Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Тхор у... белых шкарпэтках

У дзяцінстве мой сын вельмі хацеў завесці якога-небудзь хатняга гадаванца, але я была супраць, бо ведала, што ўсе клопаты аб ім лягуць на мяне. Як сёння помню чарговую размову: сын патэлефанаваў мне на працу і радасна выдаў:

— Мама, у нас будзе сабачка!

— Не! Аніякага сабачкі ў нас не будзе! — заявіла я і кінула слухаўку.

А вечарам прыйшла дамоў і што вы думаеце — мяне сустрэў там цудоўны двортэр'ер: сам чорненькі, лапкі белыя (нібы ў панчошках), а вочкі... Яны глядзелі на мяне так, што мая рашучасць умомант знікла.

Сын тым часам ужо расказаў, што гэтага прыгажунчыка нейкія дзеці ў ліфце прывезлі на дзявяты паверх (мы жывём на восьмым) і пакінулі. А сабачка тады падышоў да нашых дзвярэй і, пачуўшы галасы (гэта сын мой з сябрам гулялі ў тамбуры), стаў «прасіцца» ў кватэру, да іх у кампанію.

Не ведаю, праўда гэта або легенда, але ж Дзінга (так мы назвалі сабачку) знайшла свой дом, а мы ў яе асобе агульную любіміцу, бо такая ж разумная, такая ласкавая...

Помню, прыехаўшы ў вёску да бабулі, мы вельмі баяліся, што яна падушыць курэй, але Дзінга і ў той бок не глядзела. Затое з гнёздаў сталі прападаць яйкі.

— Напэўна, тхор завёўся, — скардзілася бабуля суседцы.

А мы з сынам у гэты ж час бачылі, як з хлява, акуратна трымаючы ў зубах яечка, выходзіць Дзінга, як яна прастуе ў гарод і ўпотай частуецца...

А вось з кавалерамі яна ўжо гуляла ў адкрытую. Тыя цугам за ёй хадзілі — ведама ж, гараджанка, прыгажунька...

— Некалі гэтыя залётнікі на кавалкі яе разарвуць, — змрочна прадказвала бабуля.

І сапраўды аднойчы наша любіміца прапала. Яе не было ўвесь вечар і ноч. Раніцай я са страхам падумала, што збылося бабуліна прадказанне, што Дзінга на 14-м годзе жыцця (па чалавечых мерках гэта пад восемдзесят) недзе, як той казаў, злажыла лапкі...

А таму я ўзяла пакет, каб сабраць парэшткі, ды выйшла на двор.

Што там? Карціна Рэпіна «Не чакалі»: у адчыненую брамку, у суправаджэнні маладога кавалера, важна ўваходзіла наша Дзінга.

— Усім бы так гуляць на дзявятым дзясятку, — падумала я.

...А вясной наступнага года з-за ўкусу кляшча нашай Дзінгі не стала.

Мы ходзім на яе магілку, носім цукеркі, якія яна вельмі любіла, і расказваем, як жа нам яе не хапае...

Людміла Касяк, г. Мінск.


За чатыры булачкі

...Больш скупога чалавека, чым Васіль, у акрузе, мусіць, не было. Ён усё чыста падлічваў. Часцяком, бывала, прыйдзе ў краму, патопчацца ля прылаўка, паглядзіць на цэннікі і нічога не купіць. А калі ўжо і адважыцца, нешта выбера, то на крамніка глядзіць — ва ўсе вочы, здаецца, не міргаючы... Так сочыць, каб ён не падмануў: каб хаця ж правільна, да грамулькі, узважыў, каб дакладна палічыў цану, каб рэшту аддаў да апошняй капеечкі.

І калі б не меў іх, гэтых капеечак, а то ж вадзіліся ў чалавека грошы. Проста жмінда такая: дзецям хіба што на свята сто грамаў падушачак браў ды і тыя, казалі, па цэлай не даваў — драбніў нажом на кавалачкі.

А вось выпіць любіў — асабліва нашармачка: іншы раз мужыкі збяруцца ля крамы, пагавораць ды і скінуцца, каб прапусціць па кілішку.

Здаралася, што перападала тады і Васілю. Той выпіваў, але ж як толькі адчуваў, што прыйдзецца і сваю капейку аддаць, як скрозь зямлю правальваўся...

Дык вось аднойчы перад святам хто-ніхто з вяскоўцаў сабраўся ў Мазыр. Хацелася там прыкупіць нейкіх прысмакаў ды можа і абноў. Для гэтага старшыня калгаса нават машыну выдзеліў.

Загрузіліся людзі ў кузаў, у горад прыехалі. Найперш набралі хлеба ды булачак, дражджэй купілі, прыцаніліся да прамтавараў, газіроўкі напіліся па адной капейцы за шклянку. А хто-ніхто і сіропам пакаштаваў — за тры капейкі — ды потым пашкадаваў, што такіх вось скрынак-аўтаматаў, што з фырканнем льюць у шклянкі ваду, на сенакосе няма (з рэчкі піць даводзіцца)... І марозіва ў вёсцы няма. А з'еў бы ў спёку — халоднага, драўлянай палачкай з папяровага кубачка...

Тым часам і дзень прамільгнуў: вяскоўцы едуць дамоў — усе разам «падскокваюць» на саломе, калі машына трапляе на выбоіны, усе разам смяюцца, жартуюць.

— А давайце і павячэраем так, — прапануе раптам Іван-балбатун.

— Давайце, — згаджаюцца людзі ды бяруцца развязваць торбы.

— Э, не, — гучна абвяшчае Іван, — мая прапанова, дык мае і булачкі. Іх, па сем капеек, я шмат набраў, нам з мамай столькі не з'есці. Частую...

Двойчы запрашаць, вядома ж, не трэба было: пацягнуўся народ да здобных булачак, стаў з апетытам есці. Тым больш што следам Іван, што называецца, пусціў па руках і бутэльку з газіроўкай... Да Васіля дайшла... Узяў той у рукі і ўміг абмацаў на шкле знаёмую шчарбінку, падумаў: «Няўжо мая?!»

Расштурхаў усіх — кінуўся ў кут, дзе паклаў сваю торбу, але ж на месцы яе не было: ля Івана ляжала. І засталіся ў ёй толькі хлеб ды кулёк цукерак.

Ад злосці пацямнела ў вачах, слоў амаль не было:

— Заб'ю, — прашыпеў Васіль і што сілы схапіў Івана за грудзі.

А той, як здавалася, богу душой не вінаваты:

— Прабач, — кажа, — пераблытаў мяшкі... Побач ляжалі... Аднолькавыя... Сам паглядзі.

Ні глядзець, ні слухаць Васіль не хацеў: ад Івана яго ледзь адцягнулі.

І супакоілі толькі тады, калі сталі «скідвацца» — хто па булачцы, хто па дзве — ды класці яму ў торбу.

...Страту, карацей, «кампенсавалі», але ж перавыхаваць не змаглі: гарбатага, кажуць, хіба труна паправіць, скупога — таксама.

Анатоль Кашэвіч, Лельчыцкі раён.


Чароўная сіла мастацтва, альбо Як змагацца з п'янствам

Гэта было досыць даўно, але ж якраз перад Новым годам. Я толькі прыйшоў з работы, павячэраў і са свежымі газетамі сеў на канапе перад тэлевізарам, як там жа «намалявалася» жонка, сказала, чаго ёй не хапае для прыгатавання святочнай вячэры, і загадала, каб я тэрмінова схадзіў у краму.

Ну як вам такое спадабаецца? Яна што — не магла ўсё прадумаць загадзя і пазваніць мне на работу? Па дарозе дамоў я б тады ўсё купіў... Магла адправіць па пакупкі і адразу пасля таго, як прыйшоў дамоў і яшчэ не распрануўся...

Усё гэта я ёй сказаў, але яна мяне быццам не чула: ідзі і ўсё.

Тут я павінен прызнацца, што цягам сямейнага жыцця нажыў сабе досыць добрую рысу: калі нейкая з жончыных ідэй мне не падабаецца, то я ўпарчуся да апошняга, прыводжу аргументы. Але ж як толькі бачу, што гэта марна, што я не перамог, рэзка мяняю тактыку і ўжо з задавальненнем, можна сказаць, бяруся выконваць тое, супраць чаго толькі што «ваяваў»!

Вось і той раз хутка апрануўся, сунуў у кішэню авоську ды спіс патрэбных прадуктаў і падаўся ў краму. А дайшоў да яе і спыніўся: столькі народу адтуль выходзіла...

Я прытрымліваў дзверы і міжволі чуў:

— Вып'ем, — казаў адзін з мужчын (праўда, не мне). — Новы год жа, грэх не адзначыць.

— Я не буду, — адказваў яму другі.

— Ты што — хворы?

— Не...

— Дык што — проста так, без прычыны, сапсуеш мне вечар? Дзе я зараз кампанію знайду?

— Дзе хочаш... А я — пас: сёння па БТ «Іронія лёсу...». Я хачу паглядзець.

— Добрае кіно... Але ж каб на яго ды прамяняць выпіўку?..

— А ты паспрабуй...

На гэтым размова абарвалася. Мы зайшлі ў краму, і аднаго з мужчын я там яшчэ бачыў: ён спехам рабіў пакупкі.

Прыбавіў у тэмпе і я, прычым дамоў ужо ледзь не бег. А там — аддаў жонцы прадукты, распрануўся і адразу да тэлевізара. Трэба сказаць, паспеў — неяк па-новаму, спакойна і ад пачатку да канца паглядзеў гэтую самую «Іронію...». І толькі потым, пасля заканчэння фільма, успомніў, што, будучы ў краме, хацеў зазірнуць у віна-гарэлачны аддзел і... забыўся! Вось яна, чароўная сіла мастацтва!

Адкуль ідэя: а што, калі адшукаць такіх рэжысёраў, як Эльдар Разанаў, і падахвоціць іх здымаць 365 такіх фільмаў у год?! Гэта ж колькі народу захоча іх паглядзець і пры гэтым... забудзецца выпіць! Можа, такім вось чынам п'янству, гэтай ганебнай з'яве, наступіць капут?

Яўген Кавальчук, г. Мінск.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар 

dounar@zviazda.by

Ад яе ж. Но­вым чы­та­чам, пад­піс­чы­кам «Звяз­ды», трэ­ба, му­сіць, ска­заць, што «вя­сё­лыя і праў­дзі­выя гіс­то­рыі...» га­зе­та збі­рае з па­чат­ку ста­год­дзя, што апош­нім ча­сам гэ­тыя бай­кі-бы­ва­лі­цы не прос­та дру­ку­юц­ца, а пры­ма­юць удзел у кон­кур­се на са­мую-са­мую... Што іх, са­мыя-са­мыя, вы­зна­чае не­вя­ліч­кае рэ­дак­цый­нае жу­ры ў скла­дзе пер­ша­га на­мес­ні­ка га­лоў­на­га рэ­дак­та­ра «Звяз­ды» На­тал­лі Кар­пен­кі, рэ­дак­та­ра ад­дзе­ла Над­зеі Дрынд­ро­жык і вя­ду­чай руб­ры­кі Ва­лян­ці­ны Доў­нар. Што пры гэ­тым, ну без­умоў­на ж (і на­ват у пер­шую чар­гу), уліч­ва­юц­ца мер­ка­ван­ні вя­лі­ка­га чы­тац­ка­га жу­ры пад стар­шын­ствам ад­да­най пад­піс­чы­цы і аў­та­ркі га­зе­ты спа­да­ры­ні Соф'і Ку­сян­ко­вай з вёс­кі Лу­чын Ра­га­чоў­ска­га ра­ё­на, што стаць сяб­рам чы­тац­ка­га жу­ры мо­жа кож­ны ах­вот­ны...

Што для гэ­та­га трэ­ба? Дро­бязь: пра­чы­таў­шы (як пра­ві­ла, у пят­ні­цу) пад­бор­ку «вя­сё­лых і праў­дзі­вых гіс­то­рый...», аца­ніць кож­ную (на трой­ку, чац­вёр­ку, пя­цёр­ку) і па­клас­ці га­зе­ту ў ней­кую шуф­ля­ду, каб по­тым, на фі­ні­шы 2018 го­да аль­бо на па­чат­ку но­ва­га, 2019-га, пе­ра­чы­таць тое, што най­больш спа­да­ба­ла­ся, склас­ці сваю «дзя­сят­ку най­леп­шых» і да­слаць у рэ­дак­цыю з ука­зан­нем наз­вы, проз­ві­шча аў­та­ра і да­ты пуб­лі­ка­цыі...

Шчы­ры дзя­куй усім, хто гэ­та ўжо зра­біў і зро­біць у най­блі­жэй­шыя дні, па­гар­таў­шы пад­шыў­ку аль­бо за­зір­нуў­шы на сайт га­зе­ты.

Вы­ні­кі кон­кур­су шу­кай­це ў ад­ным з най­блі­жэй­шых ну­ма­роў. А па­куль заў­сёд­ная прось­ба: пі­шы­це!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.