Вы тут

Патаемнае жаданне


Дзяўчынка сядзела за сталом і старанна выводзіла літары на аркушы паперы.

«Дзень добры, Дзед Мароз!

З Новым годам!

Кажуць, што пра самыя патаемныя жаданні казаць нельга, бо яны не здзейсняцца. Але з табой можна падзяліцца. Праўда?

Я — Яніна. Мне дзевяць гадоў. Зараз я знаходжуся ў сацыяльна-педагагічным цэнтры. Тут добра. Уяві сабе: сёння на сняданак былі рысавая каша з разынкамі, масла, хлеб і гарбата. Але ўсё адно я часта ўспамінаю дом, хоць там такой ежы і не бачыла...»

...Яніна не магла апісаць Дзеду Марозу ўсяго з мінулага. Для гэтага не хапіла б аркуша паперы. Да таго ж ёй было зусім мала гадоў, каб перадаць як мага лепш успаміны.

Сапраўды, дамашні сняданак абыходзіўся без рысавай кашы з разынкамі. Была бульба. Не кожны дзень, але... ці гэта важна? Галоўнае, Яніна жыла з маці. А пад'есці можна было ў школе. Праўда, на пусты страўнік шмат не запомніш. Але пасля другога ўрока Яніна наведвала сталоўку і сядзець за партай было лацвей.

Так яна жыла б і далей. Але аднойчы да іх завіталі нейкія людзі і сказалі, што дзяўчынцы ў такіх умовах жыць нельга, і забралі яе ў сацыяльна-педагагічны цэнтр.

«...Дзед Мароз, тут я пазнаёмілася з дзяўчаткамі і хлопчыкамі. Мы нечым падобныя. Я зразумела, што такое па-сапраўднаму сябраваць. Калі я жыла дома, сяброў у мяне не было. Аднакласнікі часта смяяліся з мяне, абражалі...»

...Вучылася Яніна на цвёрдую «6». І гэтага ёй было дастаткова. Усё ж не «двоечніца».

Яе аднагодкі хадзілі ў школу ў прыгожым адзенні, у іх былі тэлефоны і планшэты. Неяк хтосьці запытаўся ў Яніны, чаму ў яе няма такіх звыклых рэчаў. Яніна не ведала, што адказаць. І тут адзін хлопчык сказаў, што чуў, як бацькі неяк назвалі Яніну дачкой алкагалічкі. Выраз падхапілі іншыя.

— Дачка алкагалічкі, — смяяліся і крыўляліся яны.

Невядома, чым гэта магло скончыцца, але якраз прагучаў званок і ў клас зайшла настаўніца.

Сапраўды, маці Яніны апошнія два гады зрывалася і час ад часу злоўжывала. Але так было не заўсёды. Калі яна бралася за розум, то набывала дзяўчынцы новае адзенне, гатавала няхітрыя стравы.

«...З намі праводзяць розныя гульні. Ёсць шмат кніг і цацак, тэлевізар і відэаплэер. Мы глядзім розныя мультфільмы.

Штодзень я хаджу ў школу. Не ў тую, дзе я вучылася, калі жыла дома. Больш за ўсё мне падабаюцца ўрокі малявання...»

...Дома тэлевізар стаяў у куце на невялічкім століку. Але сама дзяўчынка не магла яго ўключыць. Гэта была прывілея маці.

На століку ў Яніны стаялі старыя мяккія цацкі — мядзведзік і зайчык. Казаць пра камп'ютар, планшэт або тэлефон не даводзілася. Нават пра добры набор алоўкаў і фламастараў з альбомам для малявання. У яе было толькі некалькі старэнькіх агрызкаў, якія яна некалі знайшла ў школьнай сметніцы, калі выносіла тую з класа. Тоненькі сшытак у клетку, дзе дзяўчынка давала волю выяўленчаму мастацтву.

Яніна сама прыбірала кватэру, наводзіла парадак. Неяк яна папрасіла маці дапамагчы пераставіць пісьмовы стол у іншае месца. «Рабі што хочаш, мне няма калі», — пачула ў адказ. Пэўна, гэта быў не самы лепшы дзень для роднага чалавека...

«...Больш, чым маляваць, я люблю марыць. Вось, напрыклад, зараз мне ідуць такія вобразы: калі я стану дарослай, то буду жыць у вялікім доме. Не ў кватэры. У асабістым пакоі пастаўлю вялікі ложак і мальберт. Раніцамі я буду маляваць усходы сонца. Пейзажы. А яшчэ сама вырашаць, што глядзець па тэлевізары...»

...Пэўна, толькі мары і выратоўвалі Яніну ў паўсядзённым жыцці, не давалі ёй замкнуцца ў сабе. Ёй думалася, што яна пабудуе ўласнае жыццё інакш, не стане паўтараць памылак маці.

«...Выхавальніца Кацярына Іванаўна падарыла мне невялічкага пуховага зайчыка, якога можна прымацаваць да рукзака. Зайчыка я назвала Асікам. З ім употай дзялюся сваімі думкамі. Расказваю, як мне жывецца. А яшчэ пра маму. Цікаўлюся ў Асіка, калі яна прыйдзе па мяне. Ці хоць у госці. Апошнія два тыдні яна нават і не тэлефанавала. Але гэта не значыць, што яна пра мяне забылася. Магчыма, яна патэлефануе нават у гэтую хвіліну або зойдзе. Асік усміхаецца, кажа, што ўсё будзе так, як я мару».

...У сацыяльна-педагагічным цэнтры дзеці часам любілі расказваць адно аднаму пра сваіх бацькоў. Вядома, для іх, нягледзячы ні на што, яны ўсё роўна былі самыя лепшыя. Яніна з лёгкасцю магла паказаць астатнім, як усміхаецца яе маці. Іншыя паказвалі, якія ў іх таты вусы. Часам многія прыдумвалі неверагодныя гісторыі (накшталт сумеснай рыбалкі і карасёў па дзесяць кілаграмаў), якіх на самай справе ніколі не было. Але дзеці расказвалі іх з такім запалам, як быццам усё гэта адбывалася ў сапраўднасці.

«...Дзед Мароз, я памятаю і пра свой самы лепшы Новы год. Мне было ўсяго шэсць. Уяўляеш? Тады мама была іншая. За некалькі дзён да Новага года мы разам упрыгожвалі невялікую штучную ёлку. А потым рыхтавалі святочную вячэру. Я падносіла бульбу, капусту, моркву... Як сапраўдная маленькая маміна памочніца.

А яшчэ я памятаю торт. Ён быў такі салодкі. Ты нават не ўяўляеш які! Мы праседзелі разам да дзвюх гадзін ночы. І толькі потым я пайшла спаць. Гэта была пакуль самая доўгая і шчаслівая ноч у маім жыцці».

Самым лепшым успамінам для Яніны быў той Новы год. У лісце Дзеду Марозу яна не расказала аб тым, як папрасіла маці дазволіць ёй прымераць яе сукенкі. Хоць яны, вядома, былі завялікія, дзяўчынка старалася хадзіць па пакоі, як мадэль (як ходзяць мадэлі, яна аднойчы бачыла па тэлевізары). Маці было смешна. І Яніне таксама. Яны разам смяяліся з гэтай забавы.

«...Чараўнік, ты, пэўна, здзіўляешся, што я расказваю табе толькі пра маму. Справа ў тым, што свайго бацьку я не ведаю. І мама мне пра яго нічога ніколі не расказвала».

...Яніна ніколі не бачыла свайго бацьку. Нават не ўяўляла, як ён выглядае. І пра гісторыю свайго з'яўлення на свет таксама мала што ведала. Толькі чула, як суседка з іх пад'езда неяк кінула ў след: «Вось Зоська нагуляла». І яшчэ: «Такой, як і маці, будзе. Копія». Яніна не зусім разумела гэтых выказванняў, але адчувала, што нічога добрага яны не нясуць.

«...Ну вось я і завяршаю свой невялічкі аповед. Дзед Мароз, ты, пэўна, зразумеў маё самае патаемнае жаданне? Калі не, скажу толькі табе: мне хочацца правесці гэты Новы год так, як гэта было ў маім дзяцінстве...»

...Дзяўчынка пісала ліст Дзеду Марозу. Яна не ведала, што за час, які яна правяла ў сацыяльна-педагагічным цэнтры, маці прайшла комплексную рэабілітацыю. Пад самы Новы год яна забярэ Яніну дадому. Пад бой курантаў у іх будзе такі ж самы торт, як і ў той памятны вечар. Болей яна ніколі не зведае таго, што ёй прыйшлося перажыць за апошнія два гады.

Яніна будзе верыць: пісьмо, напісанае Дзеду Марозу, сапраўды дайшло да адрасата. Таму яе самае патаемнае жаданне і здзейснілася!

Андрэй СІДАРЭЙКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.