Вы тут

Ці ўдасца Эфіопіі стаць рэгіянальным лідарам?


Разам з усім праваслаўным светам Раство будуць адзначаць у Эфіопіі — адзінай краіне на Афрыканскім кантыненце, дзе сярод мясцовых пераважае адпаведнае веравызнанне. У гэтай дзяржаве налічваецца каля 36 мільёнаў вернікаў. Гэта амаль 14 працэнтаў ад усяго праваслаўнага насельніцтва планеты. Як сведчаць даныя даследавання Orthodox Chrіstіanіty іn the 21st Century, праведзенага Pew Research Center (ЗША), цяпер найбуйнейшая праваслаўная хрысціянская абшчына за межамі Усходняй Еўропы знаходзіцца менавіта ў Эфіопіі. Каля 98% тутэйшых вернікаў заяўляюць, што «рэлігія вельмі важная ў іх жыцці». Яны досыць строга выконваюць абрады — прыкладна тры чвэрці вернікаў наведваюць царкву раз на тыдзень або часцей (78%), амаль дзве трэці моляцца штодня (65%). Відавочна, заўважаюць эксперты Pew Research Center, што Эфіопія стала новым праваслаўным лідарам свету. Станоўчыя змены адбываюцца і ў эканоміцы. Ці ўдасца афрыканскай краіне стаць асноўным рэгіянальным гульцом?


Сацыялізм для растафарыян

Эфіопія (раней Абісінія) — насамрэч калыска чалавецтва. Пра гэта сведчаць выкапнёвыя астанкі аўстралапітэкаў, выяўленыя ў даліне ракі Ома. Эфіопія з'яўляецца адзінай краінай Афрыкі, якая ніколі не была каланізаваная — толькі акупаваная італьянцамі на працягу некалькіх гадоў падчас Другой сусветнай вайны.

У пасляваенны час імператар Хайле Селасіе І працягваў самадзяржаўнае праўленне. Цікава, што паслядоўнікі растафарыянства (рэлігійная і сацыяльная плынь, якая зарадзілася на Ямайцы ў 1930-я гады) лічаць гэтага імператара месіяй. Нават назва рэлігіі ўтворана ад тытула і імя, якое ён насіў да каранацыі, — Рас Тафары Маконен. У канцы 1940-х Хайле Селасіе выдзеліў участак зямлі ў горадзе Шашэмэне для членаў Сусветнай эфіопскай федэрацыі, якія ваявалі супраць італьянцаў падчас Другой італа-эфіопскай вайны. Многія з тых, хто пераехаў туды, былі растафарыяне. Паводле інфармацыі Assosіated Press, цяпер у Эфіопіі жывуць каля тысячы растафарыян.

Да пачатку 1970-х гадоў рэжым стаў зусім адыёзным: імператара крытыкавалі з усіх бакоў палітычнай прасторы. Каталізатарам далейшых падзей стала масавая гібель людзей ад голаду ў 1972—1974 гадах. У 1974-м меры па аздараўленні эканомікі выліліся ў рэзкае павышэнне цэн і выклікалі масавыя дэманстрацыі пратэсту. Сітуацыю выкарысталі афіцэры, якія схіляліся да марксізму, — групоўка «Дэрг» узнікла летам таго ж года. Пайшоў працэс дэмантажу манархіі, вядомы як «паўзучы пераварот». Да сярэдзіны восені «Дэрг» падпарадкаваў сабе ўсе адміністрацыйныя рэсурсы і абвясціў курс на пабудову сацыялізму. У 1976—1977 гадах групоўка ўмацоўвала свае пазіцыі шляхам тэрору — як супраць раялістаў і сепаратыстаў, так і супраць левых. Практычна адразу пачалася грамадзянская вайна. Лідарам «Дэрга» стаў Менгісту Хайле Марыям. У 1975—1991 гадах СССР і некаторыя краіны Усходняй Еўропы аказвалі ўсебаковую дапамогу рэжыму Менгісту.

Палітыка на пабудову сацыялізму прывяла Эфіопію да поўнага спусташэння. Праведзеная калектывізацыя сельскай гаспадаркі спрыяла далейшай дэградацыі рэжыму. У 1984 годзе ў краіне ад голаду памерла мільён чалавек. Ва ўмовах крызісу ў СССР урад Менгісту быў зрынуты ў маі 1991-га. Галоўную ролю ў паўстанцкім альянсе адыгралі эрытрэйскія групоўкі. У 1993-м аддзялілася Эрытрэя, і Эфіопія страціла выхад да мора. Да ўлады прыйшла групоўка марксістаў вельмі левага толку, якая пасля змяніла ідэалагічную арыентацыю на больш ліберальную. Краіну з тых часоў да сваёй смерці ў 2012 годзе ўзначальваў прадстаўнік гэтай групоўкі Мелес Зенаўі, спачатку ў якасці прэзідэнта, потым, пасля ўвядзення парламенцкай рэспублікі, як прэм'ер-міністр.

Кава і турызм

У 2000-х у краіне адбыліся змены да лепшага. Эканоміка хутка прырастае, і, нягледзячы на цяперашнія палітычныя ўзрушэнні, МВФ лічыць, што добрыя часы працягнуцца. У 2000 годзе Эфіопія, другая па колькасці насельніцтва краіна ў Афрыцы, была трэцяй найбяднейшай дзяржавай у свеце. Яе гадавы ВУП у разліку на душу насельніцтва складаў усяго $650. Больш за 50% эфіопаў жыло за мяжой беднасці. Але пасля здарыўся сапраўдны цуд. Паводле ацэнак МВФ, з 2000 па 2016 год Эфіопія з пункту гледжання ВУП на душу насельніцтва была трэцяй самай хуткарослай эканомікай у свеце сярод краін з насельніцтвам у 10 млн і больш чалавек. Да 2011-га ўзровень беднасці ў краіне знізіўся да 31%.

Далейшая перспектыва вельмі аптымістычная. У сваім апошнім глабальным прагнозе МВФ адзначыў, што ВУП Эфіопіі на душу насельніцтва будзе павялічвацца са штогадовым тэмпам у 6,2% да 2022-га. Сярод краін з насельніцтвам у 10 млн і больш чалавек толькі Індыя і М'янма будуць расці хутчэй. ААН прагназуе, што да 2050 года насельніцтва краіны вырасце да 190 млн чалавек. Сёння яно складае прыкладна 100 млн, што робіць яе адной з самых хуткарослых буйных краін па колькасці насельніцтва.

Эканоміка Эфіопіі засяроджаная ў сектарах паслуг і сельскай гаспадаркі. Паводле ацэнак Сусветнага банка, сярэднегадавы прырост у 10,8%, зафіксаваны Эфіопіяй у перыяд паміж 2004 і 2014 гадамі, быў атрыманы ў такіх галінах, як гасцінічны бізнес і транспарт, што было ў асноўным вынікам урбанізацыі краіны. Вытворчасць, якая складае хай і невялікую частку эканомікі, актыўна развіваецца — павялічваецца больш чым на 10% у год. Тым часам на сельскую гаспадарку за гэты перыяд, паводле даных Міжнароднага навукова-даследчага інстытута харчовай палітыкі, прыпадала 3,6% штогадовага росту. Сярод важных экспартных пазіцый — кава. Гэтая культура — гонар Эфіопіі. Тут распрацаваны цэлыя рытуалы накшталт кітайскіх чайных цырымоній — ад абсмажвання кававых зярнят да дэгустацыі напою. У краіне вырабляюць толькі арабіку, у прыватнасці гатункі «джымі» і «харарэ». Эфіопская кава расце на вышынях ад 1100 да 2100 метраў над узроўнем мора. Эфіопія — адзін з асноўных вытворцаў кавы ў свеце і ў Афрыцы (больш за 20% кантынентальнага збору). Згодна з легендай, першаадкрывальнікам унікальных уласцівасцяў кававага дрэва стаў эфіопскі пастух Калдзім прыблізна ў 850 годзе. З Эфіопіі кававы напой распаўсюдзіўся па ўсім Блізкім і Сярэднім Усходзе. Да XІX стагоддзя гэтую культуру ўпадабалі ў Італіі, Інданезіі і Амерыцы.

Сярод найбольш перспектыўных галін эфіопскай эканомікі — турызм. Нездарма вядомае міжнароднае выдавецтва «Lonely Planet» паставіла гэтую краіну на першае месца ў дзясятцы найлепшых сусветных турыстычных напрамкаў мінулага года. Найбагацейшая гісторыя і старажытная культура, каўчэг Старога Запавету і адзіныя ў Афрыцы замкі імперскіх гарадоў, нацыянальныя паркі і астраўныя манастыры монафізітаў — усё гэта Эфіопія. Тут жыццё настолькі цесна знітаваная з гісторыяй, што падзеі біблейскіх часоў здаюцца зусім блізкім мінулым. Дарэчы, у Старым Запавеце згадваецца, што адна з рэк, што дасягала Раю, працякала менавіта па землях эфіопаў.

Тысячы турыстаў кожны год з'язджаюцца паглядзець, як праваслаўныя жыхары праводзяць святочныя абрады ў высечаных у скале цэрквах (вельмі адметна тут праходзяць Раство і Хрышчэнне). Акрамя экскурсійнага турызму ў Эфіопіі развіты лячэбны. Тут размешчана мноства мінеральных крыніц, галоўным чынам у цэнтры краіны. Адметна, што ў Эфіопіі быў адкрыты першы ў Афрыцы пяцізоркавы гатэль. Апошнім часам урад краіны ўсё больш актыўна падтрымлівае развіццё турызму.

Праект Х

Павышэнне ўзроўню адукацыі насельніцтва, палепшаная інфраструктура і інвестыцыі з Кітая даюць Эфіопіі шанц заняць сваё месца сярод самых яркіх гісторый развіцця краін у свеце. Колькасць дзяцей, якія прымаюцца ў пачатковыя школы, вырасла з 20 да 90 працэнтаў. Уладам удалося падвоіць агульную даўжыню дарог і ў чатыры разы павялічыць колькасць вырабленай энергіі. Прычым стаўка робіцца на аднаўляльныя крыніцы. Гэты рэгіён характарызуецца адным з самых высокіх паказчыкаў вулканічнай актыўнасці на Зямлі. У Эфіопіі больш за 60 вулканаў. Некаторыя з іх актыўныя і дагэтуль. Вулкан — эквівалент некалькіх мільёнаў сонечных батарэй або, у сярэднім, прыкладна 500 ветравых турбін. Агульны нявыкарыстаны рэсурс спецыялісты ацэньваюць у 10 ГВт. Падобная мадэль электрыфікацыі — сапраўдны цуд для Эфіопіі: яна не толькі мінімальна забруджвае навакольнае асяроддзе, але і на самай справе можа забяспечыць электрычнасцю ўсё мясцовае насельніцтва і дапамагчы людзям вырвацца з галечы.

У актыўнай распрацоўцы і гідрарэсурсы. ГЭС Grand Ethіopіan Renaіssance Dam (у Эфіопіі яе коратка называюць «Хідасэ» — на мясцовай амхарскай мове «адраджэнне», а ў міжнароднай публіцыстыцы — «Праект Х») будзе больш магутная, чым Саяна-Шушанская ГЭС у Расіі, што само па сабе характарызуе маштабы аб'екта і амбіцыі будаўнікоў. Агульны каштарысны кошт падбіраецца ўжо да 10 млрд эфіопскіх быр (5 млрд долараў) — амаль 10% ВУП краіны. Для Эфіопіі «Хідасэ» ператварыўся ў нешта накшталт нацыянальнай ідэі. «Плаціна, якую мы будуем, уваходзіць у лік мегапраектаў не толькі Афрыкі, але і ўсяго свету, становячыся крыніцай нашага нацыянальнага гонару», — заўважыў прэм'ер-міністр краіны Хайлемарыям Дэсалень. Ад беднай дзяржавы такі маштабны інфраструктурны праект запатрабаваў непамернага напружання сіл. Каля двух мільярдаў долараў уклалі кітайскія банкі, а астатнюю суму эфіопы, зацягнуўшы паясы, нейкім чынам прымудрыліся набраць самі з пэўным удзелам Афрыканскага банка развіцця.

Разведачныя і праекціровачныя работы праводзіліся амерыканцамі ў 2010 годзе ў сітуацыі найстражэйшай сакрэтнасці (адсюль і «Праект Х»), а тэндар на будаўніцтва выйграла італьянская фірма Salіnі Costruttorі. Аднак усе выдаткі абяцаюць акупіцца шматкроць, што зробіць Эфіопію другім на кантыненце вытворцам электраэнергіі пасля ПАР і выведзе яе ў галоўныя рэгіянальныя гульцы, у тым ліку і ў палітычным плане, адкінуўшы назад ранейшага безумоўнага лідара — Егіпет.

За эфіопаў уступіліся ўсе афрыканскія краіны на поўдзень ад яе, бо разлічваюць атрымліваць танную электраэнергію ад «Праекта Х» — Танзанія, Кенія, Руанда, Уганда і Бурундзі. Пасля да гэтай кааліцыі таксама падключыліся Паўднёвы Судан і Джыбуці, якія фармальна не ўваходзяць у басейн Ніла, але таксама спадзяюцца на танны энергарэсурс. Егіпет апынуўся ў ізаляцыі. Ад яго стаў адварочвацца нават Судан, на мяжы з якім эфіопы і ўзводзяць гіганцкую плаціну. Хартум у аднабаковым парадку адмяніў «Стратэгічны пакт» з Каірам, які шмат у чым дубляваў каланіяльныя пагадненні, за што Адыс-Абеба паабяцала ўзвесці на тэрыторыі Судана «контрплаціну» і падзяліцца прыбыткам.

Даследаванне, праведзенае Цэнтрам глабальнага развіцця, аналітычным цэнтрам ЗША, паказала, што Эфіопія, хутчэй за ўсё, стане «новым Кітаем» у Афрыцы. Павышэнне ўзроўню адукацыі насельніцтва, развіццё інфраструктуры і інвестыцыі з Кітая даюць Эфіопіі шанц заняць пачэснае месца сярод самых яркіх гісторый развіцця краін у свеце. Пры гэтым афрыканская дзяржава сутыкаецца з цэлым шэрагам праблем. Напрыклад, апошнім часам абвастрылася канфрантацыя паміж народнасцю арома і этнічнымі самалійцамі на паўднёвым усходзе краіны. Калі Эфіопія зможа пераадолець палітычную нестабільнасць, эканамічныя магчымасці, лічаць эксперты, будуць велізарныя.

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Дзейны прэзідэнт Егіпта Абдэль Фатах ас-Сісі атрымаў падчас галасавання на выбарах кіраўніка дзяржавы каля 22 мільёнаў галасоў выбаршчыкаў — 97 % ад агульнай колькасці тых, хто прагаласаваў. Аб гэтым заявіў старшыня цэнтральнай выбарчай камісіі Лашын Ібрагім. Такім чынам, ас-Сісі зноў зойме прэзідэнцкае крэсла на наступныя чатыры гады. Новаабраны прэзідэнт Егіпта прынясе прысягу перад Палатай прадстаўнікоў у пачатку чэрвеня, пасля чаго пачнецца адлік яго другога тэрміну. Што адбываецца ў адной з ключавых краін Чорнага кантынента?


Ісламісты і вайскоўцы

Унутраная палітыка Арабскай Рэспублікі Егіпет вызначаецца яе эканамічнымі перавагамі. Зараз найбольшыя паступленні ў казну дзяржавы забяспечваюць плацяжы за права праходу суднаў па Суэцкім канале. На другім месцы — турызм, які атрымаў у апошнія гады асаблівы статус у краіне. На трэцім месцы — здабыча нафты і газу. Такім чынам, унутраная палітыка краіны арыентавана перш за ўсё на падтрыманне і развіццё бюджэтаўтваральных кірункаў. Кампаніі, што ствараюцца ў Егіпце для інвестыцый, напрыклад, у турбізнесе, атрымліваюць важкія падатковыя льготы. У краіну дазволены ўвоз любой валюты ў неабмежаванай колькасці.

Заахвочваюцца інвестыцыі замежных кампаній у нерухомасць. Пры ўсім гэтым Егіпет трыццаць гадоў фактычна быў краінай аднаго кіраўніка. Прэзідэнтам рэспублікі з 1981-га з'яўляўся нязменны Хосні Мубарак. Палітыка, якую ён праводзіў, на працягу дзесяцігоддзяў не выклікала актыўнага пратэсту большасці насельніцтва. Мубарака зрынула хваля народнага гневу ў ходзе «арабскай вясны». Прэзідэнт падаў у адстаўку пасля 18 дзён дэманстрацый і агульнанацыянальнай забастоўкі.

У выніку ў лютым 2011-га ўлада перайшла да вайскоўцаў, традыцыйных захавальнікаў стабільнасці ў дзяржаве. 16 чэрвеня 2012 года ў краіне прайшлі выбары — пераможцам аказаўся стаўленік умеранай ісламісцкай групоўкі «Браты-мусульмане». Ісламісты падтрымалі Мурсі, аднак грамадства ў цэлым аказалася расколатае. Улада новаабранага прэзідэнта аказалася нетрывалай — у лістападзе 2012-га ён выдаў указ, які надзяляе яго практычна неабмежаванай уладай у імя абароны рэвалюцыі. Сам кіраўнік адзначаў, што мае на мэце абарону Устаноўчага сходу, які павінен быў напісаць краіне новую канстытуцыю. У чэрвені 2013-га, у гадавіну прыходу Мурсі да ўлады, шматмільённыя маршы вымусілі ваенных умяшацца. Генерал Абдэль Фатах ас-Сісі прад'явіў Мурсі ўльтыматум і запатрабаваў вырашыць супярэчнасць з пратэстоўцамі на працягу дваіх сутак. Ваенныя дэ-факта ўзялі ўладу ў свае рукі, прэзідэнт-ісламіст быў зрынуты.

Цяжкія рэформы

У студзені 2014-га краіна прыняла новую канстытуцыю — за яе прагаласавалі 98 працэнтаў выбаршчыкаў. Праз паўгода ас-Сісі, фактычна кіруючы краінай на той момант, выйграў прэзідэнцкія выбары. Людзі чакалі ад прыходу ваенных нармалізацыі сітуацыі ў краіне і стабільнасці. Ас-Сісі абвясціў «перыяд цяжкай працы» — ён заклікаў суграмадзян уставаць у пяць раніцы і аддаваць працы ўсе сілы. Ён ахвяраваў у бюджэт палову сваёй маёмасці, многія чыноўнікі і бізнесмены ўзялі з яго прыклад. 140 мільёнаў долараў выдзеліла армія. Краіна пачала балючыя эканамічныя рэформы — інфляцыя падскочыла да 34 працэнтаў, аднак ас-Сісі растлумачыў: кароткі перыяд нягод забяспечыць эканамічны росквіт у будучыні. Прэзідэнт таксама абвясціў рэформу і мадэрнізацыю ісламу. Ён прапанаваў выключыць з падручнікаў рэлігійных школ заклікі да гвалту і ўслаўленне жорсткасці. Прэзідэнт нават прыехаў на калядную імшу ў хрысціянскі храм і пажадаў вернікам шчаслівых Калядаў.

Былы прэзідэнт Мурсі ў гэты час быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Прысуд потым адмянілі. Зараз Мурсі сядзіць у турме. Тым не менш дагэтуль Егіпет узрушваюць тэракты. У 2015-м, напрыклад, начыненая выбухоўкай машына ўзарвалася на шляху картэжа пракурора Хішам Бараката. Чыноўнік загінуў. Армія краіны вядзе безвыніковую барацьбу з ісламістамі Сінайскага паўвострава, раз'юшанымі звяржэннем Мурсі. Мясцовыя тэрарысты прысягнулі на вернасць баевікам «Ісламскай дзяржавы» і прынялі назву «Вілаят Сінай». Менавіта яны заклалі бомбу на борт расійскага пасажырскага самалёта A321, з-за выбуху якой загінулі 224 чалавекі. Баевікі не шкадуюць ні хрысціян-коптаў, ні нават братоў па веры. 24 лістапада 2017 года яны напалі на мячэць эр-Роўд у ваколіцах горада Арыш. Тады былі забітыя больш за 300 чалавек. Цяжкая абстаноўка з бяспекай падарвала турыстычную галіну: калі да «арабскай вясны» ў Егіпет прыязджалі да 15 мільёнаў турыстаў штогод, то сёння ад паездак у краіну пірамід перасцерагаюць улады шэрагу дзяржаў.

Два дзіцяці на сям'ю

Егіпет з'яўляецца самай населенай дзяржавай на Блізкім Усходзе і другой па колькасці насельніцтва на афрыканскім кантыненце. Паводле апошніх даных, тут пражывае амаль 95 мільёнаў чалавек. Яшчэ дзевяць мільёнаў егіпцян знаходзяцца за мяжой. Насельніцтва хутка павялічвалася ў перыяд з 1970 па 2010 год у сувязі з дасягненнямі ў медыцыне і павышэннем прадукцыйнасці сельскай гаспадаркі, так званай зялёнай рэвалюцыі. Пры ўварванні Напалеона ў 1798 годзе колькасць жыхароў Егіпта налічвала ўсяго тры мільёны, у 1939-м — 16,5 мільёна. Насельніцтва сканцэнтравана ўздоўж і ў дэльце ракі Ніл (у прыватнасці, у Каіры і Александрыі), а таксама паблізу Суэцкага канала.

Летась міністр аховы здароўя і народанасельніцтва Егіпта Ахмед Імада эд-Дзін і міністр мясцовага развіцця Мухамед Хішам аш-Шэрыф абвясцілі аб запуску стратэгічнага плана па кантролі за нараджальнасцю пад назвай «Развіццё Егіпта: толькі два дзіцяці на сям'ю». Як адзначыў кіраўнік міністэрства аховы здароўя, змагацца з рэзкім прыростам насельніцтва перш за ўсё неабходна з дапамогай павышэння ўзроўню адукаванасці, працаўладкавання жанчын і прадухілення ранніх шлюбаў. Паводле яго слоў, «кантрацэпцыя — апошняе, на што варта спадзявацца пры рэалізацыі гэтай стратэгіі». Рэлігійныя ўстаноўкі, на яго думку, «таксама адыграюць важную ролю ў працэсе павышэння ўзроўню праінфармаванасці насельніцтва».

У 2005 годзе ўзровень нараджальнасці ў Егіпце складаў у сярэднім 2,5 дзіцяці, а цяпер ён вырас да 3,5. «Альбо прырост насельніцтва і далей будзе разбураць Егіпет, альбо мы вырашым гэтую праблему», — заявіў Ахмед Імада эд-Дзін. Насельніцтва Егіпта штогод павялічваецца больш чым на два мільёны чалавек. Як адзначыў міністр мясцовага развіцця, калі прырост працягнецца такімі ж тэмпамі, праз тры гады ўрад Егіпта будзе абавязаны забяспечыць насельніцтва 20 тыс. дзіцячых садоў, праз шэсць гадоў — 100 тыс. школ, а праз 25 гадоў — дадатковымі двума мільёнамі працоўных месцаў. Раней у шэрагу рэгіёнаў Егіпта дзейнічалі праграмы бясплатнага распаўсюджання сродкаў кантрацэпцыі, але, як правіла, па рэлігійных меркаваннях шмат хто адмаўляецца ад удзелу ў іх. Для Каіра нормай лічыцца два — чатыры дзіцяці на сям'ю, для больш бедных сельскіх раёнаў — ад шасці і вышэй.

На першы погляд, дзяржаўная палітыка па скарачэнні нараджальнасці ў мусульманскай краіне (больш за тое — у адным з цэнтраў мусульманскага свету) — нерэальная задача. Аднак варта ўлічваць той факт, што галоўным ініцыятарам гэтай праграмы ў Егіпце сталі не два міністры, а асабіста прэзідэнт Абдэль Фатах ас-Сісі. Гэта ён забіў трывогу, калі атрымаў лічбы штогадовага прыросту насельніцтва краіны на 2,5 мільёна чалавек. Прэзідэнт Егіпта паставіў пагрозу росту насельніцтва ў адзін шэраг з пагрозай тэрарызму. «Дзве галоўныя праблемы, якія стаяць перад нашай дзяржавай, — тэрарызм і рост насельніцтва. Гэтыя праблемы значна абцяжарваюць наш рух наперад», — сказаў ён. Характэрна, што гэтая заява была зроблена менавіта на маладзёжным форуме. Матывацыя ас-Сісі выключна эканамічная. Чыста матэматычныя падлікі егіпецкага ўрада такія: калі скараціць нараджальнасць хоць бы да 2,4 мільёна ў год, то да 2030-га ўдасца сэканоміць да 11 мільярдаў долараў.

Універсітэт аль-Азхар — найбуйнейшая ў суніцкім свеце мусульманская навучальная ўстанова, абсалютны аўтарытэт для ўсіх мусульман не толькі ў Егіпце, нечакана падтрымаў ініцыятыву свецкай улады. Ён апублікаваў фетвы, у якіх сказана, што іслам у прынцыпе не забараняе планаванне сям'і.

Суэц і новая сталіца

За свой першы прэзідэнцкі тэрмін ас-Сісі многае зрабіў: будаваў дарогі, жыллё, электрастанцыі, мацаваў абарону. Сярод маштабных праектаў — пашырэнне Суэцкага канала, стварэнне новай сталіцы. У шэрагу дасягненняў ас-Сісі — дамоўленасці з Саудаўскай Аравіяй і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі аб істотнай фінансавай падтрымцы, шмат у чым дзякуючы поспехам у барацьбе супраць «Братоў-мусульман». Аднак усё роўна трэба было залазіць у даўгі да МВФ, які выдзеліў Егіпту 21 млрд долараў на даволі жорсткіх умовах. У выніку егіпцянам прыйшлося зноў зацягваць паясы.

Увогуле, ас-Сісі ўступае ў свой другі прэзідэнцкі тэрмін у няпростых для Егіпта ўмовах. «Ён робіць фантастычную працу ў вельмі складанай сітуацыі», — так сказаў пра кіраўніка Егіпта прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля іх сустрэчы ў мінулым годзе ў Вашынгтоне. Як заявіў «Коммерсанту» афіцыйны прадстаўнік МЗС Егіпта Ахмед Абу Зейд, падчас свайго першага тэрміну прэзідэнту краіны ўдалося актывізаваць адносіны з усімі замежнымі партнёрамі краіны. З тым, што Каір вяртае сабе пазіцыі на Блізкім Усходзе, згодныя і іншыя эксперты. Зрэшты, знешнепалітычных партнёраў Егіпта прэзідэнт цалкам задавальняе як узважаны і моцны палітык, які вядзе непрымірымую барацьбу з тэрарызмам. Аднак для павышэння ўзроўню бяспекі ў краіне яшчэ неабходна прыкласці шмат намаганняў. Дарэчы, наколькі гэта складана, паказвае беспрэцэдэнтная ваенная аперацыя на Сінайскім паўвостраве. Перамагчы тэрарыстаў да выбараў, як меркаваў ас-Сісі, не ўдалося.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Варыянты для Абісініі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».