Вы тут

«Прамаўляць мовай нянавісці нашмат прасцей...»


У газеце «Звязда» 5 снежня было размешчана інтэрв'ю з філосафам Паўлам Баркоўскім пад загалоўкам «Гэта вялікі міф, што беларусы — талерантныя», дзе ішла размова аб паліткарэктнасці і яе дачыненні да нашай краіны. У якасці водгуку мы атрымалі ліст ад чытача, які і публікуем, прычым разам з каментарыем філосафа.


З цікавасцю прачытаў інтэрв'ю з Паўлам Баркоўскім. Аказваецца, на Захадзе вынайшлі спосаб (паліткарэктнасць), як удасканаліць чалавечае грамадства, зрабіць людзей талерантнымі і добразычлівымі. Усё геніяльнае проста. Трэба толькі замяніць словы. Замест «інвалід» казаць «чалавек з абмежаванымі магчымасцямі», «негр» — «афраамерыканец», «гомасексуаліст, лесбіянка» — «людзі з нетрадыцыйнай сексарыентацыяй» і гэтак далей. Новыя гукаспалучэнні адаб'юцца на свядомасці людзей, зробяць іх больш цярпімымі адно да аднаго... Спробы вывесці чалавецтва на праведны шлях прадпрымаліся і раней. Напрыклад, запаведзі хрысціянства або камуністычная тэорыя, дзе «чалавек чалавеку — сябар, таварыш і брат». Не спрацавала. Справа ў тым, што ўся гісторыя чалавецтва (больш за 30 тысяч гадоў) — гэта цяжкая барацьба за выжыванне як асобных людзей, так і цэлых народаў. Тут дамінавалі такія якасці, як агрэсія, жорсткасць, вераломства, хітрасць, прага нажывы, падаўленне слабых, нецярпімасць да чужых і непадобных. Усё гэта замацавана ў хома сапіенс на ўзроўні інстынктаў і закладзена ў падсвядомасці. А ўвесь гуманізм ёсць не што іншае як прадукт свядомай работы мозга і з'явіўся адносна нядаўна, калі барацьба за выжыванне перастала быць такой актуальнай. Гэта значыць філантропія менш натуральная для чалавека, чым мізантропія. Цяперашняе ж значнае змякчэнне нораваў з'яўляецца вынікам навукова-тэхнічнага прагрэсу, які значна павысіў узровень жыцця і адукацыі асноўнай масы людзей. Камфорт і агульнае развіццё паніжаюць узровень агрэсіі, робячы чалавека схільным да плюралізму і кампрамісаў. А вось розныя ідэалогіі, у тым ліку дэмакратычная, звужаюць кругагляд, абмяжоўваюць светапогляд, развіваючы дагматызм, прымітывізм, непрымірымасць і катэгарычнасць. Таму не трэба выхоўваць дарослых людзей: забараняць ім, як дзецям, казаць «дрэнныя» словы і павучаць, што такое добра (гей-парад) і што такое дрэнна (ваенны парад).

Рамуальд Казінкевіч, г. Слонім


Калі нехта хоча давесці, што чалавечае мысленне ці паводзіны грунтоўна выправіць немагчыма, спасылкі на чалавечую прыроду — рэч дастаткова звычайная. Хоць яшчэ нікому не ўдалося з дакладнасцю высветліць, што такое чалавечая прырода, а некаторыя філосафы і наогул яе адмаўляюць! Таму я не буду спрачацца з гэтым сцвярджэннем. Адкажу на іншае. Напрыканцы чытач кажа, што паліткарэктнасць выконвае ролю дэмакратычнай цэнзуры, памяншае кругагляд чалавека і робіць яго больш дагматычным. Гэта цалкам не адпавядае рэчаіснасці. Часам людзі, якія карыстаюцца лаянкай і рознымі нецэнзурнымі выказваннямі ў сваім маўленні, таксама спасылаюцца на тое, што іх мова гучыць проста і дакладна, яны нібыта называюць рэчы «сваімі імёнамі». Але ж мы разумеем, што ў такой мове больш эмоцый і рэзкасці, чым справядлівасці меркавання, яна палярызуе людзей і схіляе да ўзаемнай агрэсіі. Таму мы і вучым дзяцей ветлівасці, каб дарослымі яны вучыліся кантраляваць свае эмоцыі і быць больш слушнымі ў сваіх выказваннях, не абражаць чужую годнасць і не зводзіць усё да простых азначэнняў. Гэтаксама трэба разумець і паліткарэктнасць. Як ветлівасць новага ўзроўню, здольнасць размаўляць і пры гэтым не карыстацца «бруднымі» словамі, словамі з намерам пакрыўдзіць ці даць «простую» карцінку ўспрымання іншага чалавека. Бо азначэнні, якімі прапануе карыстацца чалавеку палітычная карэктнасць, змушаюць яго інакш паглядзець на тыя рэчы, якія дасюль ён лічыў вырашанымі і адназначнымі. Што наадварот пашырае яго свядомасць за кошт таго, што схіляе разумець іншых людзей і ўваходзіць у іх абставіны, а не толькі кіравацца грамадскімі стэрэатыпамі. Лаяцца ці прамаўляць «мовай нянавісці» нашмат прасцей, чым паводзіць сябе карэктна, што ў звычайным, што ў грамадска-палітычным сэнсе слова.

Павел Баркоўскі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.