, але паркур — гэта больш цікава.

— І не страшна?

— Не, крута!

Разам з хлопчыкамі паласу перашкод мужна пераадольваюць дзве дзяўчынкі. «Як у іх поспехі? Выдатна. Стараюцца нароўні з пацанамі», — кажа трэнер.

Уладзіслаў упэўнены, што паркур карысны не толькі аматарам лазіць па дахах. Гэты від спорту ўмацоўвае і гарманічна развівае ўсё цела. А сіла і спрыт заўсёды спатрэбяцца.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Скочыць вышэй галавы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Птушка шчасця. Курыца: «фабрычная» або вясковая?

Птушка шчасця. Курыца: «фабрычная» або вясковая?

Курыца — самая папулярная і даступная сёння па цане мясная страва.

Грамадства

У тыле ворага. Да гадавіны выхаду першага падпольнага нумара «Звязды»

У тыле ворага. Да гадавіны выхаду першага падпольнага нумара «Звязды»

Гэта быў беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі беларускага друку!