Яўрэйскае вяселле, прагулка ў метро, танга ў рэстаране... Гэтыя i iншыя тэатральна-танцавальныя нумары-замалёўкi ацанiлi гледачы галоўнага пераднавагодняга мерапрыемства Карэлiцкага раёна — шоу «Танцы з зоркамi — 3». Адметным гэтае свята сталася i для «Звязды» — нашага карэспандэнта запрасiлi ў журы.
Каторы год яскравае вiдовiшча збiрае поўную залу ў раённым Доме культуры. Як лiчаць арганiзатары шоу, гэта падарунак да Новага года для жыхароў раёна. А для ўдзельнiкаў — пачэсная магчымасць паказаць свае таленты i здольнасцi i падаць сябе з нечаканага боку.
Цягам часу шоу трансфармуецца, становiцца ўсё больш складаным па напаўненнi i дасканалым па выкананнi. Танцуюць мясцовыя зоркi (самадзейныя артысты i артысты творчых калектываў) трэцi год, да гэтага яны спявалi. Але кожны раз гэта сапраўднае шоу з элементамi тэатра, яскравым гумарам, каларытнымi персанажамi i новымi тален-
тамi. Сёлета гэта была танцавальная гульня, апраўленая ў сюжэты з мелодыямi вядомых савецкiх i замежных кiнафiльмаў.
— Калi мы пачыналi шоу сем гадоў таму, спачатку арыентавалiся на ўдзел у iм кiраўнiкоў прадпрыемстваў, якiя выходзiлi на сцэну ў пары з работнiкамi культуры, — расказвае намеснiк старшынi Карэлiцкага райвыканкама Руслан АБРАМЧЫК. — Цяпер мы, пэўна, наблiжаемся да таго, што ў шоу ў пары з нашымi зоркамi змогуць удзельнiчаць усе ахвотныя. Падрастае моладзь, якая бачыла конкурс дзецьмi, а сёння гатовая сама выйсцi на сцэну.
Першыя выканаўцы Ангелiна КУЧУК, выкладчык па класе харэаграфii Карэлiцкай дзiцячай школы мастацтваў, i Юрый НАУМОВIЧ, вадзiцель пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 11 аграгарадка Ярэмiчы сваiм нумарам «Маска» запалiлi залу сапраўдным полымем гарачага пачуцця (яны, дарэчы, i сталi пераможцамi).
Аксана КЛIНЦЭВIЧ, намеснiк старшынi па iдэалагiчнай рабоце КСУП «Племзавод-Карэлiчы», i Аляксандр ЧАРАПАНАЎ, кiраўнiк народнага ансамбля песнi «Забава», запрасiлi гледачоў у «Паездку ў метро», дзе праз танец паказалi, як выпадковая сустрэча можа стаць лёсавырашальнай.
Настасся МУРАШКА, хормайстар Карэлiцкага раённага цэнтра культуры i народнай творчасцi, i Аляксандр МIНЧУК, iнспектар iнспекцыi нагляду i прафiлактыкi раённага аддзела па надзвычайных сiтуацыях, прабралi гледачоў да дрыжыкаў пранiкнёным нумарам «Застануся», якiм яны падкрэслiлi, што нават пасля смерцi любiмыя людзi застаюцца з намi.
Ганна IВАНЧЫК, сакратар дырэктара КСУП «Цырын-Агра, «утаймоўвала ўпартага» Iгара КАДЛУБАЯ, выкладчыка Мiрскага дзяржаўнага мастацкага прафесiйна-тэхнiчнага каледжа, якi спрабаваў выратавацца ад чараў цудоўнай брунеткi.
«Скокi пад трэмбiту» зладзiлi Ксенiя БАРАНЧЫК, бiблiятэкар Карэлiцкай раённай бiблiятэкi, i Сяргей РУДЗЯК, вядучы заатэхнiк ДП Лукi-Агра». А «Танга закаханых сэрцаў» у рэстаране пад гукi жывой музыкi выканалi Аляксандр КОЛБ, музычны кiраўнiк Жухавiцкай сярэдняй школы, i Валерыя КУЛАК, настаўнiк сальфеджыа Жухавiцкай дзiцячай школай мастацтваў.
Кацярына ЖАМОЙДА, балетмайстар аддзела культуры i вольнага часу Жухавiцкага дома культуры, i Вiктар ХВЯСЬКО, дыспетчар раённых электрычных сетак, запрасiлi гледачоў на свой «Вясельны iдыш».
Не засталiся ўбаку ад творчасцi i члены журы. Iна САНЧУК, начальнiк аддзела iдэалагiчнай работы, культуры i па справах моладзi Карэлiцкага райвыканкама, i Дзмiтрый МАЛЫШЧЫК, дырэктар Жухавiцкай дзiцячай школы мастацтваў, выканалi песню «Праводзiны кахання». Гэтая зорная пара спелася, дарэчы, ужо даўно. Яшчэ ў той час, калi «Танцы з зоркамi» былi яшчэ песнямi, гэта быў арыгiнальны тэатралiзаваны нумар конкурсу.
— Мы заўжды стараемся складаць нашы пары так, каб адзiн з выканаўцаў быў прафесiйным артыстам, а другi — работнiкам iншай сферы. Але бывае па-рознаму. Напрыклад, Ганна Iванчык i Iгар Кадлубай — абодва непрафесiйныя артысты, але як неверагодна яны раскрылiся на сцэне! — адзначыла Iна Санчук.
Сёлета журы было настолькi ўражана гульнёй акцёраў другога плана, якiя дапамагалi артыстам ствараць атмасферу нумароў, што вырашыла прысудзiць спецыяльныя прызы за лепшую жаночую i мужчынскую ролi другога плана.
— Акрамя асноўных артыстаў, над стварэннем нумароў працуюць i тыя, хто выступае на заднiм плане, на падтанцоўцы. I сёлета двое з iх проста скарылi нас сваёй акцёрскай гульнёй, — пракаментаваў Руслан Абрамчык, гаворачы пра Настассю МАКОЎСКУЮ, якая iграла на кантрабасе ў нумары «Танга закаханых сэрцаў», i Мiхаiла ЛАГУТУ — памочнiка з нумара «Вясельны iдыш».
Карэспандэнт «Звязды», вядома, таксама прыйшла з памятным падарункам. Скажу шчыра, выбраць з выступленняў артыстаў адну пару мне асабiста было цяжка. Уявiце, як гэта — «пражыць» нумар на вачах людзей, кожны з якiх цябе ведае. А было вiдавочна, што для кожнага з iх удзел у шоу — гэта не проста спаборнiцтва, а магчымасць адчуць свята ўнутры сябе i паказаць яго iншым, каб захапiць гледачоў: родных, суседзяў. Упадабала я ўсiх, але ж памятныя прызы з сiмволiкай газеты аддала Кацярыне Жамойдзе i Вiктару Хвясько.
Думаецца, далей шоу будзе станавiцца ўсё больш адмысловым. Ужо гучалi думкi арганiзаваць танцы на ролiкавых каньках або замахнуцца на эстрадныя камедыйныя мiнiяцюры...
Iрына СIДАРОК
Фота Караліны КУЧУК
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».