Вы тут

Сёлета спаўняецца 170 год з дня нараджэння Якуба Наркевіча-Ёдкі


Шмат якім планетам дало чалавецтва імя сваіх слынных сыноў. Але ў гонар каго назвалі б людзі ўласную блакітную планету Зямля?


Ме­та­дыст Н. Обу­ха­ва і док­тар на­вук М. Па­клон­скі пе­ра­да­юць у па­да­ру­нак шко­ле та­мы Эн­цык­ла­пе­дыі для школь­ні­каў і сту­дэн­таў  (на здым­ку спра­ва — ды­рэк­тар шко­лы Але­на Іар­га­чо­ва).

Верагодна, гэта імя мы склалі б з мноства імёнаў тых, хто на працягу развіцця нашай цывілізацыі пакінуў прыкметны след у навуцы, мастацтве, адукацыі і асветніцтве... Можна доўга пералічваць прозвішчы зорак розных кірункаў дзейнасці, але ў сузор'ях сусветных славутасцяў заўжды застанецца імя нашага земляка Якуба Наркевіча-Ёдкі.

Гістарычная даведка

Якуб Наркевіч-Ёдка нарадзіўся 8 студзеня 1848 года ў маёнтку Турын Ігуменскага павета (у наш час — Пухавіцкі раён Мінскай вобласці). Пасля вучобы ў Мінскай губернскай класічнай гімназіі займаўся на медыцынскім факультэце Парыжскага ўніверсітэта. Прымаў удзел у дзейнасці многіх навуковых таварыстваў, пасяджэннях Парыжскай акадэміі навук. Пашыраў медыцынскія веды ў найлепшых клініках Рыма і Фларэнцыі. Ва ўзросце 23 гадоў малады вучоны вярнуўся на радзіму, дзе пачаў актыўна займацца даследаваннямі ў галіне фізікі, метэаралогіі, медыцыны, псіхалогіі, сельскай гаспадаркі.

У 80-х гадах ХІХ стагоддзя ў маёнтку Атонава Якуб Наркевіч-Ёдка стварае ўнікальную метэастанцыю, якая праз кароткі час становіцца адной з самых вялікіх на захадзе Расійскай імперыі. Ён вынаходзіць прыборы, у тым ліку ўнікальныя прыстасаванні для вызначэння хуткасці руху аблокаў, вільготнасці глебы на глыбіні да трох метраў. Шукае спосабы знізіць шкоду ад навальніцы і граду. Яго прыбор для рэгістрацыі навальнічнага разраду адчуваў атмасферную з'яву на адлегласці да 100 кіламетраў. Сенсацыйнымі сталі яго доследы ўплыву электрычнасці на рост раслін.

Ад­наў­ля­ец­ца ста­ра­жыт­ная ся­дзі­ба.

Пра такія цікавыя факты навуковай дзейнасці беларускага вучонага, вынаходніка, даследчыка можна было даведацца на канферэнцыі, прысвечанай яго 170-годдзю ў сценах Уздзенскай сярэдняй школы імя Кандрата Крапівы. Выбар месца, куды прыехалі ўдзельнікі канферэнцыі, не выпадковы: недалёка ад горада знаходзіўся маёнтак вядомага вучонага. Да сустрэчы з гасцямі школьныя краязнаўцы падрыхтавалі даклады, тут жа размясцілася выстаўка архіўных дакументальных фотаздымкаў, яшчэ адна экспазіцыя знаёміла з творамі жывапісу.

Гэтымі сцежкамі больш за стагоддзе таму хадзіў славуты зямляк.

Пра навуковую спадчыну Наркевіча-Ёдкі паведаміў таксама доктар медыцынскіх навук, прафесар Уладзімір Растоўцаў. Сучасная медыцына ўлічвае даўнія доследы па выкарыстанні электрамагнітнага выпраменьвання газаразраднай плазмы для вызначэння фізіялагічнага стану арганізма.

Гістарычная даведка

У калекцыі прынца А. Ольдэнбургскага захоўвалася найбольшая колькасць электраграфічных здымкаў, зробленых Наркевічам-Ёдкам (напрыклад, электраразрад вакол рукі чалавека). Такія ўнікальныя здымкі ўпрыгожвалі залы музеяў многіх краін Еўропы, былі надрукаваныя ў тагачасных перыядычных выданнях ХІХ стагоддзя. Метад электраграфіі сёння выкарыстоўваюць медыкі, каб вызначыць дыягназ захворванняў.

Краявіды былой сядзібы адлюстраваныя кіраўніком школьнай ізастудыі, членам саюза мастакоў Беларусі Андрэем Лычкоўскім.

Ішла размова на канферэнцыі і пра тое, як найбольш поўна перадаць нашчадкам гісторыка-культурную спадчыну сусветна вядомага земляка-навукоўца. Прэзентавалі аматарскія фільмы, расказвалі пра сумесную працу вучняў Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя з археолагамі НАН Беларусі на месцы былой сядзібы. Уразілі слухачоў выступленні вучняў Уздзенскай школы імя Кандрата Крапівы: адным з аб'ектаў іх краязнаўчых пошукаў стаў фотапартрэт Якуба Наркевіча-Ёдкі (школьнікі дэталёва разгледзелі ўзнагароды на мундзіры вучонага і ўдакладнілі іх назвы, статус). Своеасаблівую справаздачу перад аўдыторыяй трымаў выдавец, краязнавец Аляксандр Нікітка. Ён прадэманстраваў маляўнічыя календары з краявідамі Уздзеншчыны, падзяліўся планамі аднаўлення сядзібы славутага навукоўца. Прагучала ў зале і агульная прапанова ўдзельнікаў юбілейнай канферэнцыі: надаць імя Якуба Наркевіча-Ёдкі адной са школ райцэнтра.

Фотаздымкі гэтага краю (у тым ліку і сядзібы Наркевічаў-Ёдкаў) упрыгожваюць календары мясцовага выдаўца Аляксандра Нікіткі.

Гістарычны жарт

Вядомы рускі хімік Д. Мендзялееў меў сяброўскія стасункі з Я. Наркевічам-Ёдкам. Аднойчы ён заўважыў пра светла-шэры, які адліваўся срэбрам, дах маёнтка беларускага калегі.

— Відаць, пан Якуб вельмі заможны, калі здолеў пакрыць дах пасярэбраным матэрыялам?

— Не, — адказаў гаспадар, — гэта не срэбра, а наша беларуская асіна. Выдатны матэрыял для дахаў. Да таго ж з часам пад сонейкам становіцца бялёсым, падобным на срэбра. Рэкамендую!

Брама сядзібы адноўленая з улікам дызайну далёкіх часоў.

Удзельнікі канферэнцыі на шляху да сямейных пахаванняў Наркевічаў-Ёдкаў.

Ру­жы сла­ву­та­му зем­ля­ку.

Перад заходам сонца ўдзельнікі канферэнцыі пераехалі з утульнай школьнай залы на поле бліз былога маёнтка Наркевіча-Ёдкі. Вершаліны сосен серабрыліся, нібы дах той сядзібы далёкага стагоддзя. Адсюль прайшлі да сямейных пахаванняў Наркевічаў-Ёдкаў, з павагаю паклалі кветкі на камяні з высечанымі імёнамі славутага роду. А потым зноў спыніліся каля белай брамы былога маёнтка. Думалася пра тое, што ў новым годзе аднаўленне старых пабудоў прадоўжыцца і, неўзабаве, як гэта планавалася, тут расчыняць дзверы адукацыйны цэнтр з фізічнай і метэалабараторыямі, інтэрактыўны музей навукі, выставачная зала. Сама сядзіба стане яшчэ больш прыкметнай на карце турыстычных маршрутаў па гістарычных мясцінах Беларусі.

Яўген ПЯСЕЦКІ

pyasecki@zviazda.by

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Зямля Наркевіча-Ёдкі

Каментары

В феврале 1891 года в Санкт-Петербурге Иодко провёл первый в истории человечества публичный сеанс демонстрации "беспроволочного телеграфа" с научным обоснованием показанного, в 1892 сделал тур по Европе, пропагандируя радиосвязь. Приёмо-передающие устройства Теслы демонстрировались годом позже, Лоджа и других пионеров радиосвязи второй волны - только в 1894 году, когда уже вся планета наполнилось треском в эфире от примитивных передатчиков - вибраторов Герца. На фоне изобретения радиосвязи остальные достижения Иодко не столь впечатляющи, но автор о радио не упомянул. Другой российский подданный - Попов - в 1895 году продемонстрировал "грозоотметчик", т.е. метеорологический прибор в виде когерера Лоджа, применявшийся для фиксации атмосферных разрядов. Радиосвязью Попов занялся только с 1897 года. Но советская традиция велела именовать изобретателем радио именно его, представителя всего лишь третьей волны...

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.