Вы тут

Каб перамог здаровы сэнс


Кандыдатуру Івана Аліпава для вылучэння кандыдатам у дэпутаты Уздзенскага раённага Савета дваццаць сёмага склікання прапанаваў у свой час калектыў сярэдняй школы №2. Ад грамадскай работы Іван Паўлавіч ніколі не адмаўляўся. Пасля завяршэння больш як дваццацігадовай вайсковай кар'еры, у тым ліку службы ў Афганістане (звольніўся ў запас у званні старшага прапаршчыка ў 1998 годзе), Аліпаву пастаянна даводзілася прымаць удзел у мерапрыемствах па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі, выступаць у працоўных калектывах, навучальных установах.


Яго актыўную грамадзянскую пазіцыю заўважылі. Выбаршчыкі 8-й акругі (а гэта жыхары дамоў 15, 17, 19, 21 і 23 па вуліцы Савецкай у райцэнтры) дружна прагаласавалі за Івана Паўлавіча, чалавека, які каля 20 гадоў жыве побач, добра ведае клопаты суседзяў, не баіцца выказваць свае думкі, адстойваць інтарэсы іншых людзей у розных кабінетах.

Адным з першых наказаў дэпутату стала просьба жыхароў суседніх дамоў навесці парадак у двары — дзесяцігоддзямі тут ставілі ўласны транспарт дзе каму ўздумаецца, нават на зялёнай зоне, а на тэрыторыі скверыка, на праезнай частцы перад дамамі пасля дажджоў з'яўляліся вялікія лужыны.

Выслухаўшы просьбы, прапановы людзей, накіраваўся Іван Паўлавіч на прыём да кіраўніцтва жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Для пераканаўчасці захапіў з сабой фотаздымкі з падтопленай дваровай тэрыторыяй (пазней частка іх з артыкулам за подпісам дэпутата аказалася на старонках раённай газеты). І неўзабаве ў двары з'явіліся прадстаўнікі ЖКГ і іншых службаў... На працягу паўгода спланавалі і заасфальтавалі пляцоўку для стаянкі аўтатранспарту, добраўпарадкавалі дзіцячую пляцоўку, насыпалі пясок у нізкіх месцах... Праз сквер пралягла заасфальтаваная дарожка, з'явілася некалькі лавачак.

Пасля былі іншыя просьбы, даручэнні... Пачасціліся крадзяжы маёмасці грамадзян з кладовак у падвале — давялося ініцыяваць пэўныя работы па іх дадатковым умацаванні. Жыхары дома №17 звярнулі ўвагу на тое, што даўно ўжо запоўнены смеццем размешчаны побач каналізацыйны калодзеж — дэпутат падаў адпаведную заяўку ў дыспетчарскую службу ЖКГ. Жыхар дома №15 праінфармаваў: няма ў адным з пад'ездаў дамафоннай сістэмы — дамовіліся правесці апытанне ўсіх жыхароў пад'езда і пры агульнай згодзе ўстанавіць дамафон.

— На працягу апошніх гадоў людзі звярталіся з просьбай асвятліць тратуарную дарожку, што ідзе ад аддзялення Беларусбанка да аптэкі па вуліцы Сцяпанава — якраз міма двух дзіцячых садкоў, — дзеліцца Іван Паўлавіч. — Позняй восенню і зімой за гадзіну да пачатку і нейкі час пасля заканчэння работы дашкольных устаноў гэты шлях крыху асвятляюць вокны, а ў астатні час сутак там хоць вока выкалі. Асабліва небяспечна, калі кампаніі нецвярозых маладых людзей сюды заходзяць... З просьбай выбаршчыкаў я пазнаёміў намесніка старшыні райвыканкама, старшыню райсавета дэпутатаў. Вырашэнне праблемы патрабуе пэўных сродкаў, а яшчэ тут перасякаюцца інтарэсы трох ведамстваў — аддзела адукацыі, ЖКГ, энергетыкаў. Хацелася б, каб перамог здаровы сэнс і, пакуль мае паўнамоцтвы не скончыліся, хоць некалькі ліхтароў уздоўж дарожкі загарэлася.

Іван Паўлавіч па-ранейшаму прымае актыўны ўдзел у рабоце раённых арганізацый воінаў-інтэрнацыяналістаў, Саюза афіцэраў, ДТСААФ. Разам з моладдзю аднаўляў партызанскую зямлянку ў лесе пад Каладзіно, выступаў на мітынгах, удзельнічаў у мотапрабегах, акцыях па аказанні дапамогі ветэранам, родным загінулых «афганцаў»... Толькі за адзін год два выпускнікі школ з Уздзеншчыны паступілі ў Ваенную акадэмію, яшчэ двое — у Інстытут пагранічных войскаў. Можна лічыць гэта простым супадзеннем. А можна — вынікам мэтанакіраванай работы дэпутата Івана Аліпава.

Віктар САБАЛЕЎСКІ, г. Узда

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».