Вы тут

Падрыхтавана сістэма жыллёва-будаўнічых зберажэнняў


Падрыхтавана сістэма жыллёва-будаўнічых зберажэнняў з элементамі дзяржпадтрымкі.

Гэтая сістэма распрацоўвалася даволі працяглы час і цяпер выступае ў якасці праекта ўказа кіраўніка дзяржавы. Будаўнічая галіна стаіць на такой пазіцыі, што трэба гэтую сістэму адкрываць і пачынаць з ёю працаваць, нягледзячы на нейкія нюансы. Бо цэлы шэраг пытанняў будзе вырашаны толькі пры яе практычнай рэалізацыі. У чым сутнасць новага дакумента, «Звяздзе» расказаў начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль.


— Гэты ўказ вельмі актуальны ў сувязі з тым, што фінансаванне па 13-м указе новых дагавораў практычна спынена. Цяпер грошы ідуць толькі на пакрыццё абавязацельстваў па тых дагаворах, якія былі заключаны раней. Механізмам 240-га ўказа змогуць скарыстацца галоўным чынам шматдзетныя сем'і і вайскоўцы. А астатняй частцы насельніцтва неабходна прапанаваць дзейсную, замяшчальную сістэму жыллёва-будаўнічых зберажэнняў.

— Падобная па назве сістэма дзейнічае ў Беларусбанку. Яна працуе?

— На тых умовах, якія былі распрацаваны раней, яна хутчэй дапрацоўвае. Справа ў тым, што цяпер цікавасць да яе істотна знізілася.

— Распрацаваная вамі сістэма жыллёва-будаўнічых зберажэнняў будзе падыходзіць для ўсіх банкаў?

— Так. Сістэма ўніверсальная. Яна падыходзіць для любых фінансавых інстытутаў. Дакументам ствараюцца рамачныя ўмовы, агульныя крытэрыі, а ўжо самі банкі падрыхтоўваюць свой прадукт як канкурэнтнае асяроддзе. Гэта прыкладна так, як дзейнічае 240-ы ўказ, які ўстанавіў толькі агульныя рамкі, а далей працуе канкурэнцыя. Дарэчы, ужо цяпер яна дала свае вынікі. Тыя банкі, якія прапаноўвалі менш зручныя ўмовы крэдытавання сваім кліентам, чым у Беларусбанку, былі вымушаныя пайсці на спрашчэнне працэдур, зніжэнне працэнтных ставак і змякчэнне ўмоў па ўваходжанні ў саму сістэму.

— Сістэма будзберажэнняў не будзе злёгку змененай копіяй існуючага механізма Беларусбанка?

— Не зусім, хоць агульныя рысы ёсць. Але тут закладзены крыху іншы прынцып у тым, што ў Беларусбанку сістэма зберажэнняў адкрытага тыпу, а мы фарміруем сістэму закрытага тыпу. У нас задзейнічаны іншыя фінансавыя патокі, у сувязі з чым усё па-іншаму ўладкавана. Але галоўнае, у сістэме Беларусбанка для кліентаў няма дзяржаўнай дапамогі. А ў нашым праекце ўказа прадугледжаны элемент дзяржпадтрымкі (у фінансавым плане) як для жыллёвых чаргавікоў, так і проста ахвотных будавацца за ўласныя сродкі.

— Прапануецца досыць сур'ёзная сума?

— Гэты элемент выяўляецца ў прэміі дзяржавы. Некаторая сума, не буду пакуль называць яе, хоць у праекце агучваецца яе канкрэтны памер, якая даплачваецца грамадзяніну за тое, што ён працяглы перыяд часу захоўваў свае грошы ў банку на назапашвальнай сістэме. Пакуль ідзе назапашвальны перыяд і кліент збірае сродкі на будаўніцтва кватэры, яму на гэтыя грошы налічваюцца працэнты. І плюс яшчэ штогод на працягу перыяду назапашвання пэўная сума даплачваецца дзяржавай за тое, што ён трымаў доўгі дэпазіт. Уклад сапраўды доўгі. Не месяц, не паўгода, а ад двух да сямі гадоў. Таму даплата будзе давацца кліенту і для таго, каб нівеліраваць магчымыя інфляцыйныя страты.

— Калі гэты доўгачаканы дакумент атрымае сілу ўказа?

— Цяжка назваць дакладную дату. Па меншай меры мы збіраемся да канца года аддаць яго на разгляд ва ўрад. Ёсць яшчэ пэўныя няўзгодненасці паміж рознымі структурамі. Як хутка яны вырашацца, пакажа час.

— Што новага чакаецца ў долевым будаўніцтве?

— Мы зараз рыхтуем да выхаду карэкціроўку ўказа №263, які ўлічвае вопыт папярэдняга перыяду рэалізацыі аб'ектаў долевага будаўніцтва. Асноўны момант заключаецца ў зняцці абмежаванняў па абавязковым ўнясенні ўласных сродкаў арганізацыямі УКБ і прадпрыемствамі буйнапанэльнага домабудавання (БПД) для таго, каб прыцягваць сродкі грамадзян. Бо цяпер яны павінны ўкласці ў справу 15% ад кошту дома ўласных сродкаў, а толькі потым пачынаць збіраць сродкі дольшчыкаў. У няпростай эканамічнай сітуацыі буйныя абаротныя сродкі маюць нямногія прадпрыемствы. Для УКБ і структур БПД гэта стала праблемай. Таму мы прапануем увесці норму, калі менавіта УКБам і домабудаўнічым камбінатам дазволяць з моманту пачатку будаўніцтва прыцягваць сродкі грамадзян. Заўважу, такое фінансавае паслабленне прапануецца толькі для дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацый камунальнай формы ўласнасці.

— Для дзяржпрадпрыемстваў стаў праблемай і продаж ужо гатовага жылля, пабудаванага па долевым алгарытме...

— Унесена наступная прапанова ў праект указа, які датычыцца працэдуры рэалізацыі такога долевага жылля. Калі ў долевым будаўніцтве дом быў пабудаваны, але не ўсе кватэры рэалізаваны ў працэсе ўзвядзення, то будзе дазволена гэтым арганізацыям (УКБам і структурам БПД) прадаваць ужо гатовыя кватэры з вяртаннем атрыманых сродкаў на ўласныя рахункі гэтых прадпрыемстваў.

А што мы маем цяпер? Цяпер, калі прадаюцца гатовыя кватэры ў долевым доме, то грошы паступаюць у бюджэт. А гэта вымыванне абаротных сродкаў.

У тэму

Прадстаўнікі Нацыянальнага банка нефармальна абмеркавалі з экспертамі па нерухомасці змены, якія чакаюць рынак, адзначае партал rеаltу.tut.bу

Удзельнікі рынку нерухомасці ўдакладнілі, якіх ставак па крэдытах на жыллё варта чакаць у Беларусі ў наступным годзе. Прадстаўнікі рэгулятара адзначылі: эканоміка разаграваецца, Нацбанк не разлічвае, што інфляцыя будзе такой жа нізкай, што і па выніках 2017-га. Аднак і двухзначнага ліку не чакаецца. Да 2020 года ў паказчыках — пяціпрацэнтная інфляцыя і сяміпрацэнтная стаўка рэфінансавання. А гэта значыць, што крэдыты для насельніцтва будуць станавіцца больш даступнымі.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Прэмія на «доўгія» грошы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.