Вы тут

Алег Навіцкі расказаў студэнтам, ці патрэбныя касманаўту навыкі лідара


Людзі лятаюць у космас ужо больш за паўстагоддзя, аднак большасць з нас усё ж слаба ўяўляе сабе сам працэс падарожжа ў невядомую бясконцасць. Шанц даведацца больш пра космас «навыварат» выпаў студэнтам Акадэміі кіравання: яны сустрэліся з касманаўтам Алегам Навіцкім. Як адзначыў сам Алег Віктаравіч, асноўная мэта мерапрыемства — расказаць маладым людзям болей пра прафесію касманаўта і пра тое, чым чалавек займаецца на арбіце.


Аўтографы Алег Навіцкі ставіў на выявах беларускай сталіцы  з космасу.

Сустрэча адбывалася ў фармаце «пытанне-адказ», таму студэнты змаглі задаць самыя розныя пытанні пра падрыхтоўку да палёту, сам працэс і нават пра боршч у цюбіках.

Напрыклад, у касманаўта запыталіся, ці існуе яшчэ вядомая ўсім традыцыя прадстаўнікоў гэтай прафесіі — глядзець перад палётам фільм «Белае сонца пустыні». Алег Віктаравіч пацвердзіў, што гэты звычай падтрымліваецца і зараз, прычым распаўсюджаны ён не толькі ў нас, але і сярод замежных партнёраў.

Абмеркавалі і псіхалагічную сумяшчальнасць касманаўтаў, ці ўлічваецца яна і наколькі важная. «Пэўна, гэта адзін з галоўных фактараў, калі фарміруюць экіпаж, — падзяліўся касманаўт, — таму падчас падрыхтоўкі з дапамогай пэўных тэстаў і даследаванняў праводзіцца адбор з улікам асаблівасцяў характару кожнага чалавека».

Цікава было даведацца і пра такія дзеянні ў космасе, якія тут, на Зямлі, лічацца руціннымі. Напрыклад, адзін са студэнтаў пацікавіўся, як людзі голяцца ў космасе. «Гэта адзін з тых навыкаў, якім афіцыйна нідзе не вучаць, — усміхнуўся Алег Віктаравіч, — ён неяк перадаецца з пакалення ў пакаленне. Трэба выціснуць невялікі пузыр вады на руку, акуратна, каб не паляцелі пырскі, размазаць яго па твары, такім жа чынам нанесці пену і потым ужо звычайна пагаліць твар. Адзінае, што нязручна, затрачваецца вялікая колькасць лёзаў: калі ты паголішся адзін раз, наступны трэба будзе браць ужо іншае лязо, бо гэта засыхае».

Студэнты Акадэміі кіравання, не маглі не спытацца, ці трэба касманаўту валодаць
навыкам кіравання. «Так, бо лідар, які накіроўвае, прымае пэўныя рашэнні, бярэ на сябе асноўную адказнасць, павінен быць у любым калектыве, як на Зямлі, так і ў космасе», — адзначыў Алег Віктаравіч.

У канцы размовы ў Алега Навіцкага спыталіся, ці ёсць у яго жаданне вярнуцца да зор. На што ён адказаў: «Жаданне ёсць, мне падабаецца гэта прафесія. І ўвогуле трэба абіраць тую прафесію, якая табе падабаецца, рабіць усё для таго, каб у цябе ўсё атрымлівалася з ёй, развіваць свае навыкі. Хочаш кіраваць людзьмі — кіруй, калі хочаш у космас, адчуваеш, што здароўе ёсць, — чаму не?»

Аляксандра ДАРАШЭНКА

Загаловак у газеце: Размова пра побыт на арбіце

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.