Вялікі савецкі і беларускі спартсмен, алімпійскі чэмпіён, прызёр і пераможца чэмпіянатаў свету, адзін з творцаў поспеху Алімпіяды 1972 года ў Мюнхене Іван Ядэшка прыехаў у Мінск.
Учора Іван Іванавіч правёў майстар-клас для маладых баскетбалістаў з юнацкай зборнай Беларусі U-18. На сустрэчы з зоркай савецкага баскетбола прысутнічалі і зусім маленькія аматары гульні ў аранжавы мяч, якім дасталіся паштоўкі з аўтографамі і фатаграфіі з алімпійскім чэмпіёнам.
- Каб дамагацца мэтаў, трэба мець велізарнае жаданне, валодаць высокай канцэнтрацыяй і працаваць. Ніколі не расслабляйцеся, не здавайцеся, заўсёды дасягайце сваёй мэты, тады вы ўбачыце людзей слабейшых за сябе, якія ўжо здаліся, - даваў навучанні Іван Ядэшка сваім малодшым таварышам. - Гэтыя рысы зробяць з вас прафесіянала не толькі ў спорце, але і ў любой іншай сферы.
Я вечны даўжнік Беларусі, беларускага народа, беларускага баскетбола, таму што не гледзячы на тое, што доўгі час жыў у Расіі, у Маскве, заўсёды заставаўся беларускім рускім. Думаю, даўгі можна аддаваць вось такім чынам, такімі сустрэчамі, якія могуць быць цікавымі для вялікай аўдыторыі.
А ўжо сёння адбудзецца прэм'ера фільма "Рух уверх", і Іван Ядэшка, які з'яўляецца адным з галоўных герояў, прадставіць кінастужку сваім землякам. Карціна распавядае пра легендарную перамогу савецкіх баскетбалістаў на Алімпіядзе-1972.
- Ад фільма вы атрымаеце велізарнае задавальненне, прэм'ера адбылася ўжо ў Маскве, людзі ў зале плакалі. Былі настроеныя скептычна, аднак пасля яго прагляду, людзі пакідалі залу моўчкі, не знаходзячы слоў для крытыкі, - расказвае Іван Іванавіч.
Усе спартыўныя балельшчыкі змогуць паглядзець мастацкі фільм «Рух уверх» у кіназале Falcon Club Буцік Кіно.
Даведка
Ядэшка Іван Іванавіч
- Нарадзіўся 23 сакавіка 1945 г. у в. Сцяцкі Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці.
- Заслужаны майстар спорту.
- Чэмпіён Гульняў XX Алімпіяды ў Мюнхене (Германія) 1972 г.
- Бронзавы прызёр Гульняў XXI Алімпіяды ў Манрэалі (Канада) 1976 г.
- Чэмпіён свету 1974 г.
- Сярэбраны прызёр чэмпіянату свету 1978 г.
- Двухразовы чэмпіён Еўропы - 1971, 1979 гг.
Дар'я Лабажэвіч
Фота Ганны Занкавіч
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.