Кажуць, сюды абавязкова трэба прыязджаць падчас цвіцення цюльпанаў. Бо адзін з самых прыгожых паркаў нашай краіны, які знаходзіцца ў гэтым горадзе, пакідае ў гэты перыяд года незабыўныя ўражанні. Аднак мы прыехалі ў снежні. Горад быў ахутаны белым пухнатым покрывам, і гэта таксама было надзвычай прыгожа. Але самае галоўнае — мы на свае вочы ўбачылі, што сюды варта праязджаць і прывозіць сваіх гасцей, прычым у любы час, каб атрымаць сапраўднае задавальненне. Ад усяго: ад узроўню сэрвісу, ад захапляльных экскурсій, ад дзівосных, незвычайных, вельмі багатых на ўнікальныя экспанаты музеяў, і, безумоўна, ад знаёмства з глыбокімі, інтэлігентнымі і гасціннымі нашымі сучаснікамі. У гэтых нататках — далёка не ўсё, гэта толькі адбіткі ўбачанага і пачутага, адчутага. Толькі "прарысоўкі" — у параўнанні з жывым малюнкам па золаце — нашай паездкі ў Гомель. Зразумела адно — канікулы ў Гомелі будуць не проста незабыўнымі, яны цалкам могуць прэтэндаваць на сапраўднае адкрыццё. Сваёй радзімы. Яе гісторыі. Яе культурнага багацця і разнастайнасці. Сябе.
Калі ёсць жаданне атрымаць асалоду ад старадаўняй архітэктуры, прагуляцца па алеях унікальнага парка, палюбавацца раскошнымі палацавымі пакоямі, можна смела адпраўляцца, не, не ў Парыж — у родненькі для кожнага беларуса Гомель. Другі па колькасці насельніцтва горад нашай краіны вядомы адным з самых прыгожых палацава-паркавым комплексам.
Велічны будынак узведзены ў канцы XVІІІ стагоддзя, калі яго ўладальнікам быў граф Пётр Румянцаў. Ён набыў яшчэ больш пышнасці пры князю Іване Паскевічу-Эрыванскім. Палац некалькі разоў разбураўся і аднаўляўся: асабліва моцна папакутаваў у 1919 годзе падчас Стракапытаўскага мяцяжу і ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Цікавая акалічнасць. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай Кацярына Вялікая аддзячыла тром сваім верным палкаводцам землямі, прылеглымі да ракі Сож. У Крычаве і Слаўгарадзе (на той час Прапойск) — райцэнтрах сучаснай Магілёўскай вобласці — свае рэзідэнцыі пабудавалі граф Рыгор Пацёмкін-Таўрычаскі і князь Аляксандр Галіцын, а генерал-фельдмаршал Пётр Румянцаў-Задунайскі спыніўся ў Гомелі. Ёсць версія, што тры царскія вяльможы збіраліся наладзіць, кажучы сучаснай мовай, сумесны бізнес, звязаны з лесанарыхтоўкамі і будаўніцтвам караблёў. Пацёмкін, дарэчы, у гэтым меў поспех, у Крычаве ён узвёў адну з найлепшых суднаверфяў Расіі. А Сож — прыток Дняпра, які, як вядома, упадае ў Чорнае мора. Так што можна было нядрэнна разгарнуцца. З тых часоў прайшло больш за два стагоддзі. На, жаль, у Прапойску-Слаўгарадзе галіцынскія апартаменты не захаваліся, а вось Пацёмкінскі палац некалькі гадоў таму быў адноўлены ў рамках Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі".
Па гомельскім палацава-паркавым ансамблі мне падабаецца гуляць летам. Ёсць магчымасць палюбавацца прыгажосцю пышных кветнікаў, пакарміць лебедзяў у сажалцы, утворанай на месцы рачулкі Гамяюк (кажуць, гэта яна дала назву гораду), і павітацца з вавёркамі. Апошнія зусім не баяцца людзей і бяруць ежу з рук. Але ў зімовым парку, які сустрэў падарожных карэспандэнтаў "Звязды", асаблівая прыгажосць. Нам яшчэ пашчасціла з надвор'ем, якое надавала палацу казачнасць — стаяў невялікі мароз, і ціха падаў снег.
Сімвалічна, што падарожжа да палаца пачалося з вуліцы Савецкай, былой Румянцаўскай. У XІX — пачатку XX стагоддзя гэта быў так званы брадвей, дзе любіла гуляць мясцовая арыстакратыя. Уперамежку з багатымі на ўбранства дамамі купцоў суседнічалі крамы, фотаатэлье і банкі. Гандаль належаў у асноўным яўрэям і стараверам. Па Савецкай можна доўга хадзіць, задраўшы галаву. Для аматараў архітэктуры тут ёсць што паглядзець.
Напрыклад, да рэвалюцыі тут знаходзілася самая вялікая ў горадзе гасцініца "Савой". Ад яе захаваліся толькі сцены. Пасля вайны на месцы гасцініцы з'явіўся ўнівермаг, які працуе па сённяшні дзень і вядомы як "стары". Бо ў горадзе ёсць яшчэ і "новы". Мноства будынкаў, у тым ліку культавых, у часы ліхалецця было страчана. Напрыклад, на месцы Траецкай царквы сёння знаходзіцца гасцініца "Сож". Насупраць захаваўся будынак былога Віленскага банку, які пабудаваў адзін з самых вядомых архітэктараў Гомеля XІX — пачатку XX стагоддзя Станіслаў Шабунеўскі.
Гораду вельмі пашчасціла з персонамі сусветнага ўзроўню. Беларускі мысліцель XІІ стагоддзя, праваслаўны святы Кірыла Тураўскі, міністр замежных спраў СССР Андрэй Грамыка, пісьменнікі Віктар Казько, Андрэй Макаёнак, Іван Мележ і шмат хто яшчэ — пра многіх з іх нагадваюць помнікі і бюсты на вуліцах горада.
Шмат чаго зрабіла для горада апошняя гаспадыня палаца, княгіня Ірына Паскевіч са слаўнага расійскага роду Варанцовых-Дашкавых, жонка князя Фёдара Іванавіча Паскевіча. Яна арганізоўвала школы і прытулкі для бедных, стала ініцыятарам пабудовы першай бальніцы ў Гомелі. Яе партрэт вісіць сярод знакамітых ураджэнцаў і жыхароў гэтага горада ў зале ўрачыстых прыёмаў, былой "залатой" сталовай. Сёння тут праходзяць сустрэчы на вышэйшым ўзроўні. Палац актыўна выкарыстоўваецца для правядзення розных урачыстасцяў, канцэртаў класічнай музыкі, выстаў і творчых вечароў.
Нэлі ЗІГУЛЯ
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.