Вы тут

Чым карысная сумесная праца «дзіцячых» і «дарослых» дактароў


У беларускіх мястэчках, дарэчы, нават не паўстае пытанне падзялення на сталых і дзяцей, бо там часцей за ўсё адна паліклініка на ўвесь раён. У сталіцы, між іншым, інтэграваных устаноў аховы здароўя чатыры: 4-я, 10-я, 36-я і 37-я паліклінікі.


Карысныя сумесныя паліклінікі перш за ўсё тым, што «18-гадовыя дзеці», якія пераходзяць ад педыятра да тэрапеўта, псіхалагічна лягчэй адаптуюцца да «дарослага» лячэння. Яны з маленства прывыкаюць і да будынка, і да супрацоўнікаў.

— Акрамя педыятра, астатнія ўрачы ў дзяцей адразу тыя ж, што і ў дарослых. Гэта змешанае аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі, куды дзеткі на фізіяпрацэдуры ходзяць разам з дарослымі пацыентамі. Адны і тыя ж спецыялісты лабараторыі, дзе малыя здаюць аналізы, — кажа Наталля МЫСЛІЎЧЫК, галоўны ўрач 36-й гарадской паліклінікі. — Оталарынголагі, траўматолагі, хірургі ў нас таксама вядуць змешаны прыём. Дзеці ў чарзе разам з дарослымі сядзяць і да іх, і ў кабінеты на ўльтрагукавую дыягностыку. Ім не трэба адаптавацца да новых калідораў і твараў. Да таго ж, той жа хірург у дзіцячай паліклініцы, як правіла, працуе толькі ў адну змену. Калі ў яе не паспеў — прыходзіцца звяртацца ў спецыялізаваны цэнтр. А ў інтэграванай медустанове ўрачы на месцы ўвесь дзень.

Вельмі важны плюс, на думку галоўнага ўрача, наяўнасць траўматолага, якога звычайна няма ў дзіцячых паліклініках. Калі нешта здараецца, малых прыходзіцца вазіць у спецыялізаваныя цэнтры і там жа назірацца. А ў інтэграванай паліклініцы гэты спецыяліст на месцы на працягу рабочага дня. Да таго ж, выйшаў ад яго — і пайшоў на патрэбныя фізіяпрацэдуры на іншы паверх. А не так, што ў адным канцы горада працэдуры атрымліваеш, а ў іншым — ва ўрача назіраешся.

Яшчэ адзін станоўчы момант — сумеснае навучанне ўрачоў і пашырэнне сферы іх ведаў на практычных прыкладах.

— У нас і педыятры, і стаматолагі, і тэрапеўты, і спецыялізаваныя ўрачы ходзяць на адны вытворчыя нарады. Сітуацыі, якія мы разбіраем, і спецыялізаваныя лекцыі, якія наведваем, аказваюцца цікавымі і для дактароў іншых спецыяльнасцяў з пазіцыі жыццёвай практыкі, — упэўнена Наталля Мысліўчык. — Урач павінен глядзець крыху шырэй за межы сваёй спецыялізацыі, тады ў яго лепш атрымліваецца і ўсё астатняе, ён думае. Гэта важна яшчэ і таму, што тая ж артэрыяльная гіпертэнзія маладзее. Інфаркт міякарда здараецца, на жаль, і ў 15-гадовых.

Праца «дзіцячых» і «дарослых» дактароў побач у адной паліклініцы дапамагае нават выкрыць праблемныя сацыяльна-небяспечныя моманты ў сям'і. Напрыклад, нешта падазронае адносна дзіцяці заўважыць тэрапеўт, якога выклікалі да дарослага. Або на прыём да гінеколага прыйдзе нецвярозая цяжарная, здараецца і такое, уздыхае ўрач. Гэтая інфармацыя адразу перадаецца педыятру па тэлефоне, без доўгага афармлення папер і фармальных працэдур. Такі чынам наладжваецца цесная сувязь паміж урачамі розных спецыяльнасцяў.

Так што, пэўна, не трэба спяшацца адразу лаяць тое, што на першы погляд нязручна.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Ста́лы з маленства?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.