Вы тут

Як на практыцы ахоўваюцца гісторыка-культурныя аб'екты


Нядаўна «Мясцовае самакіраванне» пісала («Да спадчыны — творчы падыход»«На Гродзеншчыне вядзецца татальная рэканструкцыя гістарычных помнікаў»«Што неабходна рабіць для захавання гісторыка-культурнай спадчыны?») аб тым, якія складанасці існуюць у справе аховы аб'ектаў мясцовай архітэктуры. Для таго каб лепш разабрацца ва ўсіх нюансах, наш карэспандэнт звярнулася да намесніка начальніка Упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталлі Хвір і задала ёй некалькі пытанняў.


— Наталля Дзмітрыеўна, наколькі змяніліся паўнамоцтвы мясцовай улады ў дачыненні да аховы спадчыны пасля падпісання Кодэкса аб культуры?

— 10-м артыкулам Закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» было прадугледжана, што мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ажыццяўляюць кантроль за ўтрыманнем і выкарыстаннем гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Сёння Кодэксам Беларусі аб культуры прадугледжана, што мясцовыя і распарадчыя органы ў сферы культуры арганізуюць і садзейнічаюць правядзенню мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны. У першым варыянце яны «ажыццяўлялі кантроль» — а цяпер садзейнічаюць правядзенню мерапрыемстваў. Гэта досыць істотная розніца. Работа па ахове спадчыны павінна праводзіцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ўлады... У Кодэксе не прапісана, хто цяпер ажыццяўляе за гэтым кантроль. Аднак ёсць Закон «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні», і, напрыклад, Указам Прэзідэнта №510 прадугледжана правядзенне праверак, планавых і пазапланавых. Аднак гэта праверкі суб'ектаў гаспадарання.

— Нядаўна даводзілася чуць такое меркаванне: калі ў раёне парушаецца заканадаўства аб ахове спадчыны і хтосьці паведамляе аб гэтым у Міністэрства культуры, запыт перанакіроўваюць у той жа раён, каб ён сам прыняў нейкія меры. Атрымліваецца замкнёнае кола...

— Калі мы бачым, што ў пэўным раёне парушаюцца правілы аховы спадчыны, можам накіраваць просьбу аб рэагаванні абласным уладам... У аддзеле аховы гісторыка-культурнай спадчыны, акрамя мяне, працуе яшчэ два спецыялісты. Калі мы атрымліваем інфармацыю пра парушэнне заканадаўства, напрыклад, у Нараўлянскім раёне Гомельскай вобласці, без дакладных звестак не можам скласці пратакол. Нам гэта неабходна праверыць, трэба выехаць на месца. А такіх сігналаў у нас бывае вельмі шмат. Траім чалавекам, якія да таго ж выконваюць адміністрацыйныя функцыі, разабрацца ў кароткі тэрмін з кожнай такой сітуацыяй проста нерэальна. А на месцах працуюць спецыялісты па ахове гісторыка-культурнай спадчыны — як абласнога ўзроўню, так і раённага. Згодна з Кодэксам аб культуры, калі мясцовыя ўлады выявілі парушэнні заканадаўства, яны могуць скласці адпаведны пратакол. Гэта нармальна.

— Каб скласці такі пратакол, відаць, неабходны пэўныя веды?

— Ёсць патрабаванні, прапісаныя ў Кодэксе аб культуры. Насамрэч гэта не вельмі складана. Адпаведныя паўнамоцтвы дакументальна ўскладзены на канкрэтнага чалавека. Аднак справа ў тым, што ў нас функцыю па ахове выконваюць то бібліятэкары, то балетмайстры, то яшчэ хтосьці. Тут ёсць праблема адукацыі. Аднак калі чалавек не першы дзень займаецца аховай спадчыны, у гэтым няма нічога складанага. Асабіста я, хоць і не з'яўляюся юрыстам па адукацыі, складала такія пратаколы.

— Што неабходна рабіць пры складанні пратакола?

— Трэба агледзець месца парушэння. Зафіксаваць, што адбылося, у які час, пры якіх абставінах. Такія пратаколы накіроўваюцца ці ў суд, ці ў адміністрацыйную камісію адпаведнага раёна. Часта вінаватых караюць штрафам. Напрыклад, апошні выпадак адбыўся ў Магілёве, дзе без дазволу Міністэрства культуры на гістарычны будынак усталявалі паветраводы. Давялося складаць пратакол, па выніках разгляду адміністрацыйнай справы было пастаноўлена, каб вінаватыя выплацілі штраф у памеры 30 базавых велічынь.

— Ці шмат залежыць ад так званага чалавечага фактару?

— Як я ўжо казала, на месцах працуюць розныя спецыялісты — хтосьці мае юрыдычную адукацыю, а хтосьці не. У нейкай вобласці пратаколы складаюцца больш актыўна, а дзесьці яны зусім не складаюцца. Аднак гэта не паказчык, што там няма парушэнняў. Наадварот, гэта сведчыць, што сітуацыя не кантралюецца.

— Праблема падрыхтоўкі спецыялістаў на месцах для аховы гісторыка-культурнай спадчыны існуе даўно. Агучвалася яна і на выязной калегіі Міністэрства культуры, якая пару гадоў таму праходзіла ў Маладзечне. Ці ёсць нейкія зрухі ў гэтай справе?

— У доктара, напрыклад, калі ён прыходзіць на работу, патрабуюць адпаведны дыплом... А на гэту пасаду можа ўладкавацца кожны. Адсюль і ўзнікаюць некаторыя праблемы.

— Якія яшчэ, акрамя акрэсленых вышэй, змены з'явіліся ў ахове спадчыны пасля ўвядзення Кодэкса аб культуры?

— У яго ўвайшлі ўсе тыя нарматыўна-прававыя акты, якія раней былі асобнымі. У тым ліку інструкцыі і палажэнні. Напрыклад, цяпер стала дакладна прапісана, якой павінна быць рэкламная канструкцыя, што змяшчаецца на аб'екце спадчыны, — усё павінна пісацца асобнымі літарамі. Калі раней Міністэрства культуры магло выдаваць прадпісанні аб спыненні работ, то цяпер яно такой кампетэнцыі не мае. Мы можам звярнуцца да мясцовай улады з інфармацыяй пра парушэнне заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. І яны, і мы можам скласці пратакол — да гэтага прыслухоўваюцца.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Загаловак у газеце: Хто ў адказе?

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.