Вы тут

Што лепш: брацца за нізкааплатную работу або чакаць лепшую прапанову?


З такім надзённым пытаннем мы звярнуліся да работнікаў дзяржаўных органаў і простых працаўнікоў.


Старшыня Новалукомльскага гарадскога выканаўчага камітэта Віталь ФАДЗЕЕЎ:

— Калі чалавек сядзіць наогул без работы, то неабходна выкарыстоўваць любую магчымасць, каб зарабіць на жыццё. А вось ужо на нейкім месцы можна паралельна шукаць больш цікавыя варыянты, удасканальваць свае навыкі і ўменні. Што рабіць, калі работа вельмі нялёгкая і адымае ўвесь час? Адкажу так: у мяне ў маладосці быў перыяд, калі я працаваў у Мінску на канвееры. Праца была вельмі цяжкая, але я знаходзіў час, каб вучыцца і развівацца... Увогуле, адзінага адказу на ваша пытанне няма, усё індывідуальна. Калі не хапае адукацыі, то трэба вучыцца. Але наяўнасць дыплома не гаворыць аб адукаванасці, акрамя таго, гэта не канчатковая мэта. Вучыцца трэба пастаянна ў рамках прафесіі і не толькі.

Намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, начальнік упраўлення занятасці насельніцтва Таццяна КУДЗЕВІЧ:

— Мне часта задаюць гэтае пытанне на кірмашах вакансій і прэс-канферэнцыях. Я лічу, што ўзровень аплаты працы не павінен быць самым галоўным крытэрыем. Калі гэта выпускнік навучальнай установы, то што ён можа прапанаваць наймальніку, калі не валодае практычным вопытам? Усім выпускнікам я кажу: калі прапанова адпавядае кваліфікацыі, то вы павінны атрымаць першы вопыт работы. Калі ў чалавека досыць вялікі стаж кіраўнічай працы, гэта кваліфікаваны спецыяліст, і ён раптам пойдзе працаваць дворнікам, то яму складана будзе вярнуцца на кіруючую пазіцыю. Таму ў такім выпадку лепш чакаць прапанову, якая будзе адпавядаць яго кампетэнцыі.

У мяне быў выпадак: на прыём прыйшоў чалавек, які працаваў кіраўніком 15 гадоў, пасля чаго ўзніклі праблемы са здароўем, і ён сышоў на доўгі перапынак. Шукаў працу не зважаючы на ўзровень аплаты, а арыентуючыся на свае кваліфікацыю і вопыт — і ён яе знайшоў. Калі чалавек арыентуецца толькі на высокую зарплату, ён звычайна завышае свае магчымасці, таму здараецца несупадзенне прапаноў наймальніка і прэтэндэнта.

Офіс-менеджар кампаніі EPAM Наталля МАЗУРЫНА:

— Мне здаецца, гэта залежыць ад кожнага чалавека і ад сітуацыі, у якой ён знаходзіцца. Многія маладыя людзі пасля ўніверсітэта лічаць, што лепш пахадзіць на курсы і яшчэ трохі пачакаць, каб падцягнуць свае веды да патрэбнага ўзроўню і адразу пайсці на добрую работу. І гэта, на мой погляд, правільна. Нізкааплатную работу зараз знайсці не праблема, танная рабочая сіла на рынку патрэбна заўсёды. Іншае пытанне — наколькі такія прапановы выгадныя для чалавека? Бо трэба разумець, што на рабоце — любой — ты марнуеш свае сілы, час, здароўе, але гэта ўсё не мае сэнсу, калі даход не акупляе затраты на яе.

З іншага боку, заўсёды бываюць бязвыхадныя сітуацыі, калі грошы патрэбны хутка, а часу шукаць добрую работу няма. У такіх выпадках лепш пайсці на нізкааплатную вакансію на нейкі невялікі тэрмін, чым застацца наогул без фінансаў. І не варта забываць, што сярод людзей заўсёды ёсць тыя, хто займаецца любімай (часам нізкааплатнай) прафесіяй — валанцёры, абаронцы навакольнага асяроддзя і, напрыклад, тыя, хто дапамагае дзецям. На такія пазіцыі, як мне здаецца, людзі ідуць не для сваёй выгады, а дзеля ідэі. Хоць ўсё роўна любая праца, асабліва такая важная, павінна быць годна аплачана.

Выпускнік факультэта міжнародных адносін БДУ Аляксандр НЯХАЙ:

— Я лічу, што чакаць добрую прапанову ў цяперашні час не зусім практычна. Паўсюдныя скарачэнні, мізэрны попыт на спецыялістаў без вопыту — усё гэта сведчыць пра тое, што чакаць бессэнсоўна.

Але і ісці ў любое месца — таксама не варыянт. Тут неабходна размяжоўваць: адна справа, калі ты вольная птушка, не абцяжараная сям'ёй, крэдытам ці яшчэ чымсьці, што патрабуе пастаянных грашовых уліванняў, і зусім іншае, калі табе проста неабходная работа, каб выжыць. Пагадзіцца на работу, а потым праз пару месяцаў сысці, калі куды-небудзь паклічуць, таксама не зусім добра.

Я год назад скончыў універсітэт па спецыяльнасці знешнеэканамічная дзейнасць з высокім балам, выдатным веданнем дзвюх замежных моў, але знайсці годную працу ў мяне не атрымалася. Прапановы, дзе ў прамыя абавязкі ўваходзіла работа сакратара і нават кур'ера, мяне не задавальнялі. Абнаўляць кожны дзень профіль на сайтах з вакансіямі за паўгода пошукаў мне надакучыла, таму я прайшоў ІT-курсы, за месяц асвоіў новую прафесію і ўжо знайшоў работу. Выходжу з пачатку 2018 года.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Вёскі Гродзенскага раёна, якіх аб'яднала трагедыя

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Вёскі Гродзенскага раёна, якіх аб'яднала трагедыя

На тэрыторыі Гродзенскага раёна фашысты правялі некалькі карных аперацый супраць мірных жыхароў. 

Культура

Святло як добры знак, альбо Крыху пра любоў Івана Пташнікава. У юбілейны год пісьменніка паразмаўлялі з яго дачкой Таццянай

Святло як добры знак, альбо Крыху пра любоў Івана Пташнікава. У юбілейны год пісьменніка паразмаўлялі з яго дачкой Таццянай

 У творах Івана Пташнікава вялікая сувязь з зямлёй, з радзімай — а гэта надзвычай актуальная тэма цяпер.

Грамадства

Тры дні — і паліва на двары. Пра санітарныя высечкі, ландшафтныя біятопы і нарыхтоўку дроў

Тры дні — і паліва на двары. Пра санітарныя высечкі, ландшафтныя біятопы і нарыхтоўку дроў

Сёлета Беларусь тройчы сутыкалася з моцнымі вятрамі, якімі было пашкоджана 4,4 мільёна м3.