Такая інфармацыя была агучана на пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю, на якім былі разгледжаны вынікі аналізу эфектыўнасці работы арганізацый, якія вырабляюць і прадаюць алкагольную прадукцыю. Забягаючы наперад, адзначым, што вынікі года для гэтай галіны аказаліся несуцяшальныя.
— Алкагольная галіна з'яўляецца адной з асноўных крыніц папаўнення бюджэту, таму яе стан заўсёды знаходзіцца пад нашай пільнай увагай, — заявіў журналістам перад пасяджэннем калегіі намеснік старшыні Камітэта дзяржкантролю Уладзімір КУХАРАЎ. — У ходзе кантрольных мерапрыемстваў устаноўлены шэраг сур'ёзных праблемных пытанняў.
Зараз у Беларусі назіраецца зніжэнне даходаў ад вытворчасці і абароту алкагольнай прадукцыі. Калі ў 2015 годзе ў бюджэт паступіла 758 мільёнаў рублёў акцызнага падатку, у 2016-м — 731 млн рублёў, то ў студзені — лістападзе гэтага года — усяго 681 млн рублёў. Як адзначыў на пасяджэнні старшыня КДК Леанід АНФІМАЎ, калі перавесці гэтыя сумы ў доларавы эквівалент, то за няпоўныя тры гады было страчана 100 млн долараў.
Шэраг прадпрыемстваў у гэтай сферы мае немалыя запазычанасці. Напрыклад, на 1 кастрычніка 2017 года пратэрмінаваная запазычанасць гандлёвых арганізацый перад прадпрыемствамі канцэрна «Белдзяржхарчпрам» і ГК «Мінск Крышталь Трэйд» склала больш за 47 млн рублёў. Такая нізкая плацежная дысцыпліна негатыўна ўплывае на даходы бюджэту: нядоімка па падатках і зборах вытворцаў алкагольных напояў склала 52,8 млн рублёў, што на 15% больш, чым на 1 студзеня 2017 года. У даўжніках — кожны трэці вытворца алкаголю ў краіне.
— Неплацяжы гандлёвых арганізацый за атрыманыя напоі сталі хранічнай хваробай. Не забяспечана стабілізацыя фінансавага стану многіх прадпрыемстваў, — падкрэсліў Леанід Анфімаў.
Да гэтага часу не спыняюцца закупкі арганізацыямі сыравіны і матэрыялаў праз пасярэднікаў. Напрыклад, тры дзяржаўныя лікёра-гарэлачныя заводы ў перыяд са студзеня па верасень набылі ў пасярэдніка ўвесь неабходны для іх аб'ём алюмініевых накрывак беларускай вытворчасці на суму 3,5 млн рублёў. Пасярэднік атрымаў узнагароду ад вытворцы накрывак у выглядзе камісійнай узнагароды. Так што праблема існуе, упэўненыя ў Камітэце дзяржкантролю.
Прадукцыя прадстаўлена сотнямі найменняў, але самі напоі амаль не адрозніваюцца па спажывецкіх характарыстыках. Неабгрунтаваная ўнутрыгаліновая канкурэнцыя стварае перадумовы да павелічэння складскіх запасаў і памяншэння даходнасці вытворцаў.
Як жа вырашыць такую няпростую сітуацыю? Калегія Камітэта дзяржкантролю ўпэўненая, што ў гэтым дапаможа праграмны дакумент па развіцці галіны. Акрамя таго, з'явілася прапанова сумесна з рознымі дзяржаўнымі органамі прыняць вычарпальныя захады, каб забяспечыць своечасовыя разлікі арганізацый за алкаголь, а таксама захады па стабілізацыі фінансава-эканамічнага становішча прадпрыемстваў.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Даведачна
Сёння на рынку алкагольных напояў штогод выпускаецца каля 25 млн дэкалітраў алкаголю. Гэтай вытворчасцю ў краіне займаецца 51 арганізацыя, у тым ліку няпрофільныя. Усяго гарэлку выпускаюць 18 суб'ектаў, лікёра-гарэлачныя вырабы — 19, віны пладовыя — 33, віны вінаградныя — 11. Аптовым гандлем алкагольных напояў займаюцца больш за 100 арганізацый, рознічным — звыш шасці тысяч суб'ектаў гаспадарання.
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».