Вы тут

Беларускія палярнікі адкрылі сезон у Антарктыдзе


Начальнік 10-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксей Гайдашоў даслаў рапарт Прэзідыуму Нацыянальнай акадэміі навук аб паспяховым правядзенні паветранай транспартнай аперацыі па разгрузцы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння экспедыцыі і пачатку сезона ў Антарктыдзе.


Ён паведаміў, што транспарціроўка праводзілася ў аўральным рэжыме на працягу трох сутак. Палёты авіяцыі перарываліся толькі пры ўзмацненні хуткасці ветру звыш 25 м / с.

Груз уключаў матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне экспедыцыі і чарговыя канструкцыі Беларускай антарктычнай станцыі. Ён дастаўляўся з борта расійскага навукова-даследчага судна “Акадэмік Фёдараў” на Беларускую антарктычную станцыю “Гара Вячэрняя”.  Груз дастаўлены ў поўным аб'ёме — страт і пашкоджанняў маёмасці няма.

“Паспяховаму правядзенню грузавой аперацыі шмат у чым паспрыяў значны аб'ём падрыхтоўчых работ, выкананых удзельнікамі авангарднай групы экспедыцыі. Адзначаю самаадданую працу ў працэсе паветранай грузавой аперацыі ўсяго асабовага складу экспедыцыі, зладжанае  ўзаемадзеянне экіпажаў навукова-даследчага судна і верталётнай авіяцыі, — паведамляецца ў рапарце. -- На Беларускай антарктычнай станцыі працягваецца разгрузка кантэйнераў з экспедыцыйным рыштункам і навуковымі прыборамі. Паралельна з правядзеннем першачарговых тэхнічных мерапрыемстваў выконваецца разгортванне прыборнай базы для навуковых даследаванняў. Асабісты склад экспедыцыі здаровы, на Беларускай антарктычнай станцыі маюцца неабходныя запасы паліва, прадуктаў харчавання, медыкаментаў”.

Урачысты старт 10-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі быў дадзены 8 лістапада ў Акадэміі навук. У гэтым годзе на лядовы кантынент для працягу работ па будаўніцтве станцыі і правядзенні навуковых даследаванняў адправіліся сем удзельнікаў. Чацвёра з іх ужо пабывалі ў Антарктыдзе, яшчэ трое — пачаткоўцы. Палярнікам трэба будзе не толькі правесці ўстаноўку чарговых модуляў станцыі, але і выканаць вялікі комплекс навуковых даследаванняў. Яны будуць займацца  маніторынгам навакольнага асяроддзя Антарктыкі ў месцы базіравання станцыі, даследаваннем стану азонасферы, ультрафіялетавай радыяцыі, клімату,  геалагічнымі, геафізічнымі, геахімічнымі і іншымі даследаваннямі зямной паверхні і марскога дна ў берагоў Антарктыды, дэталёвым вывучэннем наземных і марскіх біялагічных рэсурсаў кантыненту з мэтай ацэнкі перспектыў іх далейшага выкарыстання Таксама будзе апрабоўвацца  распрацаванае спецыяльна для Антарктыкі прыборнае абсталяванне, прызначанае для даследавання снежнага і ледзянога покрыва, воднага асяроддзя, атмасферы і горных парод. У 2019—2020 гадах Беларусь плануе перайсці да круглагадовых зімовачных мерапрыемстваў у Антарктыдзе.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.