Вы тут

Топ-10 самых наведвальных матэрыялаў «Звязды» ў 2017 годзе


Апошнія дні перад Новым Годам – той час, калі надыходзіць момант падводзіць вынікі. Таму, што было пражыта за гэтыя 365 дзён, што было сказана і напісана. Менавіта таму “Звязда” склала топ-10 публікацый нашага сайта, якія прыцягнулі найбольшую ўвагу чытачоў у 2017 годзе.


10. Наш шорт-ліст адкрывае раздзел, прысвечаны падзеям у галіне адукацыі. На сайце zviazda.by ён – бадай што адзін з самых папулярных. Яно і зразумела: кожны год у адукацыйнай сферы адбываюцца нейкія змены, перастаноўкі, якія ўплываюць на жыццё соцень тысяч школьнікаў, навучэнцаў, студэнтаў і выкладчыкаў. У жыцці кожнага з іх абавязкова бывае выпускны вечар. Аб тым, як яны меліся адбыцца ў 2017 годзе, распавядала Надзея Нікалаева.


9. На дзявятай пазіцыі размясціўся праблемны матэрыял. У сям’і Вольгі і Уладзіслава Шарапавых выхоўваюцца трое дзяцей. Адно з іх з’явілася ў агульным шлюбе, а двое іншых – у ранейшых. Летась, калі ў сям’і Шарапавых нарадзілася дачка, бацькі звярнуліся ў  райвыканкам, каб атрымаць пасведчанне шматдзетнай сям’і. Ды вось толькі ў адказ пачулі адмову. Чыноўнікі матывавалі гэта адсутнасцю блізкага сваяцтва. У спрэчнай сітуацыі разбіралася Наталля Лубнеўская.


8. Па традыцыі ў пачатку студзеня ў Мінску праходзіць баль праваслаўнай моладзі. Шмат у чым ён нагадвае славуты венскі баль – як вядома, сталіца Аўстрыі заўжды была заканадаўцам мод у гэтай сферы. Камерны і яшчэ больш з-за гэтага прыгожы рэпартаж Сяргея Нікановіча і Веранікі Пуставіт займае восьмае месца.


7. Сёмае месца прысуджаецца кранальнай гутарцы Надзеі Дрындрожык з дырэктарам уласнага дома моды Наташай Поткінай. Паколькі матэрыял быў надрукаваны ў дадатку “Сямейная газета”, то і лейтматывам гутаркі стала сямейнае жыццё дызайнеркі. Яна распавяла пра цікавую камандзіроўку ў Кітай, спекуляцыю дзецьмі падчас разводу і многае іншае.


6. “Звязда” перыядычна друкуе матэрыялы, прысвечаныя гісторыі і этнаграфіі беларусаў. Традыцыйна ў першыя дні года на яе старонках выходзіць народны каляндар на ўвесь год. Гэта сістэма пастаянных ці рухомых свят, прысвяткаў, абрадаў, гульняў, звычаяў, па якіх жылі нашы продкі. І адначасова з гэтым – цікавейшая з’ява сусветнай нематэрыяльнай культуры. Што ж, амаль 4 тысячы інтэрнэт-чытачоў выбралі менавіта нас, цікавячыся беларускім народным календаром на 2017 год.


5.  500-годдзе беларускага кнігадрукавання шырока асвятлялася на сайце «Звязды». Сумесна з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі распачала новую рубрыку «Полацкі сшытак». Прафесійныя даследчыкі расказвалі пра тыя пісьмовыя, моўныя скарбы, на якія багатая Полаччына — радзіма нашага першадрукара Францыска Скарыны. Цікавы артыкул пра Першакнігу беларусаў – Полацкае Евангелле ХІІ стагоддзя - нашы чытачы прагледзелі больш за 5 тысяч разоў.


4. Акрамя таго, да гэтага юбілею інтэрнэт-рэдакцыя “Звязды” падрыхтавала адмысловы відэапраект. На яго правядзенне натхніла аднайменная кніга, другое выданне якой убачыла свет у нашым Выдавецкім доме пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Прадмова да кнігі “Юдзіф” прагучала на кіргізскай, азербайджанскай, карацінскай, літоўскай, чувашскай, японскай і іншых мовах свету, набраўшы каля 5 з паловай тысяч праглядаў.


3. Тэма адукацыі адкрывае топ-3 самых наведвальных матэрыялаў. Сярод аўдыторыі “Звязды” – шмат педагагічных работнікаў. Ім трэба перыядычна праходзіць атэстацыю. Аб зменах у гэтым працэсе расказвала Надзея Нікалаева. Рэзанансны матэрыял прагледзелі каля 10 тысяч разоў!


2. Пашпарт – самы галоўны дакумент, які ёсць у чалавека. Але ў яго ўладальнікаў, як правіла, узнікае безліч пытанняў. Яны звязаны і з тэрмінам дзеяння пашпарта, і з парадкам перасячэння дзяржаўнай мяжы, і з яго аднаўленнем… Самыя частыя пытанні Аксана Яноўская задала намесніку начальніка ўпраўлення па грамадзянстве і міграцыі УУС Мінскай вобласці падпалкоўніку міліцыі Іне Лялінай. Адказы на іх сабралі каля 14 з паловай тысяч праглядаў.


1. Ізноў на нашым віртуальным п’едэстале гонару – тэма адукацыі. Штогод дзясяткі тысяч маладых людзей вырашаюць атрымаць прафесію ў сценах універсітэта. Але як правільна прайсці па абітурыенцкім лабірынце? Ганаровае першае месца чытацкай сімпатыі прысуджаецца артыкулу Надзеі Нікалаевай “Абітурыент-2017: новыя правілы”, лік праглядаў якога зусім крыху не дацягнуў да 19 тысяч.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».