Вы тут

Траўмаў кісці становіцца менш, але яны з кожным годам цяжэйшыя


Людзі кажуць: «Усё ў нашых руках». Сапраўды, штодзень у далоні кожнага з нас трапляе вялікая колькасць рэчаў, розных па памеры, форме і прызначэнні. Таму нашы рукі, дарэчы, часта і знаходзяцца пад найвялікшай пагрозай траўміравання. Цяпер настала пара зімовых свят, адзін з атрыбутаў якіх — феерверкі і петарды. Прыгожыя, але не заўсёды бяспечныя, яны могуць цалкам перавярнуць нашы планы на першыя дні і нават месяцы новага года. Добра, калі не на ўсё жыццё. У навагоднюю ноч спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра хірургіі кісці, які дзейнічае на базе 6-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска, заўсёды напагатове. Як бачацца зімовыя святы з гэтай медыцынскай установы, нам расказаў урач траўматолаг-артапед вышэйшай катэгорыі Уладзімір Малец.


— Уладзімір Леанідавіч, ці многа да вас звяртаецца людзей з траўмамі рук ад піратэхнікі?

— Год на год не прыходзіцца, аднак за ўвесь святочны перыяд звычайна паступае больш за дзясятак чалавек з траўмамі ад піратэхнікі. Прычым ёсць дрэнная тэндэнцыя, што з такімі пашкоджаннямі ўсё часцей звяртаюцца менавіта дзеці і падлеткі. Апошнім часам колькасць пацярпелых меншая, але характар траўмаў становіцца цяжэйшы: калі раней гэта былі ў большасці раны, кантузіі, то цяпер даходзіць да адкрытых пераломаў, адчлянення сегментаў кісці, якія патрабуюць сур'ёзных аперацый і працяглага аднаўленчага перыяду.

— І гэта вынік нізкай якасці піратэхнікі ці няправільнага карыстання ёю?

— Асноўная праблема такога траўміравання ў няправільным карыстанні. Дзецям цікава, што будзе, калі разабраць петарду, падпаліць яе ў руках, часта спрабуюць паўтарыць трукі з інтэрнэту, і зразумела, што ў большасці выпадкаў гэта канчаецца дрэнна.

— А калі ўсё ж такі такое адбылося, якая павінна быць першая дапамога пацярпеламу?

— Вельмі важна як мага хутчэй пастарацца даставіць пацярпелага ў медыцынскую ўстанову. Перад гэтым трэба проста накруціць чысты бінт, не трэба нічога прамываць, спрабаваць спыніць крывацёк, нешта ўправіць. Калі ёсць адчляненне якой-небудзь часткі кісці, то неабходна таксама абкруціць руку бінтам, абгарнуць яе пакетам і змясціць у яшчэ адзін пакет з ільдом. Можна змайстраваць імправізаваную шыну з дошчачкі, напрыклад.

— Уладзімір Леанідавіч, чаму хірургія кісці выдзелена як асобная галіна?

— Нездарма вялікі кісцевы хірург Стэрлінг Бунел назваў хірургію кісці брыльянтам артапедычнай хірургіі: чалавечая рука — гэта вельмі складаная канструкцыя з мышцаў, нерваў, касцей, суставаў. Да таго ж усім вядома, што праца ператварыла малпу ў чалавека, а працоўная дзейнасць чалавека немагчымая без нармальнага функцыянавання кісці.

— Цэнтр, у якім вы працуеце, у Беларусі адзін. Значыць, людзей з любымі траўмамі і хваробамі кісці вязуць сюды з усёй краіны?

— У Мінск з рэгіёнаў вязуць найчасцей не з пашкоджаннямі, а з захворваннямі. Таму што калі траўма вострая, то везці сюды не заўсёды правільна. Як правіла, частку функцый на абласным узроўні бяруць на сябе аддзяленні мікрахірургіі на базе аддзяленняў абласных бальніц.

— Колькі прыкладна штодзень паступае пацярпелых і які характар траўмаў распаўсюджаны найболей?

— Калі не браць у разлік пацыентаў з артапедычнымі захворваннямі, кожны дзень з траўмамі да нас звяртаюцца ад 20 да 40 чалавек. Гэтая колькасць павялічваецца ў перыяд вясна — восень, калі людзі пачынаюць карыстацца рознымі механізмамі (балгаркамі, такарнымі станкамі, піламі) і атрымліваюць высокаэнергетычныя траўмы. Чым вышэй навукова-тэхнічны прагрэс, тым вышэй траўматызм. Таму з кожным годам траўмы набываюць усё больш цяжкі характар, і, на жаль, усё радзей кісць паддаецца поўнаму аднаўленню.

— Раскажыце пра нейкія незвычайныя аперацыі, праведзеныя ў цэнтры.

— Любая аперацыя сама па сабе ўнікальная, бо адна і тая ж паталогія ў кожнага мае нейкія свае асаблівасці. Але ёсць шэраг аперацый, якія праводзяцца ў выключных выпадках. Скажам, бывае, што скура здымаецца, як пальчатка. Застаюцца голыя сухажыллі, косці. Тады бяруцца і падшываюцца свабодныя лапікі, гэта значыць праводзіцца шматэтапная скурная пластыка.

Адметна тое, што ў нашым цэнтры ажыццяўляецца не толькі лячэбная дзейнасць, але і навуковая. Мы распрацоўваем новыя методыкі, звязаныя з паталогіяй запясця, напрыклад, ужо выкарыстоўваецца методыка лячэння хваробы Кінбэка, артрозу першага запясцева-пясцевага сустава, а таксама паталогіі посттраўматычнай дэфармацыі дыстальнага аддзела перадплечча. Цяпер распрацоўваюцца методыкі па лячэнні дабраякасных утварэнняў кісці. Перыядычна вядзецца супрацоўніцтва з кафедрай Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і Беларускай медыцынскай акадэміяй паслядыпломнай адукацыі. Рэгулярна ездзім за мяжу, глядзім новыя методыкі, укараняем іх тут. Пішуцца і абараняюцца кандыдацкія, доктарскія дысертацыі, прысвечаныя траўмам і захворванням кісці. Калі параўноўваць з замежнымі калегамі, можна сказаць, што не сорамна за наш цэнтр.

Аляксандра ДАРАШЭНКА

Загаловак у газеце: Усё ў нашых руках

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».