Пра насельніка Свята-Мікольскага манастыра архімандрыта Саву (Мажуку), які вядзе праграму «Свет невячэрні» на тэлеканале «Саюз», піша кнігі і выкладае ва ўніверсітэце, ведала і раней, а вось асабіста пазнаёміцца давялося толькі падчас сумеснай з калегамі «звяздоўскай» вандроўкі па Гомельскай вобласці. Крыху стаміўшыся ад наведвання мясцовых прыгажосцяў, прыйшлі падзарадзіцца ў манастыр. І сапраўды, стому як рукой зняло. За варотамі зусім іншая рэальнасць.
9 манахаў і 12... катоў
Уладанні невялікія, але ўсё, што трэба для манастырскага жыцця і богаслужэнняў, тут ёсць — два храмы, тры званіцы (у тым ліку дзіцячая), брацкі корпус, трапезная, бібліятэка, кніжная крама. А яшчэ маецца свая тэлестудыя, дзе робяцца запісы для праваслаўнага канала і відэаролікі для Ютуба. Няма толькі гасцініцы, дзе маглі б часова прыпыніцца вандроўныя паломнікі. «Самім месца ледзь хапае», — усміхаецца бацюшка.
Нам пашчасціла апынуцца ў Гомелі напярэдадні навагодніх свят, адпаведны настрой адчуваўся і тут. Аб набліжэнні Каляд нагадваў матэрыялізаваны з адмысловага матэрыялу старазапаветны сюжэт з нараджэннем Хрыста — зробленыя з дрэва «яслі», выявы Багародзіцы, Іосіфа, пастухоў, якія прыйшлі пакланіцца Богачалавеку... Крыху далей вялікая ўпрыгожаная самаробнымі цацкамі ёлка. А бачылі б вы, з якім абыякавым выглядам па манастырскім двары гуляюць каты! Тут для іх наогул рай. Нават не звяртаюць увагі на наведвальнікаў. Мяўкаючыя чатырохногія з'яўляюцца ў манастыры пастаянна, і спробы тутэйшых насельнікаў знайсці ім гаспадароў не заўсёды заканчваюцца поспехам.
— Вось так і жывём — 9 манахаў і 12 катоў, — смяецца айцец Сава.
Вяртанне страчанага
Манастыру ўсяго крыху за 20 гадоў, а вось Мікольскі храм з'явіўся нашмат раней — у 1904 годзе. На яго лёс выпала шмат выпрабаванняў. На ўваходзе на вочы трапляе памятная шыльда з імёнамі свяшчэннікаў, расстраляных у ноч
на 1 лістапада 1937 года.
— Нядаўна мы знайшлі імя першага настаяцеля нашага храма айца Данііла Акіншэвіча, — кажа бацюшка. — Яго таксама расстралялі ў 1937 годзе. У архіве КДБ знаходзіцца яго расстрэльная справа, мне даводзілася з ёй працаваць. А пазалетась нам патэлефанаваў адзін грамадзянін і сказаў, што калі разбіраў архівы дзядулі, наткнуўся на папку з паперамі — дзённік айца Пятра Рыло. Уяўляеце: запісы знайшліся 1 лістапада, у дзень яго расстрэлу. Частка дзённіка ўжо апублікавана. Інфармацыя ўнікальная, прысвечаная Першай сусветнай вайне. Пётр Рыло быў палкавым свяшчэннікам, і ў яго ёсць апісанні першых дзён вайны, развіцця падзей у Гомелі. Ён тут служыў у 20-х гадах. Вельмі цікавы чалавек.
Храм пацярпеў ад савецкай улады не меней, чым людзі. З 1929 года па 1941-ы ў ім знаходзілася школа. На першым паверсе размяшчалася спартзала, наверсе класы. Частку званіцы знеслі.
— Беларусь была аб'яўлена самай атэістычнай рэспублікай Савецкага Саюза, — кажа манах. — Да 1939 года на яе ўсходняй тэрыторыі закрылі ўсе без выключэння культавыя будынкі. Не засталося ніводнага свяшчэнніка або епіскапа. Мікольскі храм быў вельмі знявечаны, яго нават планавалі знесці. Але пачалася вайна, і яго вярнулі вернікам.
Як Святы Мікалай сям'ю выратаваў
Адна з галоўных манастырскіх святыняў — абраз Свяціцеля Мікалая, падораны архіепіскапам Гомельскім і Мозырскім Арыстархам (Станкевічам) у 90-я гады, і часціца мошчаў святога. Свяціцеля Мікалая ведаюць як заступніка падарожнікаў, а за звычай дапамагаць людзям параўноўваюць з Дзедам Марозам. Айцец Сава расказаў яшчэ адну цудоўную гісторыю пра гэтага святога.
— З 1949 па 1958 год настаяцелем Мікольскага храма быў Ігар Базілевіч. Вельмі адукаваны чалавек, выпускнік Варшаўскага ўніверсітэта, магістр тэалогіі, сур'ёзна захапляўся фота. Мая настаўніца расказвала, што з сяброўкамі ў юнацтве бегала ў храм паглядзець на прыгожага бацюшку. Ён сапраўды быў вельмі эфектны, чарнявы, статны. І — вельмі моцны прапаведнік. Змог стварыць тут цікавую абшчыну. Гэта быў не проста прыход, а менавіта сям'я. Ён шмат працаваў, каб аднавіць храм. Пры ім ён двойчы быў распісаны, тут тройчы мяняўся іканастас. Спачатку быў сабраны з таго, што вярнулі вернікі, потым часова карысталіся іканастасам закрытай тады Георгіеўскай царквы. Цяперашні быў зроблены ўжо спецыяльна для гэтага храма. Як мне потым расказала яго дачка, галоўнай цяжкасцю было знайсці майстра роспісу па пазалоце. Аднойчы прыйшоў чалавек, які сказаў: «Я зраблю ўсё, што трэба, прычым бясплатна». Хутка высветлілася, адкуль узялася такая шчодрасць. Пасля вайны ў Гомелі было вельмі голадна, а сям'я ў майстра вялікая, дзяцей трэба карміць. І, каб не бачыць, як яны пакутліва гінуць, ён сабраўся рашыць праблему кардынальна: атруціць дзяцей, жонку і самога сябе. І вось сніцца яму сон: сівы прыгожы стары загадвае не рабіць тое, што ён задумаў, а пайсці па канкрэтным адрасе і купіць там ікону. «Купіш — выжывеш», — паабяцаў старац і знік. Мужчына пайшоў і сапраўды за сімвалічную плату яму прадалі ўбогі абразок — цёмны, маленькі. Дома ён зняў чорны ад сажы аклад і абамлеў — гэта ж чыстае золата. На грошы, выручаныя за каштоўны метал, сям'я і жыла. Мужчына быў упэўнены, што жыццё яму выратаваў святы Мікалай.
Яшчэ адна вельмі ўшанаваная святыня храма — спіс іконы Маці Божай Казельчанскай, падораны апошняй ігуменняй Казельчанскага манастыра матушкай Феафаніяй. Яна памерла ў канцы 1960-х, а перад смерцю перадала цудадзейны абраз настаяцелю Свята-Мікольскага храма айцу Анатолю.
— Ёй моляцца аб сямейным шчасці, — удакладняе бацюшка. — Вунь дары тых, чые малітвы былі пачутыя...
Ікона размешчана над царскімі дзвярыма, і айцец Сава спецыяльна апускае яе, каб мы змаглі да яе прыкласціся і папрасіць Божую Маці аб чымсьці сваім, асабістым.
«Звяздоўскі» звон
З айцом Савам дакладна не засумуеш. Ён любіць бянтэжыць рознымі прымаўкамі і прыслоўямі. Не адразу разумееш, дзе ён жартуе, а дзе кажа праўду. Вось і зараз змоўніцкім тонам прапануе схадзіць на званіцу. Мы, зразумела, за. Падымаемся па вінтавой лесвіцы ў прадчуванні яшчэ чагосьці вельмі захапляльнага.
— Зараз паслухаем, як гучыць Благавест, — кажа свяшчэннік і бярэцца за вяроўку. Густы дрыжачы бас скаланае наваколле і напаўняе прыемнай вібрацыяй цела. Ён націскае педаль і рознакаліберныя званы пачынаюць пераклікацца паміж сабой, складаючыся ў гарманічную ўзнёслую мелодыю.
Кожнаму хочацца паспрабаваць. «На якую педальку націскаць?» — пытаемся ў бацюшкі. «Тут усё проста, — смяецца ён. — Счапленне, тормаз».
— А праўда, што жанчынам дазваляецца званіць толькі на Вялікдзень, — спрабую прадэманстраваць сваю, як мне здаецца, дасведчанасць.
— Толькі па горадзе забаронена, — усміхаецца бацюшка, намякаючы на тэлефон. — Таму што доўга размаўляеце.
Усе смяюцца. А айцец Сава зноў інтрыгуе: «У нас якраз звоняць жанчыны. Яны манастырскія, выхаваныя ў глыбокай строгасці. Ніколі не бачылі мабільных тэлефонаў і не абразалі пазногцяў». Потым ужо сур'ёзна дадае: «Насамрэч гэта звычайныя прыхаджане, якія проста жадаюць гэтым займацца».
Пад заступніцтвам святога Дыянісія
Яшчэ адзін храм Мікольскага манастыра пабудаваны ў гонар святога Дыянісія Раданежскага. Ён прызначаны для хрышчэння. Унутры цёпла і ўтульна — па баках ад іканастаса дзве печкі, абкладзеныя кафляй аж з Піцера. Пасярэдзіне купель для нованароджаных. Храм, дарэчы, пабудаваны на сродкі беларускіх нафтавікоў, выглядае багата. Іканастас напісаны ў Данілавым манастыры. А вось іконы па баках — веткаўскага пісьма. «Наш былы настаяцель быў са старавераў», — удакладняе айцец Сава.
— А як вы ставіцеся да стараверства? — пытанне само зрываецца з вуснаў.
— Я ўзяў сабе за правіла пасля 40 гадоў нічога не абагульняць, — адказвае ён. — Мне ў першую чаргу цікавы чалавек. Сярод старавераў у мяне былі і добрыя знаёмыя, і не вельмі. Як і сярод праваслаўных, каталікоў і прадстаўнікоў іншых канфесій. Мне цікавы змест, а не форма. Калі кажуць, што абрад выратавальны — гэта поўны абсурд. З таго, што я правільна кладу паклоны, не выцякае, што я добры чалавек. Стараверства мне цікава як з'ява культуры або гісторыі. У мяне ёсць сябры нават сярод атэістаў. Мы сябруем і знаходзім агульную мову.
Айцец Сава наогул незвычайны манах. Яго цікавіць усё — культура, гісторыя, філасофія, жыццё ва ўсіх яго праявах. Ён сыпле імёнамі, назвамі, цытатамі. І так хочацца даведацца, што ён думае пра пытанні, якія хвалююць кожнага з нас. Чаму становяцца манахамі? Ці ёсць надзея на моладзь? Або, напрыклад, як ён ставіцца да экуменізму? Спрэчкі на гэтую тэму вядуцца бясконца.
— Адмоўна, — адразу становіцца ён сур'ёзным. — Рэлігія — гэта культурная ўніверсалія. Спроба ўсіх аб'яднаць закончыцца стварэннем яшчэ адной рэлігіі. Людзі традыцыйнай культуры, кансерватары ніколі гэтага не прымуць. Тут зноў жа галоўнае не форма, а змест. І атэізм можа быць рэлігійным, і філасофія таксама. Калі вы з дапамогай формы жадаеце памірыць людзей, нічога не атрымаецца. Але такіх спроб было шмат. Піфагарэйскія абшчыны на Сіцыліі існавалі яшчэ ў VІ стагоддзі да нараджэння Хрыстова. Яны былі цалкам арганізаваныя, як манастыры.
— Але ж сённяшняе пакаленне наогул жыве, здаецца, не задумваючыся, ім нічога не цікава, акрамя саміх сябе...
— Гэта ўсё няпраўда. Мы зноў усё абагульняем і памыляемся. Як было б сумна, калі б маладыя былі аднолькавыя. Меней за ўсё пра дзяцей ведаюць бацькі. Адна знаёмая расказвала, што да яе ў сацыяльных сетках «дадалася» маці. Убачыла зробленае ёй фота і першы раз за ўсё жыццё пахваліла. Калі ёсць пытанні да дзяцей, гэта праблема не з імі, а з іх бацькамі. А наконт веры — тут ніколі не трэба фарсіраваць. Прыйдзе час, чалавек паспее сам. Мяне радуюць мае студэнты, вучні. Яны больш спакойныя, чым «перабудовачнае» пакаленне. Больш раскаваныя, глядзяць шырэй на рэчы. Яны проста іншыя. Гэта пакаленне, якое сябе яшчэ пакажа.
Пытанняў усё яшчэ шмат, але час бяжыць несупынна і трэба ісці. Напаследак заходзім у кніжную краму. Хочацца, каб хоць нешта яшчэ, акрамя ўспамінаў, нагадвала аб гэтай сустрэчы. І — грэла.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Два дні былі насычаны ўнікальнымі выставамі, карыснымі праектамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».
Галоўная мэта дзяржавы сёння — інтэграваць чалавека з інваліднасцю ў грамадства.