Вы тут

Ці ў пандусах справа?


Чаму атрыманне прафесійнай адукацыі застаецца недасягальным для людзей з абмежаванымі  магчымасцямі.

«Аляксандр Макарчук — ідэйны натхняльнік і стваральнік праектаў для людзей з інваліднасцю ў Беларусі, матывацыйны спікер.

На алімпіядзе, якую праводзіла кампанія ІBА Grоuр у 2014 годзе, Аляксандр выйграў міжнародны сертыфікат на бясплатнае навучанне і магчымасць праходжання міжнароднай сертыфікацыі па сістэмным адміністрыраванні. У 2015 годзе прайшоў курсы «Доктар Вэб» па спецыялізацыі «Спецыяліст па антывіруснай бяспецы». У тым жа годзе скончыў курсы інжынераў-тэсціроўшчыкаў праграмнага забеспячэння і курс «Асновы праграмавання». У 2016-м — Вышэйшую школу бізнесу і кіравання. Аляксандр дапамагае падбіраць спецыялістаў для ІT. У 2010 годзе стварыў сайт для людзей з абмежаванымі магчымасцямі «Без абмежаванняў». З'яўляецца натхняльнікам і арганізатарам праекта «У Савы» — па дыстанцыйным навучанні людзей з абмежаванымі магчымасцямі, адным са стваральнікаў праграмы для галасавога кіравання камп'ютарам».


Пра­ект «У Са­вы» пе­ра­мог на фес­ты­ва­лі са­цы­яль­ных ін­тэр­нэт-рэ­сур­саў  «Свет роў­ных маг­чы­мас­цяў» у Маск­ве ў на­мі­на­цыі «Ад­крыц­цё го­да».

Аляксандру Макарчуку ў «Вікіпедыі» прысвечаны асобны артыкул, хоць яго жыццё адназначна не можа ўкласціся ў яго рамкі.

Цяпер маладому чалавеку 34 гады, ён інвалід І групы, цалкам паралізаваны. Рукі і ногі перасталі слухацца з прычыны захворвання ў дваццацігадовым узросце. Агульную сярэднюю адукацыю ён, ужо цалкам нерухомы, атрымаў толькі ў 26 гадоў, затое закончыў школу на «выдатна». Мог бы спыніцца на дасягнутым, аднак... засвоіў пяць ІТ-спецыяльнасцяў, паступіў у Міжрэгіянальны адкрыты сацыяльны інстытут, дзе атрымлівае юрыдычную адукацыю. Чаму абраў менавіта расійскую ВНУ, ён расказаў удзельнікам міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Неперарыўная прафесійная адукацыя асоб з асаблівымі патрэбамі». Канферэнцыя прайшла ў Інстытуце інфармацыйных тэхналогій БДУІР пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА.

Кропля ў моры

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі быў абраны месцам для правядзення канферэнцыі зусім невыпадкова. У 2015 годзе пры Інстытуце інфармацыйных тэхналогій БДУІР была адкрыта кафедра ЮНЕСКА «Прафесійная адукацыя ў сферы ІКТ асоб з асаблівымі патрэбамі», але інстытут пачаў займацца гэтай праблемай яшчэ да стварэння кафедры. Адпаведны вопыт набываўся з 2011 года, а ў 2012-м сюды пачалі паступаць выпускнікі спецгруп беларускіх каледжаў, у якіх было арганізавана навучанне асоб з асаблівымі патрэбамі.

У верасні гэтага года ўрачыста адкрыўся новы, ужо восьмы па ліку вучэбна-лабараторны корпус БДУІР, які ўяўляе сабой будынак плошчай у тры тысячы квадратных метраў з адмыслова створаным безбар'ерным асяроддзем, цэнтрам відэаканферэнц-сувязі і анлайн-заняткаў для слухачоў факультэта інавацыйнай і неперарыўнай адукацыі, якія навучаюцца дыстанцыйна. Менавіта тут атрымаў прапіску і Інстытут інфармацыйных тэхналогій. Аднак ці можа вырашыць праблемы інклюзіі толькі безбар'ернае асяроддзе? І ўвогуле, ці ў пандусах справа?

Даследаванне становішча інвалідаў у Беларусі паказала, што вышэйшую, сярэднюю спецыяльную і прафесійна-тэхнічную адукацыю мае зусім нязначная колькасць людзей з абмежаванымі па здароўі магчымасцямі, хоць палова з 519 тысяч інвалідаў знаходзяцца ў працаздольным узросце. Выкарыстанне гэтых людзей на некваліфікаванай, а, значыць, малааплатнай рабоце, абумоўлена, у першую чаргу, адсутнасцю ў іх неабходных прафесійных уменняў і навыкаў. Шанцы атрымаць вышэйшую адукацыю маюць з кожнай сотні толькі два інваліды. Атрымліваецца, што ў беларускім грамадстве адсутнічае «сацыяльны заказ» на паўнавартасную сацыяльную інтэграцыю інвалідаў?

Лічбы сведчаць: у 2016/2017 навучальным годзе ва ўстановах вышэйшай адукацыі навучаліся 1113 інвалідаў (гэта складае ўсяго 0,3% ад агульнай колькасці студэнтаў у краіне); ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі — 842 навучэнцы з інваліднасцю і ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі — 981 інвалід. Для параўнання: у Францыі студэнты з абмежаванымі магчымасцямі па здароўю складаюць 5% ад агульнай колькасці.

— Колькасць асоб з інваліднасцю ва ўстановах прафесійнай адукацыі на працягу шэрагу гадоў застаецца прыблізна аднолькавая. Доля цэнтраў прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця таксама застаецца нязменнай ужо на працягу дзесяцігоддзя, пры гэтым ва ўстановах вышэйшай адукацыі не створана ніводнага такога цэнтра. Такім чынам назіраецца пэўная стагнацыя ў гэтай сферы, — канстатуе першы прарэктар Рэспубліканскага інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі работнікаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Антаніна ЗМУШКО. — Інклюзіўная адукацыя, якая з'яўляецца ў апошнія гады прадметам вывучэння, абмеркавання і дыскусій разглядаецца як за мяжой, так і ў нашай краіне, пераважна ў дачыненні да школьнай адукацыі. І значна радзей разважаюць пра інклюзію на розных узроўнях прафесійнай адукацыі.

Крок насустрач ці дыскрымінацыя?

Выбар прафесіі для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця абмежаваны станам здароўя і далёка не заўсёды іх патрэбы і жаданні супадаюць з магчымасцямі (фізічнымі ці псіхалагічнымі) авалодаць той ці іншай спецыяльнасцю. Адной з праблем з'яўляецца і конкурсны адбор для атрымання прафесійнай адукацыі: асобы з інваліднасцю не заўсёды канкурэнтаздольныя, асабліва пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Пры гэтым льгот для паступлення ў ВНУ ў іх фактычна няма, як няма і квот (спецыяльна выдзеленых для гэтай катэгорыі абітурыентаў месцаў). Паводле заканадаўства яны могуць здаваць уступныя іспыты не ў форме цэнтралізаванага тэсціравання, а ў форме звычайнага (вуснага ці пісьмовага) экзамену ва ўстанове адукацыі.

— Аднак не ва ўсіх абітурыентаў адназначнае стаўленне да стварэння для іх спецыяльных умоў. Некаторыя расцэньваюць правядзенне экзаменаў непасрэдна для іх у навучальных установах як дыскрымінацыю, лічаць, што знаходзяцца не ў роўных умовах і настойваюць на сваім удзеле у цэнтралізаваным тэсціраванні, — падкрэслівае Антаніна Змушко. — Размова ідзе пра абітурыентаў з парушэннямі зроку і функцый апорна-рухальнага апарату. Разам з тым іх удзел у ЦТ цягне шэраг праблем, паколькі патрабуе стварэння спецыяльных умоў: наяўнасці асістэнта, прадастаўлення большага часу на выкананне заданняў. Для інвалідаў па зроку патрабуецца рабіць бланкі для адказаў з выкарыстаннем рэльефна-кропкавай сістэмы Брайля ці ўзбуйненым шрыфтам, а гэта вельмі нятанна. Тым больш, невядома, колькі такіх абітурыентаў будзе на ўсю краіну... І стварэнне спецыяльных умоў нарматыўнай прававой базай у нас пакуль не прадугледжана.

Ёсць пытанні і па медыцынскім допуску да атрымання адукацыі па той ці іншай спецыяльнасці. З аднаго боку, у сілу абмежаваных фізічных магчымасцяў патэнцыяльнага абітурыента для медыка відавочная небяспека авалодання ім тымі ці іншымі прафесійнымі кампетэнцыямі. Але, з іншага боку, можа, мае сэнс разглядаць атрыманне прафесійнай адукацыі як самастойную каштоўнасць, без прывязкі да магчымасці работы па атрыманай спецыяльнасці. Проста як адзін з важных этапаў жыцця людзей з асаблівымі патрэбамі?

Маецца досвед розных краін, дзе інваліды навучаюцца столькі часу, колькі ім патрабуецца.

— Калі я шукаў універсітэт для атрымання вышэйшай адукацыі, разглядаў розныя варыянты: БДУІР, педагагічны універсітэт, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Але ўсе яны мне не падышлі па адной простай прычыне — у Беларусі паўсюдна ў ВНУ патрабуецца фізічная прысутнасць абітурыента на экзаменах, што, напрыклад, для мяне было немагчымым,  — кажа Аляксандр Макарчук. — А ў расійскую ВНУ я здаваў уступныя экзамены па скайпе. І экзамены на сесіі ўсе я здаю дыстанцыйна. Але ведаю студэнта БДУІРа з ДЦП, які вымушаны з Салігорска ездзіць у Мінск на сесію...

Антаніна Змушко канстатуе: «Адсутнасць зацікаўленасці ў атрыманні прафесійнай адукацыі людзьмі з інваліднасцю, асабліва з боку ўстаноў вышэйшай адукацыі, — істотная праблема. На цяперашні момант яны вымушаны вучыцца ў тым жа тэмпе і ў тыя ж тэрміны, што і ўсе астатнія навучэнцы і студэнты, што з'яўляецца для многіх з іх звышзадачай».

Насамрэч для асаблівых студэнтаў неабходна ствараць асаблівае адукацыйнае асяроддзе, патрабуецца хоць бы мінімальнае суправаджэнне іх у навучальным працэсе, шэраг дадатковых матэрыяльных і маральных выдаткаў. Пры гэтым дывідэндаў навучанне такой катэгорыі маладых людзей, як правіла, не прыносіць. Нават на маральнае задавальненне не даводзіцца разлічваць, паколькі гэта катэгорыя навучэнцаў не заўсёды з'яўляецца камфортнай, прыемнай і ўдзячнай. Такія ж праблемы ўзнікаюць пазней і з іх працаўладкаваннем: патрабуюцца дадатковыя выдаткі на арганізацыю рабочага месца і суправаджэнне, хоць бы на першы час...

У школу — да «Савы»

Аляксандр Макарчук праблему са сваім працаўладкаваннем вырашыў сам — працуе ІТ-рэкруцёрам. Больш за тое, ён забяспечвае работай і іншых. У пачатку снежня адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу «Прэмія HR-брэнд Беларусь 2017», дзе ІТ-праект Сашы Sоvа.соm перамог у намінацыі «Роўныя магчымасці» (намінацыя заснаваная для работадаўцаў, якія працаўладкоўваюць людзей з інваліднасцю). Летам гэты праект стаў пераможцам на фестывалі сацыяльных інтэрнэт-рэсурсаў «Свет роўных магчымасцяў» у Маскве, куды паступілі 442 заяўкі з чатырох краін: Расіі, Беларусі, Малдовы і Украіны.

— Мы перамаглі ў намінацыі «Адкрыццё года», дзе ўдзельнічалі 110 заявак. Анлайн-школа «У савы»— гэта праект, скіраваны не толькі на людзей з абмежаванымі магчымасцямі, але і на іх сацыяльнае акружэнне, — тлумачыць Аляксандр. — Наша каманда перакананая, што менавіта адукацыя — адзін з самых дзейсных шляхоў пераадолення дыскрымінацыі і беднасці, з якімі часта сутыкаюцца людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Сёння мы прапануем ужо 15 бясплатных курсаў па ІТ-спецыяльнасцях, рэкруцінгу, псіхалогіі, асновах бухгалтарскага ўліку, журналістыцы, замежных мовах і іншыя. Для вучобы неабходна мець толькі камп'ютар, падключэнне да сеткі інтэрнэт і вэб-камеру. Навучанне для інвалідаў бясплатнае і мае індывідуальны характар: усе праграмы курса рэдагуюцца ў залежнасці ад асабістых магчымасцяў і патрэб навучэнца. Сярод выкладчыкаў школы — шэсць чалавек з абмежаванымі магчымасцямі. Гэта людзі, якія ў жыцці ўсяго дабіваліся самастойна, з дапамогай саманавучання. Я хачу сертыфікаваць сваіх выкладчыкаў у розных дыстанцыйных школах.

— Работа па фарміраванні талерантнасці, інклюзіўнай культуры з'яўляецца, мабыць, адной з найбольш складаных задач. Колькі заўгодна можна разважаць пра гэтыя паняцці, аднак той час, калі ўсе яны будуць увасобленыя ў жыццё, ніколі не прыйдзе, калі не распачаць сёння работу ў кірунку інклюзіі кожнай установе адукацыі — так, як гэта зрабіў БДУІР: адкрыў навучанне для асоб з інваліднасцю, стварыў кафедру ЮНЕСКА, забяспечыў удзел сваіх «асаблівых студэнтаў» у конкурсах прафесійнага майстэрства Аbіlіmрісs у Бардо і ў Маскве. Гэта і ёсць рэальныя справы, якія дэманструюць інклюзіўную культуру, — падкрэслівае Антаніна Змушко. — Інклюзія ў адукацыі ставіць шмат неадназначных пытанняў і праблем, над вырашэннем якіх трэба працаваць, у тым ліку і выкарыстоўваючы багаты міжнародны вопыт.

Пакуль, на жаль, у Беларусі ў адносінах да інваліднасці і інвалідаў пераважае медыцынскі падыход, а патрабуецца — сацыяльны. Каму, як не педагогам, быць першымі ў выкараненні стэрэатыпаў? Інклюзіўная адукацыя — гэта, найперш, новы светапогляд, сістэма іншых адносін, дзе прыярытэтам з'яўляюцца не акадэмічныя поспехі, а фарміраванне здольнасці жыць у грамадстве, дзе прызнаецца і паважаецца разнастайнасць, цэніцца ўнікальнасць кожнага чалавека.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Спорт

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе наш герой расказаў «Звяздзе».

Культура

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання.