Вы тут

Што патрэбна для шчасця?


Часам дастаткова адной ёлачнай цацкі.


На навагоднім кірмашы ў сталічным універмагу чаго толькі няма. Стракаценне бляску і колераў, ад якога літаральна ў розныя бакі разбягаюцца вочы. Разбягаюцца, а не чапляюцца. Бо, калі прыгледзецца, усё аднолькавае — імпартны танны, а часам і не надта танны, шырспажыў. Пластыкавыя шары розных памераў і «масцяў», але вельмі падобныя паміж сабой, у наборах і па адным. (Яны нават б'юцца не па-святочнаму — расколваюцца на некалькі частак з глухім «клак» па падлозе, нібы стогне стары дзед. Іншая справа — вясёлкавыя шкляныя, што былі ў дзяцінстве, якія, калі падалі, разбіваліся на сотні іскрыстых пырскаў, выдаючы ўрачыстае «дзінь!») Статуэткі ці то Дзядоў Марозаў, ці то Санта-Клаўсаў — так і не зразумееш, каго яны сімвалізуюць на самай справе. Я, напрыклад, схіляюся да Санты: той, як вядома, падарожнічае адзін, у кампаніі хіба што аленяў. Бо Снягурак у адэкватнай колькасці ў продажы не назіраецца. Пэўна, замежныя вытворцы проста не могуць разгадаць славянскую навагоднюю загадку: адкуль у дзеда ўнучка, калі ў яго няма жонкі і дзяцей? Статуэткі сучасныя, можа, і больш даўгавечныя, чым колішнія папяровыя набітыя ватай, але ж у тых Снягурка была заўсёды ў камплекце, а барада ў Дзеда была сапраўдная, мяккая, а не керамічная. Гірлянды рознай даўжыні са светлавымі эфектамі рознай складанасці, але ж без фантазіі ў дызайне — або шарыкі, або кропелькі, у лепшым выпадку — пяціканцовыя зоркі (яны чамусьці амаль заўсёды гараць сінім святлом). Далёка ім да карункавых рознакаляровых сняжынак, якія больш замыкалі, чым свяціліся, але ж колькі ад іх было радасці...

Карацей, выбар, здаецца, і багаты, а выбіраць асабліва не хочацца, колькі святочны настрой да сябе ні заклікай. Няма ў тых стракатых цацках... душы, ці што?..

Прыблізна з такімі думкамі совалася я па тым навагоднім аддзеле, пакуль на дальняй паліцы не заўважыла гэтыя цацкі, зробленыя ў нас, у Беларусі. Гадзіннік з бліскучымі гіркамі-шышачкамі. Кранальнае белае медзведзяня з падарункам у лапах. Грыбок-сыраежка з колцам для ніткі ў цэнтры шапкі. Рудыя і зялёныя шышкі, пакрытыя снегам... У адмысловай засцерагальнай упакоўцы, каб не пабіліся — яны былі звонка-шкляныя — сапраўдныя. Іх нібы толькі што дасталі з таго чароўнага навагодняга чамадана.

Чамадан быў сапраўды чароўны — абабіты карычневай цыратай, з металічнымі вугалкамі, з адмысловымі замкамі. Колькі яму гадоў было, невядома, сямейная легенда казала, што ў канцы 50-х маці прывезла ў ім свой пасаг, але і тады чамадан быў далёка не новы. Ён стаяў цэлы год на самай высокай шафе, недасягальны нават з падсунутага крэсла, ад гэтага яшчэ больш спакусны. І толькі аднойчы ў год — перад каталіцкімі Калядамі, дарослыя спускалі яго на зямлю і дазвалялі дакрануцца да скарбаў, што ў ім захоўваліся.

І гэты дзень, калі яго даставалі, быў, напэўна, самы шчаслівы ў годзе. З раніцы, толькі паснедаўшы, я тут жа кідалася да яго пад засцерагальнае бабуліна: «Толькі нічога не пабі!», асцярожна адчыняла цяжкае вечка і па адной пачынала выкладваць на канапу цацкі. Гадзіннік з бліскучымі гіркамі-шышачкамі. Белае медзведзяня з падарункам у лапах. Грыбок-сыраежка з колцам для ніткі ў цэнтры шапкі. Рудыя і зялёныя шышкі, пакрытыя снегам... Яшчэ былі ліхтарыкі, званочкі, сэрцайкі, некалькі празрыстых чырвоных шароў з белымі ўзорамі. Яны ўсе былі ручной работы (некаторыя прывезеныя мамай з тым жа славутым пасагам), таму не вельмі дасканалыя, з выпукласцямі, якія добра адчуваліся навобмацак, і, напэўна, ад гэтага цёплыя, нібы жывыя. Яшчэ былі скруткі дэфіцытнага для вёскі «дожджыку», чапаць які катэгарычна забаранялася, бо ён літаральна за некалькі секунд зблытваўся ў бліскучы мільгатлівы «калтун», разблытаць які было немагчыма. Пад забаронай былі і гірлянды-сняжынкі: тоненькія правады на іх вельмі лёгка рваліся. Іх можна было толькі асцярожненька дастаць і пакласці на канапу.

Калі цацкі былі раскладзены, у хату ўвальваўся бацька з пушыстай вялікай елкай. Ад яе веяла халодным лесам, а лапкі былі ў шэрані. Дрэва ставілі ля грубкі — адагравацца, і яно разам з холадам пачынала аддаваць свой водар, які здаваўся найлепшым у свеце. Пасля прыходзіла з працы мама і мы ў ранніх снежаньскіх прыцемках разблытвалі непаслухмяныя гірлянды і дожджык, вешалі на галінкі цацкі. Без страт ніколі не абыходзілася — вось адкуль я ведаю пра гэта святочнае «дзінь!», але бацькі ніколі за гэта не сварыліся. Пасля ў зале тушылі люстру і запальвалі гірлянду. Твары ў дарослых у гэтым амаль казачным святле былі такія засяроджана-пяшчотныя, нібы яны ўбачылі нешта вельмі-вельмі добрае, у што ўжо даўно перасталі верыць. А ўначы абавязкова трэба было некалькі разоў устаць, каб па настылай падлозе ціхенька выйсці і зазірнуць у залу — там пад прывідным святлом, якое адкідвалі ў вокны гурбы снегу і месяц, мігцела-пералівалася цуда-дрэва спраўджанай мары...

Казка скончылася, калі ў хаты не стала гаспадара. Ён пайшоў ад нас у сцюдзёным лютым, на той Новы год з Бараўлян яго ўжо не адпусцілі. Некалькі гадоў мы не тое што не ставілі ёлку — стараліся на свята з'ехаць да сваякоў. Пасля купілі штучнае бліскучае дрэўца, галінкі якога былі абкручаны мішурой, і цацкі зноў аказаліся непатрэбнымі. Чамадан доўгі час пыліўся на шафе, а потым неяк незаўважна знік з усім сваім чароўным начыннем (аказалася, мама занесла яго ў школу). Адчуванне свята з таго часу знікла, прыходзіла часам толькі шкадаванне. І шкада было чамусьці больш за ўсё тых беззваротна аддадзеных старых цацак, якія, здавалася, здольныя вярнуць у дзяцінства.

... З тых, убачаных у краме, я купіла медзведзяня і гадзіннік. Яны вісяць цяпер на ёлцы на пачэсным месцы. Кожны вечар бяру іх у рукі, гладжу па бліскучых няроўнасцях. Уначы пад бяссоннымі ліхтарамі вялікага горада ёлка ў куце мігціць таямнічым святлом...

Нам часам зусім няшмат трэба для шчасця.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?