Вы тут

Як мы збіралі «Калядную скрыначку»


Усе так прывыклі лаяць сацыяльныя сеткі, маўляў, пустая трата часу і спосаб памерацца «ў каго жыццё круцейшае». Але ў патоку выяў велізарных букетаў, загарэлых ног і не асабліва асэнсаваных сэлфі, застаецца месца і для па-сапраўднаму карысных рэчаў. А на некаторыя з іх у рэальным жыцці можна было б ніколі і не наткнуцца...


Не чараўнік, а звычайныя людзі

Вядома, ні пра што падобнае я не разважала, калі прагортвала стужку «Інстаграма». Так, знаёмая адправілася ў чарговае падарожжа, сябар дзяцінства прыкмеціў смешную аб'яву ў пад'ездзе, а суседка пабывала ў новым кафэ на рамантычнай вячэры. Погляд прыцягнула навагодняя скрыначка на прыгожым фоне. Чакаючы подпісу накшталт «а вы ўжо пачалі купляць падарункі блізкім?» ці «час ставіць ёлку!», я клікнула па фатаграфіі.

Не хочацца ўпадаць у пафас, але да канца чытання паста сэрца сціснулася. Падарунак прызначаўся для васямнаццацігадовага хлопца з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. І галоўнай, больш правільна будзе сказаць нават адзінай яго марай быў цацачны тэлефон з кнопкамі. Пажадана — музычны.

Вядома, да такой асабістай гісторыі цяжка застацца абыякавым. Усё ж гэта не абязлічаны зварот з абстрактнай просьбай аб дапамозе. Таму вырашыла больш падрабязна даведацца, што гэта за акцыя і як у ёй можна паўдзельнічаць.

Аказалася, што акцыя пад назвай «Калядная скрыначка» праводзіцца з 2013 года. І калі, напрыклад, два гады таму быў сабраны 791 падарунак, то сёлета — ужо на тысячу больш.

Удзельнікі дапамагаюць ствараць свята для хлопчыкаў і дзяўчатак з дзіцячага дома або сям'і ў сацыяльна небяспечным становішчы, інвалідаў — спісы даюць сацыяльныя работнікі. Для гэтага ўсяго і трэба, што напоўніць карыснымі і прыемнымі рэчамі падарункавую скрынку. Арганізатары — дарэчы, гэта звычайныя маладыя людзі, якія не прадстаўляюць ніякія аб'яднанні, — мяркуючы па вопыце мінулых гадоў, склалі спіс, на які можна арыентавацца. Акрамя цацак і прысмакаў дзецям прапануюць пакласці прадметы, якія нам здаюцца цалкам штодзённымі, а для іх прадстаўляюць вялікую каштоўнасць. Узяць хоць тыя ж канцылярскія прылады або сродкі гігіены. Таксама ў кожную скрыначку просяць пакласці дзіцячую Біблію: усё ж акцыя прымеркавана менавіта да Каляд, а гэтае чытанне павінна навучыць дзяцей верыць у дабро і ніколі не губляць надзею. Вітаецца і ліст, прычым просяць не падпісваць яго ад асобы Дзеда Мароза: дзеці павінны ведаць, што і ў паўсядзённасці ёсць месца цуду.

Хто ён — мой адрасат?

Усе ахвотныя пакідаюць заяўку ў групе акцыі «УКантакце»: тут можна пазначыць пол і ўзрост дзіцяці. Шмат хто хоча падтрымаць менавіта малых. І іх можна зразумець, бо падарыць казку малечы значна прасцей, да таго ж нельга будзе ўсумніцца ў шчырасці яго радасці. Іншыя ж выбіраюць «тыпажы», блізкія да ўласных дзяцей, таму што добра ведаюць, што ім цікава ў тым ці іншым узросце.

Я вырашыла нічога не ўдакладняць: хто трапіцца, той і добра. Галоўнае, атрымаць запаветныя даныя. Гэта было вельмі хвалююча: хто ж яно — дзіця, з якім я, хоць і завочна, змагу падзяліць атмасферу будучых свят?

Ім аказаўся хлопчык з малазабяспечанай сям'і 2006 года нараджэння. Я з дзясятак разоў перачытала яго прозвішча, імя і імя па бацьку, спрабуючы ўявіць, як выглядае іх уладальнік. Можа быць, хлапчук вечна прападае на футбольным полі і лічыцца найлепшым бамбардзірам у наваколлі? Ці ж не вылазіць з бібліятэкі, па шмат разоў перачытваючы любімыя чароўныя гісторыі? А можа, увесь свой вольны час дапамагае маме даглядаць малодшых брацікаў і сястрычак? Здавалася, вось бы хоць адным вокам зірнуць на яго фота — зразумець можна было б значна больш. Аднак давялося падключыць сваю фантазію.

Першае, што купіла, была кніга: энцыклапедыя пра жывёл. Далей у справу пайшлі сшыткі, нататнікі, ручкі, алоўкі і іншыя канцылярскія прылады. Каб не памыліцца з астатнім, патэлефанавала свайму трынаццацігадоваму стрыечнаму брату. «Ніякіх мяккіх цацак! Жартуеш ці што? — упэўнена заявіў ён мне. — Вось калекцыйная машынка — іншая рэч». Заадно разведала спіс ласункаў, якія ў падлеткаў цэняцца вышэй за ўсё. Ад сябе дадала флікеры, спецыяльную падарункавую ўпакоўку пупырчатай плёнкі, якую так весела лопаць, святочную свечку і, вядома ж, ліхтарык: здаецца, кожны хлопчык лічыць яго прадметам першай неабходнасці. Калі расказала пра гэта маме, яна папрасіла абавязкова купіць шкарпэткі, каб хлопчыку заўсёды было цёпла. У такія моманты спрабуеш адганяць ад сябе ўсе «лішнія» думкі: а раптам у яго і праўда няма ў чым выйсці на мароз...

Калі я везла падарунак да месца збору, працягвала хвалявацца. А калі гэтага недастаткова ці скрыначка, калі ўсё скласці, акажацца паўпустой? Арганізатары адмыслова называюць адзіныя памеры, каб нікому не было крыўдна. Карціну, падобную да той, якая адкрылася мне на месцы, я ніколі ў жыцці не бачыла: ад падлогі да столі стаялі скрыначкі ў яркіх рознакаляровых абгортках, а побач працавалі людзі, збіраючы і запакоўваючы новыя. Калі хтосьці марыў пабываць на фабрыцы Санта-Клауса, то гэта яе паўнавартасны аналаг, толькі створаны рукамі не чароўных персанажаў, а простых, але неабыякавых людзей.

Зараз апошнія дні, калі скрыначкі яшчэ прымаюць. Дарэчы, іх дасылаюць не толькі з розных гарадоў Беларусі, але нават з іншых краін.

Пазней падарункі пачнуць развозіць па сем'ях і інтэрнатах: іх атрымаюць выхаванцы дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця ў Багушэўску, Гомельскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, Ашмянскага раённага сацыяльнага прытулку. Тыя, хто не паспеў сабраць скрыначку, могуць дапамагчы акцыі матэрыяльна ці ж проста прынесці рэчы, якімі будуць дапоўнены іншыя падарункі. І, вядома, заўсёды вітаецца асабісты ўдзел.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Мары пра цацачны тэлефон

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?