Вы тут

У рамках дабрачыннай акцыі ў Магілёве адбыўся традыцыйны кадэцкі баль


Гэта прыгожае мерапрыемства праводзілася ў Магілёве ўжо ў сёмы раз, яго ўдзельнікамі сталі выхаванцы абласнога кадэцкага вучылішча, абласнога ліцэя №2 і студыі эстраднага танца «Эдэльвейс» Цэнтра творчасці «Эверэст».


Навагодняя ёлка, гукі хвалюючых мелодый вальса і паланеза, лёгкія, быццам лунаючыя ў паветры, пары — гэта свята заўсёды кранае сваёй цеплынёй, сардэчнасцю і чараўніцтвам. Дзяўчаты з шыкоўнымі прычоскамі ў бальных строях нагадвалі казачных прынцэс, а іх кавалеры ў парадных касцюмах з аксельбантамі выглядалі сапраўднымі героямі і ўражвалі элегантнасцю.

— Харэаграфічныя заняткі ў нашым вучылішчы — адны з асноўных, але перад балем юнакі рэпеціравалі значна часцей, — расказала намеснік дырэктара абласнога кадэцкага вучылішча Марыя УЛАСЕНКА. — Яны наогул вельмі адказна ставяцца да гэтага мерапрыемства. Знаёмяцца з дзяўчатамі, запрашаюць іх на нашы вечары, часта гэта сяброўства захоўваецца на гады.

Свята традыцыйна праходзіць пры ўдзеле высокіх гасцей, якія заўсёды дораць прыемныя падарункі. Старшыня  Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі разам з віншаваннямі і пажаданнямі міру, шчасця і дабра перадаў кадэцкаму вучылішчу грашовы сертыфікат на набыццё мэблі і сістэмы відэаназірання. Шчодрыя падарункі кадэтам зрабілі інстытут МУС, упраўленне ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама, мытня і іншыя. Ад Міністэрства спорту і турызму юнакі атрымалі запрашэнне на двухдзённую паездку ў Мінск з наведваннем аквапарка і хакейнага матча. Дзяўчатам губернатар падарыў шыкоўныя салодкія падарункі і букеты руж.

Кадэцкім балем на Магілёўшчыне адкрылі чараду навагодніх віншавальных мерапрыемстваў у рамках акцыі «Нашы дзеці». Прадстаўнікі ўлады і кіраўнікі буйных прадпрыемстваў наведаюць школы-інтэрнаты, цэнтры карэкцыйна-развіваючага абучэння і рэабілітацыі, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Як паведамілі ва ўпраўленні адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, падарункі атрымаюць каля 150 тысяч дзяцей. А 27 снежня ў Магілёве адбудзецца галоўнае навагодняе дабрачыннае свята, якое збярэ 680 дзяцей з усёй вобласці.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Пад гукі паланеза

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.