Вы тут

Лукашэнка наведаў Мінскі дзяржаўны клінічны анкалагічны дыспансер


Нядаўна аб'ект рэканструявалі. Як заўважыў сам кіраўнік краіны, сюды лепш не пападаць. Тым не менш жыццё ёсць жыццё, і ад хваробы не застрахуешся. І ў нашай краіне нават такая страшная бяда, як рак — далёка не заўсёды прысуд. Галоўнае, выявіць яго на ранніх стадыях.


Падчас наведання анкадыспансера Прэзідэнту далажылі аб стане медыцынскай дапамогі ў краіне ў цэлым і ў сталіцы ў прыватнасці. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з арганізацыяй сістэм жыццезабеспячэння ў аддзяленні ядзернай медыцыны, сучаснымі метадамі дыягностыкі і лячэння пацыентаў з анкалагічнай паталогіяй, умовамі іх знаходжання ў дыспансеры.

Кіраўнік краіны пагутарыў і з пацыентамі медыцынскай установы. Яны расказалі Аляксандру Лукашэнку аб прафесіяналізме, чуласці ўрачоў і медыцынскага персаналу.

* * *

Аляксандр Лукашэнка адказаў і на пытанні журналістаў.

...Пра нараджальнасць

Як у Беларусі плануецца вырашаць дэмаграфічную праблему і што б кіраўнік дзяржавы параіў тым, хто ў наступным годзе толькі плануе стаць бацькамі?

— Для таго каб вырашыць гэтую праблему, парада адна — нараджайце. Кажу вам гэта чыста па-чалавечы, не проста як асоба зацікаўленая. Так, я вельмі зацікаўлены, болей нават, чым вы... Бо гэта наша бяспека: людзі — гэта наша бяспека. Нам трэба хоць бы 15 мільёнаў у Беларусі насельніцтва, каб не апусцела Беларусь. Таму адна парада — нараджайце. Другое — нідзе ў свеце няма такой падтрымкі мацярынства і дзяцінства, як у Беларусі...

Большую ўжо немагчыма аказаць дапамогу. Вы заўважылі, што нядаўна як галоўны аргумент у перадвыбарнай кампаніі Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін паўтарае толькі ў нейкай ступені тое, што зрабілі мы. Асабліва ў частцы падтрымкі мацярынства і дзяцінства.

Таму галоўнае, паўтарыўся кіраўнік краіны, — нараджаць. А астатняе — за дзяржавай.

...Пра знешнюю палітыку ў 2018 годзе

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што ў наступным годзе абавязкова пабывае на амерыканскім кантыненце.

— Там у нас ёсць нямала пытанняў, — адзначыў Прэзідэнт. — Нас запрашаюць мінімум пяць дзяржаў Амерыкі, і мы абавязкова павінны там пабываць. Для таго каб перш за ўсё наладзіць гандлёва-эканамічныя адносіны, якія заўсёды з'яўляюцца фундаментам.

У той жа час кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што не гэта самае галоўнае для яго ў знешняй палітыцы:

— Калі казаць шчыра — гэта з асабістага, — я вельмі хачу, каб у брацкай нам Украіне скончылася вайна, каб там людзі пачалі жыць па-людску. Ну хоць бы як у Беларусі. Таму для мяне гэта самая важная праблема. Калі мы з вамі нешта зможам зрабіць для роднай нам Украіны, для народа ўкраінскага, вельмі працалюбівага, народа, які я вельмі добра вывучыў і ведаю яшчэ з маладосці. Мне давялося служыць у Заходняй пагранічнай акрузе, я так званых украінскіх «западэнцаў» вельмі добра пазнаў. Гэта вельмі працалюбівыя, прыстойныя людзі, з якімі трэба проста ўмець размаўляць.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што лакалізацыя гэтай праблемы вельмі актуальная.

...Пра харчовую бяспеку

Калі казаць пра вынікі, то, запэўніў кіраўнік краіны, мы цалкам сябе забяспечым на будучы год. У той жа час у плане ўборкі ўраджаю год быў экстрэмальным, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка:

— Шчыра кажучы, я нават не памятаю такіх. Ён быў нетыповы. У цэлым нядрэнны, але экстрэмальны ў тым плане, што такога не было, мы такога не перажывалі. Але гэты год прайшоў — і я думаю: дай Бог, каб наступны быў такі. Але ўрок галоўны: мы, паколькі не перажывалі такіх перыядаў, аказаліся не ва ўсім гатовыя да гэтага. І вы, відаць, заўважылі — вы ж заўсёды былі побач, што мне даводзілася падключацца ў патрэбны цяжкі момант. Я палічыў, што не марудзячы трэба ўключыцца, бо не збяром хлеб, дажджоў было вельмі шмат.

Кіраўнік краіны заўважыў, што нам не хапае арганізаванасці, дысцыпліны. А гэта велізарны рэзерв для сельскай гаспадаркі:

— Ніякая рыначная эканоміка і нейкія там эфемерныя пераўтварэнні нас не выратуюць, яны не заменяць арганізаванасць. Таму, калі мы наладзім нармальную дысцыпліну на сяле ў цэлым, не толькі ў аграпрамысловым комплексе, калі мабілізуемся, то значна прыбавім у будучыні. Гэта асноўны ўрок. Ні грошы, ні датацыі, ні тэхніка — усяго гэтага хапае. Калі гэта нармальна арганізаваць — будзе рэзультат. Вось чаго нам не хапае і дзе трэба дадаць.

...Пра падарунак для Прэзідэнта

Кіраўніка дзяржавы здзівіць нечым складана, але ўсё ж такі які падарунак у наступным годзе стаў бы для яго найбольш жаданым?

— Гэта не новае для мяне пытанне. Часта мне і ў звычайным жыцці яго задаюць, напрыклад, дзеці: тата, што табе падарыць, што ты хочаш? Я кажу: вы мне не зможаце падарыць таго, што я хачу, — адказаў Прэзідэнт.

У той жа час усе беларусы — могуць: калі ў іх будзе добры настрой. Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што часта, калі едзе ў гарадскую рэзідэнцыю, звяртае ўвагу на мінакоў:

— Ужо праз гэта я адчуваю настрой грамадства. І калі чалавек усміхаецца, у яго добры настрой — я ведаю, што жыццё цярпімае. Добра ніколі не будзе, але трэба, каб жыццё было цярпімым. А я хачу бачыць праяўленні гэтай цярпімасці — гэта ваш добры настрой і вашыя ўсмешкі. І вам гэтага жадаю: самае галоўнае, каб вашы родныя — цяперашнія і будучыя — ніколі вас не засмучалі і не хварэлі.

Пасля гэтага пытання журналісты прэзідэнцкага пула падарылі кіраўніку дзяржавы эксклюзіўныя ўпрыгажэнні для ёлкі, распісаныя айчыннымі майстрамі. На кожнай з цацак намалявана знакавае для нашай дзяржавы месца. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў і паабяцаў адразу павесіць цацкі на ёлку.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота Белта

Загаловак у газеце: Падводзячы вынікі, будуючы планы...

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.