Вы тут

Дырэктар музея Кузьмы Чорнага — пра славутага земляка


Даўно марыла пабываць у Літаратурным музеі Кузьмы Чорнага, што ў вёсцы Цімкавічы Капыльскага раёна. Такая магчымасць надарылася падчас чарговай камандзіроўкі.


Людміла Ніжэвіч спяшаецца на работу.

— Музей пабудаваны ў 1962 годзе настаўнікамі і вучнямі Цімкавіцкай сярэдняй школы пад кіраўніцтвам былога дырэктара школы, заслужанай настаўніцы БССР Зінаіды Раманенкі, — расказала дырэктар установы Людміла Ніжэвіч. — Спачатку ён быў школьны, а ў 1993 годзе яму нададзены статус дзяржаўнага і створана новая экспазіцыя. Яна размешчана ў пяці залах і ўсебакова раскрывае творчую асобу Кузьмы Чорнага — празаіка, публіцыста, драматурга, памфлетыста.

Да 110-годдзя класіка быў праведзены фотапленэр, вынікам якога стала фотавыстаўка «Родныя мае мясціны...», якая арганічна ўпісалася ў агульную канцэпцыю музея.

— Скіп'ёўскі лес. Любімы лес Мікалая Раманоўскага. Дарэчы, у апошнія гадзіны свайго жыцця Кузьма Чорны пісаў пра свой лес. Аповесць «Скіп'ёўскі лес» так і засталася незавершаная, — расказала Людміла Ніжэвіч. — Сюды маленькі Коля часта хадзіў са сваім дзедам Міхалам Парыбкам-Чорным, які расказваў і паказваў, як хвоі гамоняць, як паўзе жучок, як травінка да травінкі хіліцца. Адсюль у хлопчыка з дзяцінства любоў да прыроды, апісанне якой яму вельмі ўдавалася пазней у творах. Паводле ўспамінаў знакамітага паэта Міколы Хведаровіча, які таксама вучыўся ў Цімкавічах, разам з Мікалаем у цёплы вясновы дзень спускаліся яны ўздоўж Радзівілаўскага парку да рачулкі Мажы, садзіліся ў човен і плылі рыбачыць. Лавілася рыба ці не, а вялася размова, як цяжка жывецца простаму чалавеку.

На іншым фотаздымку Бушылаўская крынічка. Па дарозе ў Скіп'ёўскую царкву яны з маці тут прыпыняліся, каб адпачыць, напіцца вады. І гэтае месца для хлопчыка стала блізкае і дарагое. Дарэчы, і цяпер цімкаўляне бяруць тут ваду.

Кірмашовая плошча са званіцай, капліцай. Калісьці Мікалай любіў прыходзіць на рынак, што тут месціўся, размаўляў з землякамі, якія потым пазнавалі сябе ў яго творах.

— Кузьма Чорны рос і гадаваўся сярод простых людзей фізічнай працы, для якіх кавалак хлеба і палатняная кашуля адна на год лічыліся вялікім шчасцем. З гэтымі людзьмі ён быў звязаны ўсім сваім жыццём і творчасцю, — канстатуе Людміла Іосіфаўна. — На вуліцы Капыльскай захавалася хата, якая таксама звязаная з жыццём будучага пісьменніка. Мікола добра вучыўся, і настаўнік рыхтаваў яго да паступлення ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Маці, сабіраючы сына ў дарогу, паклала ў дзежачку гуркі, хлеб і кавалачак сала, якое пазычыла ў сваіх суседзяў Касікоўскіх.

— У музеі зроблены экспазіцыйны комплекс вясковай хаты. Нарадзіўся будучы пісьменнік у Борках, але там школы не было. А маці вельмі хацела, каб сын вучыўся. Калі Колю споўнілася восем гадоў, сям'я пераехала ў мястэчка Цімкавічы і сын пайшоў у двухкласнае вучылішча. Вось так выглядала хата, дзе жыў маленькі Мікалай, — паказвае Людміла Ніжэвіч. — Цімкавічы — былое ткацкае мястэчка. Многія не ведаюць, але раней ткачамі былі толькі мужчыны. І дзяды Кузьмы Чорнага былі ткачамі, і бацька. Выдатна ткала і маці. На стале ляжыць абрус, вытканы яе рукамі.

Рэдкае Слуцкае Евангелле – каштоўны экспанат.

Галоўны атрыбут экспазіцыі гэтай залы — кросны. Бадай, што ў кожным этнаграфічным музеі ёсць яны. Аднак адрозненне музея Кузьмы Чорнага ў тым, што тут любы ахвотны можа паспрабаваць саткаць свой радок і такім чынам пакінуць памяць аб сабе.

— Канвой мастацкага афармлення залаў сталі малюнкі пісьменніка, якія арганічна спалучаюцца з дакументальнай часткай экспазіцыі і дапамагаюць эмацыянальна раскрыць свет перажыванняў аўтара, — працягвае мая суразмоўца. — У залах музея можна ўбачыць асабістыя рэчы Кузьмы Чорнага, фотаздымкі з сямейнага альбома, яго рукапісы і кнігі на розных мовах свету, прачытаць радкі з дзённіка, а таксама пачуць яго голас, зафіксаваны на магнітнай стужцы.

У музеі сабраны не толькі матэрыялы з жыцця сусветна вядомага пісьменніка, але і сведчанні яго багатай творчай спадчыны. Артыкул, упершыню падпісаны псеўданімам К. Чорны — «На граніцы» 1923 года, першыя «маладнякоўскія» зборнікі, фотаздымкі з аб'яднання «Узвышша». Тут жа можна прачытаць артыкулы і рэцэнзіі літаратурных крытыкаў на яго творы. Таксама раскрываецца Кузьма Чорны як перакладчык. Менавіта ён перакладаў літаратурныя творы з рускай і польскай моў на беларускую для тэатра. Кузьма Чорны любіў тэатр, удзельнічаў у драматычным гуртку. Напісаная ім п'еса «Бацькаўшчына» з поспехам ішла ў тэатры імя Янкі Купалы і атрымала шмат добрых водгукаў і рэцэнзій. Станоўча адзначылі п'есу і ў Маскве падчас гастроляў тэатра. Галоўнага героя Леапольда Гушку выконваў Уладзімір Уладамірскі.

Для папулярызацыі твораў Кузьмы Чорнага пры музеі працуе тэатральная студыя «Іскрынка». Яе ўдзельнікі — людзі самых розных узростаў і прафесій — ад рабочых да работнікаў культуры. З задавальненнем у пастаноўках удзельнічаюць моладзь, дзеці. Былі пастаўлены інсцэніраваныя апавяданні Кузьмы Чорнага «Маё дзела цялячае», «Родныя мясціны», аповесць «Насцечка», артыкул «У роднай глушы», п'еса «Базылевічава сям'я». І тут Людміла Ніжэвіч выступае ў многіх іпастасях: і рэжысёр, і сцэнарыст, і касцюмер, і музычны афарміцель. Калі хтосьці не трапіў на спектакль, то яму прапануюць паглядзець у відэазапісе тэатральныя пастаноўкі. У планах — дэманстрацыя мастацкіх стужак, знятых па творах Кузьмы Чорнага. Акрамя таго, пры музеі дзейнічае тэатр фланелеграфіі «Скарбонка прыгажосці», які ставіць казкі для выхаванцаў дзіцячага сада і вучняў малодшых і сярэдніх класаў.

Вядома, наведвальнікі музея цяпер патрабавальныя, іх не здзівіш пастаяннай экспазіцыяй, яны патрабуюць эксклюзіву. Для таго каб прыцягнуць людзей, Людміла Ніжэвіч уводзіць у работу ўстановы інтэрактыўныя элементы.

Пісьменніцкае пасведчанне Кузьмы Чорнага, падпісанае Максімам Горкім.

Напрыклад, на выставе «Мора шуміць» можна намаляваць на марскім пяску прыдуманыя вобразы, паглядзець марскія ракавінкі з шасці мораў. Людміла Іосіфаўна наладзіла музейныя заняткі па ёй, якія з задавальненнем наведваюць усе ахвотныя.

Зараз дзейнічае вельмі цікавая рэтра-выстаўка «Забытыя механізмы», дзе можна ўбачыць рэчы 1920—2000 гадоў: фунтавы бязмен, каляровы ліхтарык, радыёлу з вінілавымі пласцінкамі, комплекс для фотасправы, бабінны і касетны магнітафоны, светлавую ўстаноўку і шмат іншага. Дарэчы, усё ў рабочым стане і наведвальнікам уключаецца паслухаць.

— Выстава цікавая для ўсіх узростаў. Так што запрашаю яе наведаць. І хочацца падзякаваць усім гаспадарам рэчаў, якія перадалі іх музею, асабліва Віктару Лопуху, — сказала Людміла Іосіфаўна.

Музей — гэта культурны і асветніцкі цэнтр, дзе ладзіцца шмат пазнавальных мерапрыемстваў. Гэта музейна-педагагічныя заняткі ў межах праграмы «Ганарыся сваім земляком і ведай пра яго», «Наша спадчына», «Музей і дзеці», сустрэчы з пісьменнікамі, акцыі з работнікамі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Дзяржаўнай аўтаінспекцыі, чыгункі, настаяцелем царквы Мікалая Цудатворца, вечарыны, выставы беларускіх пісьменнікаў, музейныя святы. А 22 лістапада штогод у музеі праходзіць Дзень ушанавання памяці Кузьмы Чорнага.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Скіп'ёўскі лес і Бушылаўская крынічка Кузьмы Чорнага

Выбар рэдакцыі

У свеце

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

У Латвіі ўведзены жорсткі лакдаўн, каб прыпыніць распаўсюджванне COVІD-19.

Эканоміка

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

КДК выявілі 30 злачынстваў па выплаце зарплаты ў канвертах.

Эканоміка

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

 У краіне завяршаецца уборачная кампанія, скончана сяўба азімых культур.