Вы тут

Ганна Харланчук-Южакова: Я да многага стаўлюся па-філасофску


Ганна — актрыса, жонка вядучага акцёра Купалаўскага тэатра Паўла Харланчука і маці пяцярых дзяцей — Філіпа (15 гадоў), Івоны (11), Адэлі (10), Алівіі (8) і Паўліны (3). Як атрымліваецца спалучаць такія розныя ролі, мы спыталі ў гаспадыні вялікай сям'і.


Усе разам.

— Ганна, давайце ўспомнім той час, калі вы працавалі ў тэатры...

— У Нацыянальным драматычным тэатры імя Горкага, куды запрасілі ўвесь наш другі курс тэатральнай акадэміі, я выступала з 2002 года. Працавала там, пакуль у 2007-м не нарадзілася Адэля. А пасля дэкрэта, выйшла з яго, дарэчы, літаральна праз паўгода, працавала ў Драматычным тэатры Беларускай арміі. Там іграла да нараджэння Алівіі, да 2009 года.

— Сёння, нягледзячы на занятасць у сям'і, у вас з Паўлам свой тэатральны праект «Горад сяброў»...

— У гэтую восень шмат часу я прысвячала вучобе дзяцей. І Паша стаў больш заняты. Праект, на жаль, на гэты час застаўся па-за нашым жыццём. У планах на канікулах узяцца за яго, тым больш што дэкарацыі, сцэнарый да новай пастаноўкі ёсць. Пашу, мне здаецца, трэба замяняць (усміхаецца). І калі ён будзе не супраць, так і зробім.

— Не шкадуеце, што творчасцю прыходзіцца ахвяраваць дзеля сям'і?

— Я заўсёды хацела, каб у мяне было некалькі дзетак, прычым з невялікай розніцай ва ўзросце. Марыла, каб у маладым узросце ў мяне была такая каманда. І шчаслівая, што так і атрымалася.

— Такім чынам, калі дачцэ Адэлі быў год, у вашай сям'і з'явіліся прыёмныя дзеткі: Філіп і Івона. Як спраўляліся, амаль не маючы вопыту бацькоўства?

— Азіраючыся на той перыяд, скажу: мы ўсё правільна зрабілі. І нават добра, што не ведалі, што нас чакае. Мы былі ўпэўненыя, што павінны ўсынавіць дзіця. Адразу дамовіліся: па-першае, не будзем выбіраць, а возьмем таго, каго прапануюць. І потым не адмовімся ад яго. Бо здараецца такое, і даволі часта, дзяцей вяртаюць, сутыкнуўшыся з цяжкасцямі... Паша нават не паехаў глядзець, сказаў: прывозь і ўсе. Я, калі зайшла ў палату і ўбачыла Івону, адразу пагадзілася. А праз дзень нам паведамілі, што ў яе ёсць брацік, але іх можна раздзяліць. Вось гэта быў складаны выбар: мы разлічвалі на аднаго маленькага. Натуральна, мы вырашылі іх не раздзяляць і забралі дваіх.

— Што было самым складаным?

— Прыняць дзяцей. Я ведала, што я іх палюблю. І сёння гэта так. Але гэта быў няпросты шлях. Вось дзіця, але яно з іншымі звычкамі, і робіць усё неяк не так. Калі маленькага гадуеш, то няхай ён і робіць не тое, ты ўсё адчуваеш сэрцам і прымаеш. А тут іншы чалавек у тваім доме... Быў і перыяд адаптацыі, калі яны пачынаюць біцца галавой аб падлогу. Баяліся вады. Івона мужчын, нават Пашу, не падпускала да сябе.

— Самастойна з усім спраўляліся?

— Так. Я Івону адразу палажыла спаць да сябе: з аднаго боку маленькая Адэлька, з другога яна. Івона спачатку была заціснутая, усю ноч не расслаблялася, не раскідвалася, як дзеці звычайна ў сне. Я тады карміла Адэлю, а Івона глядзела на мяне неяк здзіўлена. Я спытала: можа і ты хочаш? І яна да мяне прысмакталася на год. Філіп, а яму было пяць гадоў, усё трымаў у сабе. І знешне здавалася, што ўсё добра. А праз нейкі час сказаў, што не хоча, каб мы былі яго бацькамі... Але наступае такі перыяд, калі ты прымаеш дзяцей такімі, якія яны ёсць. А яны ўліваюцца ў тваю сям'ю, ты становішся іхнім.

— Ёсць рэчы, якія не даруеце дзецям?

— Я да многага па-філасофску стаўлюся. Напрыклад, беспарадак у дзіцячых пакоях мяне, у адрозненне ад Пашы, не раздражняе. Але не магу цярпець хамства. Калі бачу нейкае непаразуменне паміж дзецьмі, пачынаю разбірацца з імі, тлумачыць, што гэта недапушчальна.

— Можаце пакараць?

— Філіпа больш, чым дзяўчат каралі, бо ён хлопчык, але зараз няма такога, яму ўжо 15. Нельга сказаць, што з ім няма праблем. Але я адчуваю, што паміж намі такія цудоўныя адносіны! Ёсць і любоў, і павага, і паслухмянасць. І мы нібы роўныя з ім. Я магу з Філіпам, як і з дзяўчатамі, толькі сур'ёзна паразмаўляць.

З мужам Паўлам ХАРЛАНЧУКОМ.

— Раскажыце, як праходзіць ваш дзень?

— Мы прачынаемся даволі рана. Далей вучымся. Пасля, у другой палове дня, — музычная школа, кераміка, шыццё. Дзеці занятыя амаль да вечара, я разам з імі. Філіп, дарэчы, ужо скончыў музычную школу. Гэта быў яго выбар, захацеў пайсці на гітару, цяпер самастойна працягвае займацца: паспрабаваў і бас-гітару, і электра, цяпер вярнуўся да класічнай акустычнай гітары. Івона займалася на фартэпіяна, перайшла на флейту, Алівія таксама фартэпіяна замяніла на гітару. Адэля застаецца на фартэпіяна, яна ў нас кампазітар, сама сачыняе музыку. Калі пачынаюць ныць, я кажу: сыходзім. А калі застаяцеся, давайце займацца.

Субота ў нас больш вольны дзень, калі мы разам. Не факт, што Паша з намі, але я стараюся з дзецьмі пабыць дома. На бытавыя рэчы часу, зразумела, нестае. На мой погляд, калі правільна спланаваць, можна ўсё паспець. Значыць, я не ўмею добра планаваць. Здараецца, кідаюся ў штосьці — спектакль ці нешта звязанае з вучобай дзяцей, і не магу адтуль вырвацца. Зрэшты, стараюся ў канцы дня заўсёды прыбраць. Дзеці мусяць усё расставіць па месцах, толькі Паўліна нам гэта ўсё псуе. Ва ўсіх дзяцей ёсць свае абавязкі, толькі не заўсёды іх выконваюць. Але ведаюць, што яны мусяць заправіць ложак, прыбраць за сабой стол на кухні, што ў пакоі павінна быць чыста.

— Як ні круці, ад штодзённай шматзадачнасці вам не дзецца...

— Так, бываюць зусім няпростыя дні. Неяк у Адэлі быў канцэрт: у акадэмічнай зале, з канферансье. А я няправільна зразумела, вырашыла, што будзе толькі запіс для радыё. У выніку ўсе ў вячэрніх сукенках, а Адэля — у красоўках. Я паставіла сябе на месца дзіцяці і падумала, як ёй будзе няёмка. Тым часам канцэрт пачаўся. Я разумею, што дадому па сукенку не паспяваю, толькі ў краму. І я панеслася. Не ведаю, колькі грошай на картцы, памятаю, што няшмат. Устаўляю картку, і там сума менавіта такая, якой хопіць на сукенку. Заўсёды ў сітуацыі, калі з нечым не спраўляюся, стаўлю сабе пэўныя знакі: калі будзе вось так, значыць я іду далей. Так ёсць нейкая надзея дабрацца да канца. Залятаю ў адну краму — там касмічны кошт, у другую — таксама. Кажу сабе, што трэцяя крама — апошняя. І там знаходжу цудоўныя сукенкі, той памер, кошт. Набываю яшчэ і калготкі. Застаецца толькі даехаць да Адэлі. Час пік, цэнтр горада, шэрагі машын. Святлафоры не працуюць, стаіць рэгуліроўшчык. Добра, што ў чарзе машын я была не першая — я б, напэўна, праляцела гэтага рэгуліроўшчыка, толькі б паспець да дзіцяці, і няхай мяне штрафуюць. У выніку я даехала. Надзяваю ёй калготы, сукенку зашпільваю, і тут аб'яўляюць: Адэля Харланчук. Яна пайшла на сцэну, а ў мяне ад напружання паліліся слёзы...

Усе складанасці ўспрымаю так, як мяне калісьці навучылі: ёсць рамка праблемы, а ёсць рамка яе вырашэння. Мы ніколі не павінны заставацца ў рамцы праблемы, трэба пераходзіць да яе вырашэння. І разумець: так, у мяне ёсць няпростая сітуацыя, але я працую над ёй.

— Быць жонкай знакамітага акцёра складана?

— Я вельмі паважаю тую частку жыцця, якая ёсць у Пашы ў тэатры, на здымачнай пляцоўцы. Люблю яго як акцёра, і як рэжысёра. Ён ставіць спектаклі, і я ў некаторых удзельнічаю, вельмі падабаецца з ім працаваць. Я разумею, што ў яго каласальная занятасць, і па-іншаму быць не можа. Але часам наступае крытычны момант, калі я шчыра прызнаюся: Паша, патрэбны выхадны. Я хачу ведаць, што ў цябе будзе вольны дзень, і я ўсё сваё жыццё пад яго падстрою... Але іх амаль няма. Ці раптам Паша вольны на палову дня, калі ўжо нічога нельга змяніць, бо ў дзяцей свой расклад.

— Як праводзіце такія выхадныя?

— Або ўдваіх, пакінуўшы дзяцей з мамай, або разам, усёй сям'ёй. Ведаю, што найлепшы адпачынак для Пашы — пабыць дома. Тым больш, што цяпер такі час — Раство. У доме стаіць ялінка, агеньчыкі, свечкі ўвечары запальваем, такая ўтульная хатняя атмасфера. Мы любім разам глядзець добрыя фільмы. Самае складанае для мяне — што Паша моцна заняты.

— Які Павел дома?

— Строгі да дзяцей. Лічыць, што павінен быць парадак унутры і звонку. Я яму тлумачу, што з дзецьмі гэта не зусім так, але ўсё роўна ўдзячная, што ён так трымае нас у тонусе. Калі прыходзіць увечары, павінна быць прыбрана. Ён не есць позна, таму мне не прыходзіцца пыхцець каля пліты. Дзеці яго любяць, і ён іх таксама. З Паўлінай шмат часу праводзіць, іншы раз бярэ яе нават на работу, на рэпетыцыі. І падурэць дома можа з дзецьмі, і патанцаваць. Разам з Філіпам футбол глядзяць — і наведваюць матчы, і па тэлевізары.

— Які найлепшы асабіста для вас адпачынак?

— Мару пачытаць, але ніяк не атрымліваецца апошнім часам. Калі выбіраць паміж ежай і сном, я выберу апошняе. Вельмі люблю ваду, гэта тая стыхія, якая хутка прыводзіць мяне ў патрэбны стан. Не абавязкова нават ісці ў басейн, проста ванну прыняць дастаткова, каб прайшла стомленасць. Часам адпачынак — сустрэцца дзесьці на нейтральнай тэрыторыі з Пашам. Увечары летам пакідаю дзяцей дома, саджуся ў машыну, сустракаемся з ім у горадзе пасля яго работы, каб разам папіць кавы ці проста прайсціся, паразмаўляць.

Алена КРАВЕЦ

krаvеts@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Ганна Харланчук-Южакова: «Калі наступае крытычны момант, кажу: Паша, патрэбны выхадны»

Каментары

фамилия героини то -Южакова. то -Южанкова, надо написать правильно во всех случаях.спасибо.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Прадаўцы кватэр пагаджаюцца на зніжкі

Уласнікі карэктуюць свае прапановы.

Грамадства

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

Як людзі з інваліднасцю робяць свет лепшым

«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».