Вы тут

Гамяльчане атрымалі ключы ад новага двухпавярховага катэджа


Людміла Аляксандраўна і Анатоль Міхайлавіч — прыёмныя бацькі пяцярых дзяўчатак і чатырох хлопчыкаў ва ўзросце ад 1,5 да 16 гадоў. Казка для малых спраўдзілася. Пад новы 2018 год у іх з'явіліся і бацькі, і свае пакойчыкі ва ўтульным вялікім доме.


Дзіяна, Мілана, Ліза, Юля, Ангеліна, Вадзім, Руслан, Арсеній і Максім знаёміліся паміж сабой і адначасова з домам, у якім будуць паступова ствараць новыя брацкія-сястрынскія стасункі. Дзеці ацэньвалі гульнявую пляцоўку і прысядзібны ўчастак. Новы катэдж размешчаны ў мікрараёне Хутар абласнога цэнтра побач з пяццю аналагічнымі дамамі сямейнага тыпу, дзе пражываюць 44 дзіцяці, якія па розных прычынах засталіся без апекі бацькоў. У горадзе над Сожам гэта шосты дом для такіх малых.

Дарэчы, ён пабудаваны за спонсарскія сродкі. Прыватны прадпрымальнік паклапаціўся і пра камунікацыі, і пра мэблю з
тэхнікай. Першы намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама Аляксандр Сівакоў гаворыць, што з пачатку закладкі падмурка не прайшло і года:

— Сямейны дом пабудавалі вялікім. Другі паверх аддадзены дзецям. У паўмільённым Гомелі вялікае значэнне надаецца сямейным каштоўнасцям. Вельмі важна стварыць такія ўмовы, каб дзіця расло ў гармоніі, любові і пяшчоце. Дзіцячыя дамы сямейнага тыпу могуць забяспечыць гэта тым, хто пазбаўлены бацькоўскага цяпла.

Між тым у Людмілы і Анатоля свае дарослыя два сыны і дзве дачкі. Перад тым як стаць прыёмнымі бацькамі, Казачэнкі прайшлі спецыяльныя курсы. І з першага дня забыліся, што яны на працы. Новая сям'я, кажуць, атрымалася практычна адразу: дзеці пацягнуліся адно да аднаго.

Праект па будаўніцтве сямейных дзіцячых дамоў на гэтым не завершаны. Да канца года ў вобласці ключы атрымаюць яшчэ дзве прыёмныя сям'і. Усяго ж на Гомельшчыне працуе больш за сорак дамоў сямейнага тыпу. Іх асноўная частка пабудавана па прэзідэнцкай праграме «Дзеці Беларусі». За дзесяць гадоў прыёмных бацькоў знайшлі каля 300 дзяцей. На Гомельшчыне не засталося ніводнай школы-інтэрната.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іоst@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Калядная казка для новай сям'і

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».