Вы тут

Скаргі на камунальнікаў праз мабільную праграму


Ці дапамагла магілёўскім камунальнікам спецыяльна распрацаваная мабільная праграма «Утульны горад»  палепшыць якасць абслугоўвання?

Ацаніць магчымасці гэтай праграмы можа любы магіляўчанін. Спампаваў на мабільны тэлефон і карыстайся. Усё вельмі лёгка і проста. Ідзеш па горадзе, а на вочы трапляе, напрыклад, паваленае дрэва або непрыбранае смецце ці адкрыты люк — сфатаграфаваў, напісаў зварот, указаў свой адрас і адправіў. Спецыялісты адрэагуюць. Менавіта такія мэты ставілі перад сабой магілёўскія праграмісты Павел Баграцоў і Аляксандр Пыслар, калі працавалі над гэтай праграмай. Летась яна стала пераможцам абласнога каманднага турніру па праграмаванні «Іntеrnеt-праекты для Магілёўшчыны» і цяпер знаходзіцца на ўзбраенні магілёўскіх камунальнікаў. Спрабую высветліць, як працуе.


Завялі спецыяльны журнал

— З 23 сакавіка і па сённяшні дзень ад грамадзян паступіла 36 зваротаў, — расказвае начальнік цэнтральнай дыспетчарскай службы Ленінскага жыллёва-эксплуатацыйнага ўчастка Вольга Рудкоўская. — У асноўным яны датычыліся добраўпарадкавання, рамонту дваровых праездаў, дахаў. Некаторыя звяртаюцца па некалькі разоў. Адзін грамадзянін прыслаў нам ужо чатыры звароты.

Прынцып дзеяння, па словах суразмоўніцы, такі: сігнал паступае ва ўпраўленне камунальных прадпрыемстваў (УКП), а адтуль па ўсіх падраздзяленнях — у жыллёва-эксплуатацыйныя ўчасткі, «Гарсвятло», дарожна-маставое прадпрыемства, спецаўтапрадпрыемства і гэтак далей. «На працягу дзесяці дзён трэба даць адказ, — удакладняе Вольга Рудкоўская. — Усе звароты фіксуюцца ў спецыяльным журнале. На сённяшні дзень на кантролі застаюцца дзесяць зваротаў».

Работу ўскладняе тое, што не ўсе грамадзяне прытрымліваюцца прапанаванай формы. Трэба сфатаграфаваць «праблему» і напісаць, у чым яе сутнасць. Але бывае, што чалавек піша адзін адрас, а жыве зусім па іншым. Ды і прэтэнзію часта фармулююць не зусім зразумела. Трэба перазвоньваць, каб даведацца, што ўвогуле хацеў сказаць чалавек. Тым больш, што фота робяць не ўсе, прыходзіцца абапірацца на апісанні.

Магілёўскаму спецаўтапрадпрыемству за ўвесь час паступіла толькі восем зваротаў.

— Апошні датычыўся вывазу смецця, а звярнуўся жыхар дома па вуліцы Фаціна, — удакладняе начальнік аддзела Святлана Чэпікава. — Мы вывозім смецце двойчы на тыдзень, а ён хацеў, каб мы прыязджалі кожны дзень. Мы не супраць, але хто ж за гэта плаціць будзе? Наогул з вуліц Фаціна, Цярохіна да нас з такімі прапановамі часта звяртаюцца. Нават жыхары дамоў, якія абслугоўвае прыватнае прадпрыемства «Камунальнік».

Быў сігнал з вуліцы Мянжынскага, каб адлавілі бадзяжных жывёл, яшчэ звярталіся наконт перапоўненых бакаў са смеццем; машыны, прыпаркаванай на газоне. У спецаўтапрадпрыемстве адзначаюць, што мабільная форма сувязі ім падабаецца. Ніхто не лаецца, не абражае так, як па тэлефоне — прыемна працаваць. «Рэагуем адразу ж, — запэўнівае Святлана Чэпікава. — Нам не цяжка бліжэйшую да месца здарэння машыну паслаць. І адказ, што ўсё зроблена, напісаць зусім не складана».

У «Цеплаэнергетыцы» пацвердзілі, што працуюць па гэтай праграме, але за год да іх не было ніводнага звароту.

А вось рэкардсменам па атрыманні мабільных заявак у Магілёве з'яўляецца дарожна-маставое прадпрыемства. Яно і зразумела. Гэта служба падтрымлівае ў парадку дарожныя артэрыі горада, а яны, як вядома, хутка псуюцца і зношваюцца. Як паведаміла старшы дыспетчар, з 13 сакавіка па 22 снежня паступіла каля 100 заявак. «Усе розныя, — удакладніла суразмоўніца. — Гэта і разбітая плітка, і дэфекты на дарогах. Мы рэагуем, аддаём гэтыя заяўкі начальнікам участкаў, і яны працуюць. Адказваем заяўнікам і па пошце, і па тэлефоне».

Паслуга... працуе напалову

Парадокс у тым, што, нягледзячы на работу гэтага безумоўна карыснага праекта, камунальнікі яго зусім не рэкламуюць. На сайце ўпраўлення камунальных прадпрыемстваў і яго дачынных прадпрыемстваў, некаторыя з якіх я наведала дзеля чыстаты эксперымента, пра «Утульны горад» — ні слова.

А вось на сайце крамы мабільных праграм, адкуль я спампавала праграмку, знайшла некалькі водгукаў. Карыстальнік пад імем Аляксей Шарамецьеў скептычна піша: «Бессэнсоўная праграма. Заяўкі не выконваюцца. Адпраўляліся неаднаразова». Rоmа Tароrсhіkоv дае парады: «Будзе вельмі выдатна, калі дадаць у праграму адлюстраванне спіса з усімі скаргамі, якія адправілі карыстальнікі. Таксама можна зрабіць да іх статусы: «не разгледжана», «адхілена», «ідзе работа па ліквідацыі», «праблема вырашаная». Таня Шык у захапленні: «Дзякуй стваральнікам) Я адправіла свае заўвагі і праз тыдзень працэс пайшоў!!!»

Выпадкова пашчасціла пазнаёміцца нават з адным з актыўных карыстальнікаў праграмы «Утульны горад». Арцём паведаміў, што пра цікавую распрацоўку даведаўся цераз сацсеткі. Цяпер ён і сам яе ахвотна рэкламуе дзе можа. «Праграмка безумоўна карысная, нават нягледзячы на тое, што 40% маіх зваротаў так і засталіся непачутыя»,— прызнаецца ён. Адно пытанне з непачутых Арцём задаваў наогул некалькі разоў. Справа датычыцца пешаходнага перахода па вуліцы Турава ў раёне дома №4. Там занадта высокі бардзюр, які вельмі цяжка пераадолець з дзіцячай каляскай. Прыходзіцца яе нахіляць амаль на 45 градусаў, што не зусім бяспечна. А гэта любімы маршрут тутэйшых матуль. Цераз дарогу зялёная зона, дзе так прыемна адпачыць ад гарадскога шуму. Ды і паветра тут чыстае, лягчэй дыхаецца. Жыхары мікрараёна ідуць сюды і ідуць. Няўжо нельга навесці парадак з бардзюрам?

Скаргі па-за законам?

Праграму «Утульны горад» трэба дапрацаваць, лічыць адзін з распрацоўшчыкаў мабільнай паслугі Аляксандр Пыслар.

— Мы з таварышам напісалі гэты праект на добраахвотных пачатках з добрых памкненняў, — кажа ён. — Пасля яго перамогі ў конкурсе сустрэліся з кіраўніцтвам упраўлення камунальных прадпрыемстваў і крыху з іх згоды паэксперыментавалі. Заяўкі насельніцтва рэгістраваліся на іх серверы, яны іх павінны былі апрацоўваць. У іх паявіўся шэраг прапаноў да гэтай праграмы, якія мы былі згодны рэалізаваць. Але для развіцця праграмкі патрэбны грашовыя ўкладанні. Камунальнікі падумалі і адмовіліся. Таму «Утульны горад» працуе ў палавінчатым выглядзе. Скаргі даходзяць да камунальнікаў, але яны не на ўсе рэагуюць. Я сам некалькі разоў пасылаў да іх звароты, некаторыя з іх так і засталіся без адказу. Чаму? У заканадаўстве агаворваецца, што электронны зварот ад грамадзяніна можа быць зроблены толькі з сайта пра мабільныя праграмы ў законе нічога не сказана. Атрымліваецца, што такія заяўкі не маюць юрыдычнай сілы. У выніку праграма шле камунальнікам лісты, а яны могуць рэагаваць на іх, а могуць і не. Але тут пытанне ў чалавечым фактары. Большасці людзей прасцей закрыць вочы на недахопы, чым шукаць патрэбны сайт, нешта туды пісаць, потым адсочваць. Мы з таварышам і рабілі гэтую праграму выключна для таго, каб прадэманстраваць, як проста і хутка можна вырашыць праблему — убачыў, дастаў тэлефон, зрабіў два клікі і гатова. Па-першае, стала б меней абыякавых людзей, прасцей было б дэманстраваць сваю грамадзянскую пазіцыю. Па-другое, на вуліцах і ў пад'ездах стала б больш парадку. Карысць ад праграмы відавочная. Мы, у сваю чаргу, змаглі б і далей развіваць гэты праект, наладзілі б двухбаковую сувязь. Напрыклад, чалавек сфатаграфаваў ямку на дарозе і паслаў на рэагаванне, а дарожна-маставое прадпрыемства ліквідавала дарожны дэфект і скінула заяўніку фота, маўляў, цяпер усё ў парадку. Усе задаволены. Наогул можна было б зрабіць сайт і рэгістраваць там увесь камунікатыўны працэс паміж заяўнікам і камунальнікамі. Прастора для творчасці ёсць, але пакуль няма рухаў насустрач.

На жаль, даведацца, што думаюць наконт гэтага камунальнікі, не атрымалася. Ва УКП адмовіліся ад каментарыяў, спаслаўшыся на недахоп часу: «Нам трэба снег прыбіраць, а вы тут сваімі несур'ёзнымі пытаннямі ўвагу адцягваеце».

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Каб у горадзе стала ўтульней

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.