Вы тут

Нараджэнне Хрыстова — Божы дар жыцця, святла і любові


Віншаванне Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, на Божае Нараджэнне 2017 года.


Глыбокапаважаныя браты і сёстры, людзі добрай волі!

Хрыстус нарадзіўся, Бог аб'явіўся.

Сардэчна вітаю вас гэтым святочным воклічам у радаснае і збаўчае свята Раства Хрыстовага.

Прарок Ісая яшчэ ў VІІІ стагоддзі да нашай эры прадказваў нараджэнне Збаўцы як караля сусвету.

Яго прароцтва ажыццявілася ва ўцелаўленні Божага Сына, які нарадзіўся ў сціплых яслях у Бэтлееме. У нараджэнні Сына Божага ў такіх абставінах праявілася бязмежная любоў Бога да чалавека і салідарнасць з усім чалавецтвам. Яго любоў не абмяжоўваецца тымі, хто нарадзіўся ў багатай і знатнай сям'і. Яна не залежыць ад легальнага і сацыяльнага статусу чалавека. У вачах Бога кожны чалавек з'яўляецца найбольшай каштоўнасцю і створанай па Яго вобразе і падабенстве асобай.

Таму як асобы, святкуючы Божае Нараджэнне, мы павінны засяродзіцца на праўдзе аб Божым дары жыцця, праяўленні бязмежнай любові Бога да чалавека і значэнні боскага святла, якое заззяла ў Бэтлееме.

Божае Нараджэнне — гэта свята жыцця. Вечны Бог становіцца чалавекам, каб паказаць, што ў таямніцы Богаўцелаўлення вечнасць сутыкаецца з часовасцю, каб яе ўчыніць вечнасцю.

Мы з'яўляемся сведкамі ўкаранення культуры смерці, што праяўляецца ў практыцы забойства ва ўлонні маці ненароджанага жыцця і нявырашанай праблемы смяротнага пакарання.

Касцёл бароніць жыццё, а смяротнае пакаранне лічыць знявагай супраць яго недатыкальнасці і чалавечай годнасці. Божы закон «Не забівай» з'яўляецца абсалютным як для нявінных, так і вінаватых.

Надзея, якую абвяшчалі прарокі ў Старым Запавеце, ажыццявілася ў нараджэнні Езуса Хрыста. У Ім і мы атрымліваем новую надзею ў сучасным свеце, небасхіл якога не з'яўляецца бясхмарным, бо ўплыў секулярызму, маральнага рэлятывізму, матэрыялізму і этычнай абыякавасці робіць яго няўпэўненым у сваёй будучыні.

У наш час, калі вакол так многа святла і адначасова пануе духоўная цемра, мы як быццам пераносімся ў часы прарока Ісаі, які, засяроджваючыся на святле і цемры, прадстаўляе парадокс чалавечага існавання. Знаходзячыся ў цемры, мы з большай свядомасцю ацэньваем святло.

Езус ёсць святло свету, якое свеціць у цемры, і цемра яго не можа агарнуць. Таму нават у самай складанай сітуацыі застаецца надзея, і яна ў Хрысце. Святло з'яўляецца крыніцай жыцця. Калі б сонца перастала свяціць, то на зямлі перастала б існаваць жыццё. Таксама без Бога няма духоўнага жыцця.

Таму мы павінны дазволіць святлу Бэтлеемскай зоркі свяціць у нашых сэрцах. Нельга дазволіць, каб яго загасілі вятры бязвер'я сучаснага свету і духоўнай абыякавасці. Мы таксама закліканы пераказваць святло Хрыста ў сучасны свет, каб ён жыў не ў духоўнай цемры, але ў святле Евангелля.

Люстэрка, не будучы крыніцай сонечнага святла, можа яго пераслаць туды, куды сонечны свет не трапляе. Таксама і мы павінны быць такімі духоўнымі люстэркамі. Гэта наша місія ў сучасным свеце — свяціць спачуваннем, праўдай і справядлівасцю ў кожнай сітуацыі нашага жыцця.

У Бэтлеемскіх яслях Бог паказаў сваю любоў як дар самога сябе. Божая любоў — гэта не сентыментальная любоў, а любоў, якая выяўляецца ў ахвяраванні сябе чалавецтву. Уцелаўленне Сына Божага — гэта першы крок такой любові, якая потым праявілася ў абвяшчэнні Божага слова, справах міласэрнасці, адпушчэнні грахоў і дасягнула свайго апагея ў пасхальнай таямніцы крыжовай смерці і ўваскрасення.

Падобна Хрысту, праз сведчанне іншым людзям любові, міласэрнасці і спагады нябеснага Айца мы закліканы даваць надзею свету, што можам учыніць наследуючы Яго прыклад самаадданай любові ў служэнні бліжнім.

Такім чынам Евангелле будзе ўвасабляцца ў жыцці людзей і датыкацца да сферы культуры, эканомікі, палітыкі, сацыяльнай сферы, сям'і, адукацыі, сродкаў масавай інфармацыі, навукі, тэхнікі, медыцыны і да т. п.

Гэтага патрабуе сучасны свет, які ў імя роўнасці, талерантнасці і правоў чалавека забываецца пра правы Бога, а вера маргіналізуецца з мэтай стварыць новы сусветны парадак без Бога. У выніку чаго прынцыпы жыцця сучаснага секулярызаванага свету інфіцыраваны вірусам духоўнай хваробы. Еўропа дзеля літары права адмаўляецца ад духоўных прынцыпаў, забываючыся пра тое, што чалавек па сваёй прыродзе рэлігійны.

Маргіналізацыя рэлігіі ў публічнай сферы жыцця — гэта не прыкмета прагрэсу, але знак духоўнай дэградацыі. З мэтай пазбегнуць такіх і падобных праблем мы павінны імкнуцца да стварэння моцнай хрысціянскай культуры ў нашых сем'ях, асяроддзі і ўсёй беларускай нацыі. Пры гэтым трэба памятаць аб тым, што захаванне этычных прынцыпаў служыць дабру грамадства, а еўрапейскую цывілізацыю і яе гуманізм творыць Евангелле, а не парламенцкая большасць.

Фо­та Анатоля Клешчука.

Дарагія браты і сёстры, людзі добрай волі!

Сардэчна віншую вас з радасным і збаўчым святам Нараджэння Хрыстовага!

Няхай яно стане часам разважання над таямніцай Богаўцелаўлення як таямніцы Божага дару жыцця, які мы павінны сцерагчы як зрэнку вока, таямніцы Божага святла, якое прасвятляе цемру граху, і таямніцы бязмежнай Яго любові да чалавека, каб адарыць нас новай надзеяй.

Віншую хрысціян, якія разам з намі святкуюць гэтае свята!

Віншую братоў і сясцёр праваслаўных, якія перажываюць Адвэнт і рыхтуюцца да падобнага свята!

Перад небяспечнымі выклікамі сучаснасці мы павінны быць аб'яднанымі, каб Хрыстус нарадзіўся сваёю ласкай у сэрцах усіх людзей, і з новай моцай заззяла Яго святло, бо сучасны свет чакае нашага сумеснага хрысціянскага сведчання і абароны духоўных каштоўнасцяў.

Віншую ўсіх людзей добрай волі!

Няхай Каляды і надыходзячы Новы 2018 год будуць напоўнены духоўнай радасцю і Хрыстовым супакоем! Ты ж, наша Радзіма Беларусь, беражы Божы дар жыцця, не гасі святла Бэтлеемскай зоркі і ўмацоўвай узаемную любоў, каб быць шчаслівай і магутнай.

Са Святам і з надыходзячым Новым годам!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькі «заважаць» зімовыя святы?

Колькі «заважаць» зімовыя святы?

Пераднавагоднія тыдні — гарачая пара для прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання.

Сілавыя структуры

Працоўныя будні маёра міліцыі Макарэвіча

Працоўныя будні маёра міліцыі Макарэвіча

Адзін з найлепшых участковых Магілёва — пра шлях да мары і прафесійныя будні.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Цяльцы будуць у цэнтры падзей з самага пачатку тыдня.

Грамадства

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Гарадское асяроддзе становіцца больш даступным для людзей з інваліднасцю

Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.