Вы тут

Як вярнуць грошы за тавар, куплены ў тэлекраме?


З такой праблемай звярнуўся ў рэдакцыю жыхар вёскі Ліпава Кобрынскага раёна Пётр Васілевіч Бура. Пенсіянер піша, што ўбачыў па тэлевізары рэкламу пластыкавых павелічальных акуляраў «Біг Віжн» і вырашыў іх заказаць.

«Пазваніў у тэлекраму, у лістападзе прыслалі акуляры. Заплаціў за іх амаль 20 рублёў плюс пяць за перасылку. А яны аказаліся дрэнныя, яшчэ горшыя за мае старыя. Я акуляры адправіў назад, зноў на пошце заплаціў за перасылку. Тэлефанаваў у тэлекраму некалькі разоў: абяцаюць, што грошы прышлюць, але іх усё няма», — абураецца Пётр Васілевіч.


Мы звярнуліся ў тую тэлекраму, дзе пенсіянер заказваў акуляры. Там запэўнілі, што ніякай праблемы з вяртаннем платы за тавар у іх няма:

— На працягу тыдня з таго моманту, як атрымліваем пасылку, мы разглядаем зварот і адпраўляем адказ: або замяняем тавар на той, што без дэфекту, або высылаем грошы. Але плата за дастаўку не вяртаецца.

Што да грошай Пятра Васілевіча, то іх яшчэ ў снежні выслалі пенсіянеру на яго паштовае аддзяленне. Суму трэба забраць да 15 студзеня, інакш яе адправяць назад на адрас тэлекрамы.

Дарэчы, на сайце адной з тэлекрам папярэджваюць: калі ў чалавека ёсць праблемы са зрокам (звычайна дальназоркасць), выява пры выкарыстанні акуляраў можа быць размытая. Тады адначасова з гэтымі акулярамі варта выкарыстоўваць тыя, якія карэктуюць зрок. «Біг Віжн» імі не з'яўляюцца: яны проста візуальна павялічваюць прадметы.

Галоўны спецыяліст упраўлення гандлю і паслуг Брэсцкага аблвыканкама Наталля ХІВУК тлумачыць: калі вам прыслалі бракаваны тавар, то звяртайцеся з пісьмовай прэтэнзіяй на адрас прадаўца.

— Грошы за няякасную рэч павінны вярнуць на працягу сямі дзён з моманту атрымання прэтэнзіі. Калі ўзнікаюць спрэчкі і трэба правесці экспертызу, то гэты перыяд павялічваецца да 14 дзён. Прасіць замяніць няякасны тавар ці вярнуць за яго грошы можна, пакуль не скончыўся гарантыйны тэрмін, — каментуе спецыяліст.

Іншая пытанне: ці быў той брак? «Дрэнныя» — паняцце шырокае. Магчыма, чытач проста чакаў большага ад павелічальных акуляраў. Але адмовіцца ад пакупкі ўсё роўна можна, паколькі гэта рэч не ўваходзіць у пералік тавараў належнай якасці, якія нельга вярнуць. Толькі ў гэтым выпадку адправіць пластыкавыя акуляры назад трэба ў тэрмін не большы за 14 дзён з моманту іх набыцця.

— Заказваючы тавар у тэлекраме, пакупнік, вядома, рызыкуе, — лічыць Наталля Хівук. — Вы не бачылі тую рэч, не мералі. Заўсёды ўважліва вывучайце ўмовы куплі і звесткі аб тавары, каб потым нейкая інфармацыя не стала для вас нечаканасцю.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Не падышлі акуляры

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.