Вы тут

Што чакае сацыяльную сферу ў 2018 годзе


Пра водпуск для бацькі пры нараджэнні дзіцяці, персанальны бюджэт для інвалідаў і пенсіі для індывідуальных прадпрымальнікаў і рамеснікаў.

Напярэдадні прафесійнага свята — Дня сацыяльнага работніка, які адзначаецца сёння, — міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ірына Касцевіч правяла прэс-канферэнцыю, на якой расказала, што нас чакае ў 2018 годзе.


«Будзем стымуляваць нараджэнне другога дзіцяці»

У прыярытэце, па словах міністра, — падтрымка сям'і і дзяцей. Цяпер у Беларусі, як і ў большасці іншых еўрапейскіх краін, павышаецца сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб. Нараджэнне дзяцей таксама адкладаецца на пазнейшыя тэрміны. Так, у 2016 годзе сярэдні ўзрост маці пры нараджэнні першага дзіцяці склаў 26,3 года. «Я ў свой час нарадзіла першае дзіця ў 21 год, — сказала міністр. — Але сучаснае маладое пакаленне арыентавана
на асобасны рост, кар'еру. І гэта нельга не ўлічваць пры выбудоўванні дзяржаўнай палітыкі. Каэфіцыент нараджальнасці ў 2016 годзе быў 1,73 — гэта колькасць дзяцей на адну жанчыну фертыльнага ўзросту. Наша задача — гэта сям'я з двума і больш дзецьмі. Трэба стымуляваць бацькоў на другія роды і падтрымліваць шматдзетныя сем'і».

Міністр нагадала, што ў нас у сувязі з нараджэннем і выхаваннем дзяцей прызначаюцца 11 відаў дапамог. «У свеце няшмат краін, якія маюць такую норму, як аплатны водпуск па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім трохгадовага ўзросту», — сказала Ірына Касцевіч.

Для падтрымкі шматдзетных сем'яў у краіне дзейнічае праграма сямейнага капіталу, якая ўжо дала свой эфект. У параўнанні з 2014 годам колькасць трэціх і наступных нараджэнняў вырасла больш чым на 20%. З улікам інтарэсаў сем'яў развіваецца і сістэма сацыяльнага абслугоўвання. Асабліва запатрабаваныя — паслугі па доглядзе малалетніх дзяцей. Так, у 2017 годзе паслугі сацыяльнай няні атрымалі больш за 2 тысячы сем'яў. Сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, на базе дамоў-інтэрнатаў аказваецца паслуга сацыяльнай перадышкі. Гэта магчымасць для бацькоў аднавіць свае сілы, вырашыць сямейна-бытавыя пытанні. Малазабяспечаным сем'ям з дзецьмі выдзяляецца дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога.

Як заявіла Ірына Касцевіч, цяпер разглядаецца магчымасць увядзення абавязковага водпуску для мужчын, калі нарадзілася дзіця. «Але гэта неаплатны сацыяльны водпуск, які бацька мае права ўзяць. І калі ён захоча ўзяць такі кароткачасовы адпачынак — тыдзень ці два, то наймальнік павінен будзе даць яго», — адзначыла міністр. Пры гэтым увядзенне ў Беларусі магчымасці адначасова абаім бацькам знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці не разглядаецца.

Міністр раіць задумацца пра будучую пенсію ІП і рамеснікам

Плануецца, што ў 2018 годзе адзін раз пералічаць пенсіі. У 2017-м такі пераразлік быў праведзены 1 лістапада: у выніку пенсіі па ўзросце выраслі ў сярэднім на 5%. У гэтым годзе, па словах міністра, будзе таксама праведзены як мінімум адзін агульны пераразлік пенсій. Акрамя таго, пры павышэнні бюджэту пражытковага мінімуму, гэта значыць практычна кожны квартал, індэксуюцца мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі, надбаўкі, павышэнні і даплаты да іх.

У цэлым памер павышэння пенсій будзе залежаць ад таго, як будзе развівацца эканоміка, ад напаўняльнасці і даходнасці ФСАН. «Задача — суадносіны сярэдняй пенсіі не менш за 40% ад сярэдняй заработнай платы па краіне. Многае будзе залежаць ад напоўненасці бюджэту, аб'ёмаў узносаў. Немалаважна, якую фінансавую падтрымку фонду зможа аказаць рэспубліканскі бюджэт», — нагадала Ірына Касцевіч.

Як вядома, у мінулым годзе пачалося павышэнне пенсійнага ўзросту. Таксама працягвае павялічвацца мінімальны страхавы стаж для прызначэння пенсіі: у 2018 годзе ён складзе 16 гадоў 6 месяцаў. Міністр назвала гэта хай і непапулярнымі, але неабходнымі мерамі, якія накіраваны на забеспячэнне стабільнай выплаты пенсій і павышэнне іх памераў. Эфект, па яе словах, ужо назіраецца: у выніку пенсійнай рэформы ў мінулым годзе скарацілася колькасць атрымальнікаў пенсіі, і нагрузка на Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва крыху знізілася.

Што датычыцца плацяжоў у ФСАН, то, па словах міністра, ужо падрыхтаваны праект указа, які прадугледжвае магчымасць для індывідуальных прадпрымальнікаў, якія часова не працуюць, не ажыццяўляць выплату ўзносаў у Фонд сацыяльнай абароны. Разам з тым Ірына Касцевіч адзначыла, што на сённяшні дзень 95% ІП выплачваюць гэтыя ўзносы з мінімальнай заработнай платы, а не зыходзячы з рэальных даходаў, не задумваючыся аб будучай пенсіі. Тое ж самае датычыцца і большасці рамеснікаў, гаспадароў аграсядзіб і іншых катэгорый, для якіх выплата ўзносаў у ФСАН добраахвотная і якія ў сувязі з гэтым не фарміруюць сваю будучую пенсію. Міністр лічыць, што ўжо ў маладыя гады трэба задумвацца аб сваёй старасці, і на гэтую тэму патрэбна сур'ёзная тлумачальная праца сярод насельніцтва.

Магчыма ўстанаўленне квот па прыёме на працу інвалідаў

Людзі з інваліднасцю — яшчэ адна катэгорыя грамадзян, якія маюць патрэбу ў падтрымцы і дапамозе дзяржавы. У 2018 годзе, па словах міністра, будзе працягваць удасканальвацца заканадаўства ў гэтай галіне. Плануецца ўвесці змяненні ў два законы: «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь» і «Аб папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў».

Калі коратка, то будуць працягнуты работы па стварэнні безбар'ернага асяроддзя. У 2018 годзе будуць пераабсталяваны больш чым 670 аб'ектаў: у іх будуць уладкаваныя пандусы, пашыраны дзвярныя праёмы на ўваходзе і ўнутры будынкаў, устаноўлены поручні. Для забеспячэння інфармацыйнай даступнасці для людзей з парушэннямі слыху будуць адаптаваны 837 гадзін тэлевізійнага прадукту.

Таксама ў планах — увядзенне адміністрацыйнай адказнасці для юрыдычных і службовых асоб за ўхіленне ад выканання патрабаванняў па стварэнні ўмоў для бесперашкоднага доступу інвалідаў да аб'ектаў сацыяльнай, інжынернай і транспартнай інфраструктуры. Стануць больш жорсткімі меры, якія прымяняюцца да асоб, што займаюць парковачныя месцы для інвалідаў.

Рыхтуюцца рэкамендацыі, якія дапамогуць арганізацыям розных сфер дзейнасці арыентавацца, наколькі іх аб'екты і паслугі даступныя для асоб з інваліднасцю.

У планах міністэрства — вывучэнне магчымасці ўкаранення персанальнага бюджэту для інвалідаў. Што гэта такое? Для людзей з інваліднасцю дзяржава выдзяляе пакет сацыяльных паслуг, але не ўсе хочуць іх атрымліваць. Таму частка асоб не выкарыстоўвае іх у поўным аб'ёме. У такім выпадку магчыма наступная альтэрнатыва: можна сфарміраваць індывідуальны бюджэт для кожнага чалавека з інваліднасцю, а ён ужо сам будзе вырашаць, на якія сацпаслугі траціць гэтыя грошы.

Ірына Касцевіч таксама заявіла аб тым, што ведамства разам з Міністэрствам аховы здароўя будуць вывучаць магчымасць увядзення працэнтнай сістэмы вызначэння інваліднасці, якая дазволіць падыходзіць больш індывідуальна да кожнага чалавека. Акрамя таго, задачай міністэрства, на думку Ірыны Касцевіч, з'яўляецца максімальнае садзейнічанне тым інвалідам, якія хочуць працаваць. Для гэтага будзе вывучана магчымасць устанаўлення квот для арганізацый па прыёме на працу інвалідаў. Плануецца таксама заканадаўчае замацаванне статусу сацыяльнага прадпрыемства і распрацоўка мер, накіраваных на дзяржаўную падтрымку такіх прадпрыемстваў. Будуць унесены і змены ў заканадаўства, якія ўстанаўліваюць забарону на дыскрымінацыю па прыкмеце інваліднасці, уключаючы прыём на працу, захаванне працы, прасоўванне па службе.

Дапаможа дзяржаўны сацзаказ

У нашай краіне на пачатак 2017 года пражывалі больш за 2,4 млн чалавек, старэйшых за працаздольны ўзрост, — гэта 25,3% у агульнай колькасці насельніцтва краіны і на 0,5% больш, чым на пачатак 2016 года. З 2010 года гэты паказчык павялічыўся на 2,5%. Працэс старэння насельніцтва ў перспектыве будзе паскарацца. Паводле дэмаграфічных прагнозаў, колькасць насельніцтва, старэйшага за працаздольны ўзрост, да 2035 года складзе 27,7%.

«Добра, калі блізкія сваякі могуць клапаціцца аб пажылых людзях. Пра тых, у каго няма блізкіх людзей і хто мае патрэбу ў доглядзе, бярэ на сябе клопат дзяржава», — адзначыла Ірына Касцевіч. У апошнія гады атрымалі развіццё прынцыпова новыя віды сацыяльных паслуг для пажылых людзей: сацыяльная перадышка, суправаджальнае пражыванне, сацыяльны патранат, замяшчальная сям'я. Вельмі перспектыўным з'яўляецца вопыт па прыцягненні да вырашэння сацыяльных задач недзяржаўных некамерцыйных арганізацый — у рамках дзяржаўнага сацзаказа. У мінулым годзе дзейнічалі 52 такія дагаворы на аказанне сацыяльных паслуг, атрымальнікамі якіх сталі больш за тысячу чалавек. Для рэалізацыі дагавораў дзяржава выдзяляе субсідыі. У 2017-м лічба склала 450 тыс. рублёў. На 2018 год прадугледжана ўжо 580 тыс. рублёў. І з улікам старэння насельніцтва гэты кірунак будзе атрымліваць усё большае развіццё.

Святлана БУСЬКО

buskо@zvіаzdа.bу

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.