Вы тут

Пра незвычайны свет мінскай майстрыхі


Новы год — невыпадковае свята для многіх з нас. Аднак ёсць і тыя, хто чэрпае ў ім сапраўднае натхненне! Сярод такіх людзей — дызайнер Кацярына Волкава. Яна вынайшла ўласны арыгінальны сувенір — ёлачны шар з сапраўднай маленькай казкай унутры... Аналагаў пакуль няма ні ў Беларусі, ні нават у краінах СНД. Карэспандэнты «Звязды» завіталі ў госці да майстрыхі, каб даведацца, як нарадзіўся яе ўласны навагодні брэнд.


— Мы шукалі майстра, які вынайшаў сёлета адмысловы навагодні сувенір. Нам сказалі, што гэта акурат вы...

— Усё пачалося пяць гадоў таму. Майму старэйшаму сыну было паўгода, і ў нас назбіралася шмат слоікаў ад дзіцячага харчавання, якія шкада было выкінуць. З'явілася ідэя ператварыць іх у навагоднія падсвечнікі. Я распісала гэтыя пасудзіны вітражнымі фарбамі, контурамі. Прычым рабіла зусім элементарныя ўзоры, напрыклад ёлачкі, бо не ўмела маляваць у той час. А намаляваць ката ці сабаку на чыстым аркушы дагэтуль не змагу... Аздобленыя мной такім простым спосабам падсвечнікі вельмі хутка трапілі ў добрыя рукі, адшукалі новых гаспадароў. Пасля я пачала распісваць чахлы для тэлефонаў і футляры на пашпарт. Я падумала, што, калі ўзоры добра трымаюцца на гладкай паверхні, чаму б іх не перанесці на нешта практычнае? Досыць доўга працавала са скуранымі вырабамі. Але на Новы год, натуральна, хочацца рабіць штосьці святочнае: яшчэ адзін сезон я рабіла падсвечнікі з тых жа слоічкаў, але з больш сур'ёзным падыходам да ўзораў, афармлення. І толькі на трэці год я прыйшла да таго, што магу ўпрыгожваць шарыкі. Такія ёлачныя цацкі якраз аздабляла мая свякроў, але яна займалася дэкупажам і рабіла ўзоры звонку. Але я падумала, што, раз унутры шара так шмат прасторы, можна паспрабаваць яе аздобіць! Спачатку пачала распісваць, але фарба знутры мяняла аб'ём. Аднойчы вырашыла паспрабаваць унутр нешта пакласці. У самыя першыя шары змяшчала адзіночныя галінкі ці ягадкі. Кампазіцыя з кожным годам абрастала пэўнымі элементамі, з'яўляліся новыя дэталі. Цяпер, дзе б я ні знаходзілася, на якія б дробныя дэталі ні падала маё вока, гэта заўсёды ўвасабляецца ў пэўныя шары.

— Вы ствараеце ўнутры ёлачнага шара сапраўдную маленькую казку. Што гэта за казка і якой яна бачыцца вам як аўтару?

— У маіх працах усе вобразы «чапляюцца» адзін за другі. Ёсць вобразы з дзяцінства. Напрыклад, нядаўна я рабіла шар па матывах казкі «12 месяцаў». Спецыяльна вырабіла маленечкі кошык з пралескамі. Новы год — маё любімае свята. Яно мне насамрэч падабаецца больш, чым дзень нараджэння. Дзякуй бацькам за маё дзяцінства, праведзенае ў ваенным гарадку ў 1990-х. Для мяне па-ранейшаму Новы год — гэта калі раніцай пад ялінкай ты знаходзіш пэўны падарунак. У нас было шмат традыцый. Увогуле Новы год у ваенным гарадку падобны на тое, як гэта магло б адбывацца ў вёсцы. Святкуюць разам, адзначаюць усім дваром. Пэўна, гэтыя дзіцячыя традыцыі паўплывалі на тое, што, калі я працую над кожным шарыкам, ствараю ў ім мілы маленькі свет. У кожным такім упрыгажэнні — свая гісторыя... Многія ідэі падказваюць самі заказчыкі. Нядаўна ў мяне папрасілі зрабіць шар па матывах гісторый пра Гары Потэра. Пару дзён фантазіі, пошук у крамах — знайшлася і сава, і маленечкі кубак агню, і філасофскі камень чырвонага колеру; мятлу і акуляры зраблю з палімернай гліны. Думаю, што такі тэматычны шарык атрымаецца!

— Вашы шары набываюць дарослыя людзі, каб дакрануцца да створанай вамі казкі. Наколькі яна іх кранае?

— На выстаўках вырабаў ручной працы, у якіх я прымаю ўдзел, бачу, як захапляюцца такімі цацкамі, напрыклад, жанчыны. Усё блішчыць і ззяе — і ўсё маленькае і міленькае. Аднак цікавыя такія цацкі і мужчынам — напрыклад, і з інжынернага пункту гледжання, бо кампазіцыя ў шарах састаўная, прысутнічае канструктарская думка. Усіх цікавіць, як маленькія цацкі трапляюць унутр. Не ўсе разумеюць, што шарык складаецца з дзвюх паловак... Насамрэч ідэя на паверхні, і ў ёй няма нічога складанага. Але з першага позірку некаторыя бываюць вельмі ўражаныя. Натуральна, і дзеці вельмі любяць такія шары.

— Вы досыць дзелавы чалавек у справе прасоўвання цацак. Але раскажыце, як натхняецеся?

— Я ўсведамляю, што раблю прыгожыя рэчы, і ў мяне няма канкурэнтаў у гэтай справе. Насамрэч я ўкладваю ў кожную цацку душу — імкнуся ўсё давесці да пэўнага ідэалу. І на выстаўках буду рабіць усё, каб найлепшым чынам прадставіць свае працы. Але па жыцці я вельмі эмацыянальная ў зносінах. Адносна таго, як натхняюся, — я маю дваіх дзяцей, і гэта галоўнае маё натхненне — іх усмешкі, тыя эмоцыі, якія яны дораць.

— Хто вы па асноўнай прафесіі і як пачалі займацца роспісам?

— Па адукацыі я журналіст. Аднак працавала доўгі час у сферы металапракату, мела вопыт продажу і рэкламы такіх тавараў. І цяпер разумею, што ўсё было не выпадкова. Любы майстар скажа, што мала зрабіць нейкі выраб — яго трэба правільна прадставіць і прадаць на выстаўцы. Трэба ўмець расказаць пра сваю працу. Таму цяпер я разумею, што калі я ўжо магла прадаць брутальным мужчынам профільныя трубы, то прадаць свае ж работы, якія я люблю і пра якія ведаю вельмі шмат, мне не складана. І журналісцкі вопыт таксама прыдаўся: захацелася мне паболей напісаць пра той ці іншы выраб — я раблю гэта і адразу магу пабачыць, ці займелі мае словы водгук.

— Многія мараць пачаць маляваць — гэта прыблізна тое ж, як жаданне навучыцца іграць на гітары... Аднак вы ўсё-такі здолелі стаць мастаком!

— Усё пачалося ў дэкрэтным адпачынку, з тых самых слоічкаў, якія збіраліся ў вялікай колькасці і мазолілі вочы. У той жа час пабачыла майстар-клас па кропкавым роспісе. Мае першыя ўзоры былі вельмі простыя: ставілася адна кропка ў цэнтры, а вакол яе шэрагамі рабіліся іншыя кропачкі. Так я малявала цэлы год, набіваючы руку. На роспіс футляра для акуляраў, які я цяпер магу зрабіць за паўгадзіны, тады ў мяне ішло пяць гадзін. Дарэчы, такое аднастайнае набіванне кропак мяне расслабляе, крыху астуджвае мой вельмі актыўны тэмперамент. Цяпер я разумею, што пасля стрэсу мне трэба проста пайсці і памаляваць... А за тое, што ўсё гэта набыло такія вялікія аб'ёмы, дзякуй мужу. Бо ён дае мне магчымасць спакойна займацца любімай справай, не патрабуе ад мяне выхаду на працу, маленькага, але стабільнага заробку. Учора, напрыклад, я не паспела прыгатаваць вячэру — і мы проста паехалі і купілі піцу. Падтрымлівае мяне і мама, якая часам прыязджае пасядзець з малымі дзецьмі, і тата, які вырабляе з дрэва аснову для ялінак, — часам я раблю з імі кампазіцыі з шароў.

— Перад Новым годам многія людзі загадваюць жаданні. Многія мараць, што ў наступным годзе іх жыццё зменіцца... Што б вы параілі тым, хто чакае цуду?

— Натуральна, складана пачаць штосьці новае. Але нашмат страшней гадамі хадзіць на нелюбімую працу. Я магу пажадаць сіл і смеласці для гэтага, падтрымкі сям'і — гэта таксама вельмі важна. Усё-такі, калі побач ёсць плячо, на якое ў любой сітуацыі можна абаперціся, нашмат прасцей пераадолець складаныя сітуацыі. У любой новай справе напачатку няпроста. Не важна, робіш ты шарыкі, пішаш артыкулы ці рэжаш трубы на заводзе — усё адно патрэбен чалавек, які будзе ў цябе верыць у любой справе. А калі пачынаеш новае — гэтай падтрымкі павінна быць у сто разоў больш. Патрэбны сілы, вера, жаданне. Мне здаецца, вярнуцца назад можна заўжды... Важны яшчэ і тэмперамент — трэба проста рвацца наперад, прабівацца скрозь складанасці. А што датычыцца ручной працы, то зараз для яе вельмі спрыяльны час. Людзі надзвычай добра ўспрымаюць такія рэчы і любяць іх. Трэба проста не баяцца спрабаваць.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Фо­та Ма­ры­ны БЕ­ГУН­КО­ВАЙ

Загаловак у газеце: Казкі ў ёлачных шарах

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.