Вы тут

Як «Звязда» дзяжурыла разам з міліцыяй на Новы год у Віцебску


На «дзяжурства» — разам з аператыўна-дзяжурнай службай УУС — заступіў у 23.30. А трэцяй гадзіне ўжо 2018 года разам з супрацоўнікамі ДАІ ахоўваў парадак на вуліцах абласнога цэнтра. Адразу можна прызнацца — сумна не было!


Дапамог... Дзеду Марозу!

Пішу гэтыя радкі а сёмай гадзіне раніцы. Дарэчы, падобным чынам сустрэў і 2017 год: навагоднюю ноч правёў, дзяжурачы з АМАПам. Сёлета вырашыў расказаць пра іншыя службы аховы нашых правоў на спакойнае жыццё. Такім чынам, складваецца «звяздоўская» традыцыя, нараджаецца новае журналісцкае хобі.

Вось і гэтым разам, калі амаль усе знаёмыя сядзелі за сталамі ва ўтульных кватэрах, чакаючы святочнага звароту кіраўніка дзяржавы, я накіроўваўся на праспект Фрунзэ. Там знаходзіцца будынак УУС Віцебскага аблвыканкама.

Да гэтага чатыры разы паглядзеў любімы ўсімі фільм «Іронія лёсу, або з лёгкай парай». Па адным з кабельных каналаў яго зноў і зноў паўтаралі. Пакуль глядзеў кіно, з'еў салату «Аліўе», але ні грама не выпіў спіртнога.

Па дарозе вырашыў зайсці да добрых людзей, каб уручыць ім сімвалічныя падарункі. І вось тут сустрэў Дзеда Мароза, якому спатрэбілася мая дапамога. Галоўны казачны персанаж стаяў каля дзвярэй пад'езда і не мог патрапіць унутр, дзе яго вельмі чакалі. Я націснуў «мае кнопкі», і адразу адбыўся звычайны цуд. Дзядуля радаваўся, як дзіця, быццам я Дзед Мароз, а не ён.

І з праспекта Будаўнікоў

Дзверы будынка УУС былі зачынены. Але дзяжурнага папярэдзілі, што прыйдзе журналіст. Убачыўшы пасведчанне праз шкло, міліцыянер адразу адчыніў і выклікаў афіцэра, які павінен курыраваць маю работу.

Старшы аператыўны дзяжурны УУС Віцебскага аблвыканкама, падпалкоўнік міліцыі Андрэй Шастоў заўважыў, што раней журналісты ў навагоднюю ноч у цэнтры кіравання ўсімі сіламі міліцыі не прысутнічалі. Растлумачыў, што тут па тэлефоне 102 прымаюцца званкі з Віцебска. Адпаведныя падраздзяленні ёсць у Полацку, Наваполацку, Оршы. Жыхары глыбінкі, калі тэлефануюць у міліцыю, трапляюць у РАУС. Час прыезду міліцыі залежыць ад таго, наколькі сур'ёзная ў крымінагенным плане інфармацыя атрымана. У буйных населеных пунктах — у мінімальна кароткія тэрміны. Зразумела, каб дабрацца ў аддаленую вёску, спатрэбіцца больш часу. Але ў любым выпадку робіцца неабходная каардынацыя дзеянняў. Па выкліках выязджаюць прадстаўнікі розных міліцэйскіх службаў: патрульна-паставая, «Ахова», АМАП, ДАІ...

Тэлефоны не змаўкалі. Апошні званок у 2017 годзе раздаўся хвілін за шэсць да поўначы. Самага першага ў 2018-м прыйшлося чакаць нядоўга пасля 00.00.

Аператарам трэба мець вытрымку, разумець людзей, якія нярэдка, мякка кажучы, не зусім цвярозыя, або супакоіць абуранага чалавека і спытаць усю неабходную інфармацыю. А яшчэ трэба за хвіліны прымаць рашэнні. Таму аператарамі працуюць тыя, хто мае значны вопыт службы ў міліцыі...

Падчас майго знаходжання ў аператыўна-дзяжурнай службе жыхар сталіцы паведаміў, што адпачывае ў санаторыі недалёка ад Віцебска. Завяраў, што яго пабілі. Але хто, успомніць не можа.

Жанчына скардзілася, што дачку тэрарызуе яе малады чалавек: прысылае sms-паведамленні з пагрозамі. Яшчэ адна заявіла, што сын, які з ёй не жыве, ломіцца ў кватэру. Падобны званок з іншай шматпавярхоўкі: мужчына, які зараз знаходзіцца паміж сёмым і восьмым паверхамі, хацеў стаць няпрошаным госцем.

З праспекта Будаўнікоў дама патэлефанавала і сказала, што яе пабіў брат. Дарэчы, не мог не запытаць: ці былі калісьці паведамленні, якія нагадвалі б сюжэт фільма «Іронія лёсу...» У Віцебску няма 3-й вуліцы Будаўнікоў, але ёсць аднайменны праспект. Высветлілася, што аднойчы мужчына паведаміў, што ў яго кватэры незнаёмка. Аказваецца, не пазнаў жанчыну.

Сярод іншых былі паведамленні пра разбітае з-за крыўды шкло ў інтэрнаце. Але мяне больш уразіла інфармацыя пра высвятленне адносін паміж былым і цяперашнім мужчынамі адной жанчыны.

У памяшканні, дзе б'ецца пульс міліцыі Віцебска, вісіць шмат манітораў. На іх выявы, якія здымаюць вулічныя відэакамеры. Іх у горадзе сотні. Аператар лёгка можа павялічыць карцінку, павярнуць камеру.

Штодня прымаюць да 250 званкоў. Пацярпелыя таксама могуць прыйсці ў аддзяленне міліцыі, звярнуцца па дапамогу да патруля.

Навагодняя ноч адрозніваецца, бадай, толькі часам актыўнасці. Штогод колькасць навагодніх зваротаў розная. У гэту ноч у міліцыю патэлефанавала амаль паўсотні грамадзян. Пераважная большасць зваротаў — вынік сварак паміж нецвярозымі сваякамі, суседзямі і знаёмымі.

У першыя гадзіны новага года стала вядома і аб пацярпелых ад піратэхнікі. Чатыры чалавекі з рознымі выбуховымі траўмамі звярнуліся па дапамогу да медыкаў. Мацней за ўсіх пацярпеў грамадзянін, у якога апёк твару і пашкоджанне вока. Гэта — вынік таго, што ў руках выбухнула петарда.

«Два дрыньк шампань»

Каля дзвюх гадзін ночы да УУС пад'ехала машына ДАІ. Пазнаёміліся. Маімі калегамі гэтым разам сталі: старшы інспектар батальёна дарожна-патрульнай службы, маёр Барыс Ягоўдзік, інспектар дарожна-патрульнай службы, лейтэнант міліцыі Кірыл Іваноў.

Для апошняга гэтая навагодняя ноч была першай на службе, бо Кірыл Іваноў нядаўна ў міліцыі. А маёр, яго настаўнік, на варце закона ўжо каля 12 гадоў. І восем разоў — на Новы год. Прыпомніў кур'ёзны навагодні выпадак — пра італьянца. Адбылося гэта некалькі гадоў таму. Іншаземец папаўся на тым, што нецвярозы кіраваў аўто з італьянскімі нумарамі. Затрымалі, калі толькі днець пачало. Але ж як дапытаць, не ведаючы італьянскай мовы? Прывезлі ва УУС. Супрацоўнік па-англійску задаваў пытанні. Але затрыманы гэтую мову дрэнна ведаў.

— Дык уявіце сабе, знайшлі мы перакладчыка, настаўніка. Ён, дарэчы, сціпла адзначыў свята: шмат не піў. Таму паставіўся да нашай просьбы з вялікай адказнасцю. Падчас гутаркі высветлілася, што італьянец прыехаў да знаёмых. Вырашылі яны дадаць спіртнога. Паказалі, дзе можна купіць, а тады на праспекце Будаўнікоў працавала начная крама. Напэўна, госць не зразумеў слова «пайсці» і паехаў. Падчас знаходжання ва УУС патрабаваў пасла... А наконт таго, што ён падшафэ, адказваў: «Два дрыньк шампань». Але медыкі былі іншага меркавання пра колькасць выпітага. З-за цяжкасцяў перакладу ўсе неабходныя паперы запоўнілі ажно а сёмай гадзіне вечара.

Выпіў — і за руль

Тым часам па рацыі паведамілі, што на Маскоўскім праспекце вадзіцель ехаў па сустрэчнай паласе. Затрымалі парушальніка аператыўна: іншы экіпаж ДАІ прывёз яго ў наркалагічны пункт, каб вызначыць ступень ап'янення. Там жа складаюць пратаколы.

У затрыманага вызначылі больш за 0,5 праміле алкаголю. Гэта параўнальна няшмат, але ўсё роўна кіраваць аўто ў такім стане нельга. Ды і выглядаў ён на ўсе 1,5. Мужчына 1950 года нараджэння не адразу прызнаўся, што выпіў бутэльку віна. Яна — пустая — ляжала ў салоне яго аўто. Высветлілася, што прыехаў аж з Браслаўскага раёна да дачкі. Прывёз мяса і бульбы. Пры аглядзе «колаў» прадукты былі знойдзены. Супрацоўнікі ДАІ ўсе рэчы апісалі, каб потым гаспадар або яго сваякі маглі іх забраць. Машыну адагналі на штрафную стаянку. Нецвярозага, як і паабяцаў афіцэр, адвезлі да дачкі.

За такое парушэнне прадугледжаны штраф ад 50 да 100 базавых велічынь. Плюс пазбаўленне права кіраваць транспартам на тры гады. Бадай што невялікая цана за нечае захаванае жыццё на дарозе.

Вось так журналіст «Звязды» на свае вочы ўбачыў, чаго каштуе спакойная ноч у вялікім горадзе, калі ўся краіна святкуе.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

P.S. Рэдакцыя дзякуе афіцыйнаму прадстаўніку УУС Віцебскага аблвыканкама, падпалкоўніку міліцыі Вользе Шкуратавай і начальніку аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама, падпалкоўніку міліцыі Аляксандру Казючыцу за дапамогу ў падрыхтоўцы рэпартажу

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.