Вы тут

Хайпуюць усе!


Сёння, як вядома, калі цябе няма ў сацыяльных сетках, цябе няма ўвогуле. («Цяпер модна выглядаць як дрывасек. Які не сячэ дрэвы і цэлы дзень даглядае сам сябе, каб падабацца іншым дрывасекам».) Ты як быццам бы і не жывеш. Прынамсі, у гэтым упэўненыя іх шматлікія карыстальнікі. («Бачыў сёння чалавека без барады... Джынсы не падкасаны, татуіровак няма, скронечкі не выгалены... Халера, канешне... Відовішча не для слабанервовых».) Прычым, каб прыцягнуць да сябе ўвагу, ужо мала проста выкладваць сэлфі, фотаздымкі, напрыклад, ежы ці архітэктурных будынкаў, прыроды. Усім гэта ўжо прыелася, надакучыла. А ўвагі ж хочацца па-ранейшаму, многія ад яе па-сапраўднаму залежныя. Як жа вярнуць яе да ўласнай персоны? Трэба зрабіць нешта неардынарнае, незвычайнае, тое, што яшчэ ніхто не рабіў! Здзівіць, шакіраваць! Каб «лайкалі» з новай сілай, каб колькасць праглядаў імкліва расла! («Ён і не ўяўляў сабе, наколькі круты, пакуль не пачаў пісаць рэзюмэ».) Памятаеце, колькі гадоў таму была папулярная песня — фактычна з-за аднаго радка? «Кайфуем, сёння мы з табой кайфуем...» У мяне часам узнікае ўражанне, што я пабываў у адной са сцэн вядомай кінакамедыі, дзе Іван Васілевіч абвясціў для ўсіх прысутных на новы лад: «Танцуюць... Не, хайпуюць усе!» Бо гэты новы трэнд пераследуе многіх, як і той самы навязлівы радок з песні...


«Хайпуем, сёння мы з табой хайпуем...» У Амерыцы пара вырашыла зняць адзін з самых небяспечных ролікаў у гісторыі, каб потым пахваліцца ім у сеціве. Відэаблогеры задумалі праверыць, ці вытрымае кніга, паднесеная да грудзіны, стрэл з пісталета. Буйнакаліберная зброя, адлегласць — паўметра... «Рамантычна», праўда? Вынік заканамерны: хлопец мёртвы, дзяўчына атрымала паўгода турмы за ненаўмыснае забойства. («— Гэта я не рамантычная? А як жа ўсе гэтыя свечкі на падлозе? — Ты выклала пентаграму! — Але ж свечкамі!») У Мінску нядаўна хлопцы таксама вырашылі хайпануць водгукаў запісам сваіх прыгод. Абкруціліся цэлафанам, абліліся гаручым і падпалілі сябе... Балазе, паспелі дабегчы да Нямігі. Хоць і пацярпелі, але засталіся жывыя.

«Думаць трэба галавой, кахаць сэрцам, адчуваць — «пятай кропкай». І, самае галоўнае, — нічога не пераблытаць».

«Хайпуем, сёння мы з табой хайпуем...» Вось яшчэ адна гісторыя, за якой, думаецца, стаяць усё тыя ж водгукі ў сеціве. Малады дызайнер відэагульняў з Кітая прыдумаў арыгінальны спосаб, як зрабіць прапанову сваёй дзяўчыне. Ён купіў 25 смартфонаў іPhone Х і выклаў з іх сэрца на фоне пунсовых пялёсткаў руж. («— Мілы, хочаш, я падару табе сваё сэрца? — Ты мне нервы вярні!») А ў цэнтры кампазіцыі знаходзілася каробачка з заручальным пярсцёнкам. Паведамлялася, што дзяўчына адказала вынаходліваму маладому чалавеку «так». Ну, якія маглі быць яшчэ варыянты пры такім раскладзе? («Мне здаецца, што самае складанае ў бадмінтоне — прыкідвацца, што табе весела».) Зыходзячы з цэн на гэтыя смартфоны ў Кітаі, будучы жаніх патраціў на іх набыццё больш за 31 тысячу долараў. («Дзяўчаты скакалі, пілі, весяліліся... Хлопцы плацілі, злавалі, мацюкаліся...») Скажаце, што ніякі я не рамантык? Тады адкажыце на адно пытанне: навошта дзяўчыне столькі тэлефонаў? Яна будзе папераменна імі карыстацца? («Адкуль у вас час на плед, кнігі, пакуты і іншыя атрыбуты дэпрэсіўнага часу? Мне, напрыклад, сёння на працу, заўтра на працу і паслязаўтра на працу».) Несумненна, тэлефоны распрададуць, яны былі патрэбныя хлопцу як антураж, які здымалі на камеру шматлікія сябры.

«Хайпуем, сёння мы з табой хайпуем...» Жыве на свеце такая дзяўчына Сафія Хаджыпантэлі, працуе мадэллю. Папулярнасць у сеціве ёй прынесла незвычайная знешнасць. У яе амаль 50 тысяч падпісчыкаў у «Інстаграме», а вядомая яна тым, што спрабуе ўвесці ў моду «монабрыво». («— Дзяўчына, я бачу, вы вельмі любіце маляваць? — А як вы здагадаліся? — Ды па брывах...») Як бы вам растлумачыць, пра што гаворка? Прыгадайце брэжнеўскія бровы — толькі як адну суцэльную, без разрыву. Атрымалася? Свае густыя светлыя бровы мадэль яшчэ і фарбуе ў цёмны колер, каб яны выглядалі яшчэ больш эфектна... («Намаляваў сабе вусы на рабоце, а жанчыны з намаляванымі брывамі вырашылі, што я дурань. Божа, дзе логіка?») Памятаеце, у фільме «Службовы раман» сакратарка Верачка вучыць Людмілу Пракоф'еўну Калугіну вышчыпваць бровы рэйсфедарам? Так, балюча, але прыгажосць патрабуе ахвяр. («Хацеў суцешыць дзяўчыну — сцёр ёй бровы».) Але можа прасцей абвясціць хібы знешнасці новым трэндам і хайпануць «лайкаў» заадно?

Насамрэч пасыл у прыцягненні ўвагі навакольных — не новы. Гаспадыня чуе добрыя водгукі дамашніх, калі, напрыклад, прыгатуе смачную страву. А падзеліцца рэцэптам — пашырыць аўдыторыю «падпісчыкаў». Толькі ў гэтых выпадках усё па-добраму, без агрэсіі і паказухі.

(«Ішоў учора дадому, бачу, некалькі надпісаў на асфальце па парадку: «Ты маё сонейка», «Я цябе кахаю», «Прыгатуй мне боршч і катлеткі, калі ласка». І ведаеце, што? Я прыйшоў дадому, жонка сустрэла мяне баршчом і катлетамі. Пайшоў да суседа расказаць, а ў яго дома тыя ж стравы. Мужык, што гэта напісаў, паважаем цябе ўсёй мужчынскай паловай нашага дома!») Давайце ж у гэтыя святочныя дні «лайкнем» адзін аднаму добрым настроем! І тады... Кайфуем, сёння разам мы кайфуем!..

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.